Сказаць ці зрабіць?

Дваццаць шостая звычайная нядзеля, год А (28.09.2014)

«Езус сказаў першасвятарам і старэйшынам народу: “Як вам здаецца? У аднаго чалавека былі два сыны. Прыйшоўшы да першага, ён сказаў: «Сыне, ідзі і працуй сёння ў вінаградніку». Але той адказаў: «Не хачу». Аднак пасля, апамятаўшыся, пайшоў. Тады падышоў да другога і сказаў тое самае. Той жа сказаў у адказ: «Іду, гаспадару». І не пайшоў. Каторы з двух выканаў волю бацькі?” Кажуць Яму: “Першы”. Тады Езус сказаў ім: “Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусніцы ідуць перад вамі ў Валадарства Божае. Прыйшоў да вас Ян шляхам справядлівасці, і вы не паверылі яму. А мытнікі і распусніцы паверылі. Вы ж, убачыўшы, не апамяталіся пасля, каб паверыць яму”» (Мц 21, 28–32).

Сказаць ці зрабіць?

Кожны чалавек у сваім жыцці сустракаецца з падзеямі, якія не адпавядаюць яго планам і намерам. Першай, часта міжвольнай рэакцыяй на іх бываюць пратэст, абурэнне, нязгода, таму што новае становішча не ўпісваецца ў звычайны ход падзей; часам проста не хочацца рабіць ніякіх намаганняў. Аднак, калі гэтыя эмоцыі мінаюць, адносіны да непрадбачаных абставінаў могуць змяняцца ў лепшы бок. Чалавек пачынае бачыць у іх нешта карыснае, разумее, што варта і нават неабходна пераадолець сваю ляноту і нежаданне, бо ў гэтых нечаканасцях распазнаецца Божы Провід, Божая воля, якую трэба прыняць і выканаць як мага лепш. Пэўна, так здарылася і з першым сынам з прыпавесці, запісанай святым Мацвеем. Што ж датычыць другога сына, наўрад ці яму сапраўды спачатку хацелася ісці працаваць, а потым гэтае жаданне раптоўна знікла. Хутчэй за ўсё, ці то з «ветлівасці», ці то з жадання добра выглядаць у вачах бацькі, ён нібыта згаджаецца з яго воляй... але на гэтым паслухмянасць заканчваецца, бо намераў яе выканаць не было, як не было і пераканання ў тым, што гэта неабходна. Ды і павага яго да бацькі была чыста знешняй...

Нявыкананае абяцанне нашмат горшае, чым шчырая адмова задаволіць просьбу — з гэтай думкай, напэўна, згодзіцца кожны, каму калінебудзь давалі фальшывую надзею і жорстка падманвалі. Але яшчэ горшая справа — рабіць так у адносінах да Бога, хоць Яго падмануць і немагчыма. «Будзь воля Твая» — гучыць з вуснаў усіх хрысціянаў. Аднак ці не хаваецца за гэтымі словамі вельмі часта стаўленне другога сына да бацькі?

Колькі намінальных хрысціянаў любым коштам імкнецца рэалізаваць уласныя жаданні, не задумваючыся нават, ці згодныя яны з Божай воляй! Адсюль і грэх супраць Духа Святога — поўная закрытасць у адносінах да Бога і дрэнны прыклад для іншых людзей, які выклікае недавер да хрысціянства ў цэлым.

З іншага боку, нельга паддавацца фальшывай альтэрнатыве: «лепш проста быць добрым і сумленным чалавекам, чым кепскім хрысціянінам», нібыта «добры чалавек» і «добры хрысціянін» — несумяшчальныя рэчы. У любым выпадку, без адкрытасці ў адносінах да Бога і без прыняцця Яго волі немагчыма быць да канца добрым. Сапраўднае дабро не існуе без Бога. Больш за тое, добры няверуючы чалавек знаходзіцца ў небяспецы самому вырашаць, што добра, а што дрэнна. Узгадайма, што менавіта гэтым д’ябал спакусіў першых людзей, якія мелі досвед блізкасці з Богам... Што ўжо казаць пра тых, хто нараджаецца з першародным грахом — наступствам непаслухмянасці сваіх прабацькоў.

І дагэтуль людзі, на жаль, больш паддаюцца сваёй ляноце, абмежаванасці, эгаізму, чым слухаюцца Айца Нябеснага. Колькі трэба адвагі і высілкаў, каб усё ж супрацьстаяць спакусам і прыняцца за выкананне Божай волі! Але гэтыя высілкі не застануцца незаўважанымі Тым, хто запрашае нас працаваць у сваім вінаградніку, падтрымае сваёй ласкай і дасць патрэбныя жаданні і моц зрабіць усё, што прывядзе да сапраўднага вечнага дабра. Ён учыніць, каб нашыя справы адпавядалі словам і перакананням.

Айцец Міхал Ермашкевіч OP

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней