Пра кнігу Францішка Зіга SJ «Уваскрослы Пан і веруючыя ў імя Яго» (выдавецтва «Pro Christo», 2014)
Сярод усіх кніг Святога Пісання для многіх з нас самаю незразумелаю і таямнічаю з’яўляецца «Апакаліпсіс святога Яна». «Нават шматлікія апублікаваныя да гэтага часу каментарыі да яе і манаграфіі аказаліся не ў стане здавальняюча растлумачыць гэтую таямнічую кнігу», — піша Францішак Зіг SJ у сваёй працы «Уваскрослы Пан і веруючыя ў імя Яго», якая нядаўна ўбачыла свет у выдавецтве «Pro Christo» ў перакладзе з польскай мовы на рускую, здзейсненым Ірынай Бурак. У кнізе чытачам прапануецца каментарый да першых трох главаў «Апакаліпсіса святога Яна». Як падкрэслівае сам аўтар ва ўступе да рускамоўнага выдання, гэты каментарый «не носіць характару тэарэтычнага тлумачэння, а <...> паказвае з аднаго боку Пана, Хрыста Уваскрослага — Яго тытулы, атрыбуты і ўладу над лакальнымі Касцёламі, а з другога боку — паводзіны людзей, якія вераць у імя Яго» (с. 6).
Кнігай можна карыстацца як змястоўным дапаможнікам пры чытанні Бібліі, умелым кіраўніцтвам да пазнання яе глыбокіх таямніцаў. У кожным раздзеле даецца амаль паслоўнае тлумачэнне пэўнай сэнсавай фразы з «Апакаліпсіса святога Яна». Дзякуючы гэтаму нават у знаёмых і зразумелых паняццях мы можам адкрыць для сябе новыя значэнні. Пры каментаванні таго ці іншага паняцця аўтар часта звяртаецца да арыгінальнага тэксту, тлумачыць кантэкст яго ўжывання і прыводзіць паралельныя месцы са Святога Пісання.
Напрыканцы кожнага раздзела айцец Францішак Зіг прапануе чытачам «малітоўна» замацаваць прачытанае і выканаць некалькі духоўных практыкаванняў.
«Гэтыя каментарыі варта чытаць павольна, невялікімі фрагментамі, даючы сабе час на развагі, а таксама на малітоўны дыялог з Хрыстом Уваскрослым і Святым Духам», — падкрэслівае айцец Францішак. Аўтар засяроджвае ўвагу на пастырскім пасланні, якое святы Ян у канцы І стагоддзя скіраваў да хрысціянскіх супольнасцяў у Малой Азіі. Аднак гэтае пасланне вельмі актуальнае і для нас, сучасных хрысціянаў, бо праз яго мы вучымся разумець, як уваскрослы Хрыстус кантактуе са сваім народам. Мы ж у сваю чаргу павінны зрабіць усё для таго, каб Святое Пісанне стала для нас больш зразумелым і блізкім.
Падрыхтавала Ганна Шаўчэнка.
Кнігу можна набыць у краме «Духоўная кніга»
(г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 25.
Тэл.: 8 (017) 293-17-53).