Чатырнаццатая звычайная нядзеля, год А (06.07.2014)
«У той час, адказваючы, Езус сказаў: “Праслаўляю Цябе, Ойча, Пан неба і зямлі, што Ты закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям. Так, Ойча, бо так было Табе даспадобы. Усё перададзена Мне Айцом Маім, і ніхто не ведае Сына, апроч Айца; і Айца ніхто не ведае, апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць. Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для сваіх душаў. Бо ярмо Маё прыемнае, і цяжар Мой лёгкі» (Мц 11, 25–30).
Мець пакорнае сэрца
Гэтае самае евангельскае чытанне гучала і ва ўрачыстасць Сэрца Езуса. Сэрцу Езуса ўласціва перадусім пакора і лагоднасць — пра гэта сёння кажа нам Божае слова. Сэрца — сімвал любові. Сэрца — цэнтр чалавечай істоты, гэта воля чалавека, яго думкі і пачуцці. Варта часта і моцна прытуляцца да Сэрца Езуса, якое, будучы Сэрцам чалавека, адначасова з’яўляецца Сэрцам Бога. У гэтым Сэрцы, адкрытым кожнаму чалавеку пасля таго, як яно было прабітае дзідаю на крыжы, знаходзяцца скарбы, сярод якіх — любоў і мудрасць, без якіх у нас не атрымаецца жыць у пакоры і лагоднасці.
Што гэта значыць на практыцы: прытуляцца да Сэрца Езуса? Гэта значыць услухоўвацца ў Яго вучэнне, часта прымаць Яго ў святой Камуніі, знаходзіць час для адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Падчас гэтых трох дзеянняў нашыя сэрцы, нябачным провадам злучаныя з Сэрцам Езуса, ачышчаюцца, і ў іх перадаецца Божая любоў і мудрасць. У «Аповедах» ксяндза Казіміра Вайтовіча ёсць такая прыпавесць:
«Адзін бацька меў страшэнныя клопаты з выхаваннем свайго сына. Юнак і не думаў слухаць парадаў і загадаў бацькі. Школа і вучоба былі для яго сапраўднай катаргай. Найчасцей ён прысвячаў час забавам або наогул нічым не займаўся. Заклапочаны бацька павёў гэтага “складанага” падлетка да аднаго вядомага рабіна, каб той хоць нечым дапамог і даў якую-небудзь параду. Рабін, выслухаўшы справу, сказаў бацьку ісці ў горад і займацца сваімі справамі, а хлопчык у гэты час пабудзе ў яго. Мудрэц, застаўшыся сам-насам з падлеткам, падышоў да яго і прыціснуў ягоную галаву да сваіх грудзей. Прайшло шмат гадоў, і гэты сынок-неслух стаў вялікім рабінам. І пры кожнай магчымасці ён казаў, што тыя гадзіны, праведзеныя ў старога рабіна, былі самымі важнымі для яго выхаванння».
Гэтаксама адбываецца і з нашым жыццём, непакорлівым у адносінах да Бога і бліжняга, як і жыццё таго хлопца. І падобна як сустрэча з вядомым рабінам і час, праведзены ў яго, аказаўся часам, калі жыццё юнака перамянілася, і нашае прабыванне блізка Сэрца Езуса і згода на тое, каб Ён прытуліў нас (падчас чытання Божага слова, у Святой Камуніі і на адарацыі) чыніць так, што нашыя сэрцы з ганарлівых і бунтарскіх становяцца лагоднымі і пакорнымі.
Айцец Раман Шульц OP