Пятнаццатая звычайная нядзеля, год С (13.07.2014)
«У той дзень Езус выйшаў з дому і сеў каля мора. І сабралася каля Яго мноства народу, так што Ён увайшоў у човен і сеў, а ўвесь народ стаяў на беразе. Ён шмат гаварыў ім у прыпавесцях, кажучы:
“Вось выйшаў сейбіт сеяць. І калі сеяў, некаторыя зярняты ўпалі пры дарозе, і наляцелі птушкі, і падзяўблі іх. Другія ж упалі на камяністае месца, дзе было мала зямлі, і адразу прараслі, бо зямля была неглыбокая. Аднак, калі ўзышло сонца, яны завялі і таму, што не мелі каранёў, засохлі. А іншыя ўпалі сярод церняў, і выраслі церні, і заглушылі іх. Яшчэ іншыя ўпалі на добрую зямлю і прынеслі плён: адно ў сто разоў, другое ў шэсцьдзесят, а іншае ў трыццаць. Хто мае вушы, няхай слухае”.
І, падыйшоўшы, вучні сказалі Яму: “Навошта Ты гаворыш ім у прыпавесцях?” А Ён адказаў ім: “Таму што вам дадзена пазнаць таямніцы Валадарства Нябеснага, а ім не дадзена. Бо хто мае, таму дадзена будзе, і атрымае ўдосталь, а хто не мае, у таго адымецца і тое, што мае. Таму Я гавару ім у прыпавесцях, бо яны глядзяць, а не бачаць, слухаюць, а не чуюць і не разумеюць. І спаўняецца на іх прароцтва Ісаі, якое кажа:
“Слухаць будзеце, і не зразумееце,
і вачыма глядзець будзеце і не ўбачыце.
Бо абрасло тукам сэрца народу гэтага,
і вушамі з цяжкасцю чуюць,
і вочы свае заплюшчылі,
каб не ўбачыць вачыма, і не зразумець сэрцам, і не навярнуцца,
каб Я вылечыў іх”.
Але шчаслівыя вочы вашыя, таму што бачаць, і вушы вашыя, таму што чуюць. Бо сапраўды кажу вам: многія прарокі і справядлівыя хацелі ўбачыць тое, што вы бачыце, і не ўбачылі, і пачуць, што вы чуеце, і не пачулі!
Вы ж паслухайце значэнне прыпавесці пра сейбіта. Да кожнага, хто слухае слова пра Валадарства, а не разумее, прыходзіць злы і крадзе пасеянае ў сэрцы яго; вось каго азначае пасеянае пры дарозе. А пасеянае на камяністых месцах — гэта той, хто чуе слова і адразу прымае яго з радасцю, але не мае ў сабе кораня і нясталы. Калі за слова настане ўціск ці пераслед, ён адразу спакушаецца. Пасеянае ж у церні — гэта той, хто чуе слова, але турботы гэтага веку і зман багацця заглушаюць слова, і яно становіцца бясплодным. Пасеянае ж на добрай зямлі — гэта той, хто чуе слова і разумее, і прыносіць плён, адзін у сто разоў, другі ў шэсцьдзесят, а іншы ў трыццаць”». (Мц 13, 1–23)
Вялікая надзея
Часта прыпавесць пра сейбіта асацыюецца з няўдачай. Здаецца, што большасць раскіданага зерня не прыносіць плёну: яго дзяўбуць птушкі, яно трапляе на камяністую глебу, яго заглушае церне. Толькі некаторыя зярняты прыносяць плён. Але пан Езус распаўсюджвае не песімістычныя настроі, а Добрую навіну. Нягледзячы на ўсе недахопы і няўдачы плён будзе вялікі. Яго велічыню вызначаюць не цяжкасці, а Бог, чыя ўсемагутнасць з’яўляецца гарантам.
Прыпавесць пра сейбіта дае мне надзею. Чытаючы яе, я ведаю, што гэта я — той, хто слухае і не разумее, той, хто не мае карэння, з’яўляецца нясталым. Гэта мае штодзённыя турботы вырываюць Слова Жыцця. Я ведаю, што не выкарыстоўваю ў поўні Божай ласкі. Я страціў шмат з таго, што атрымаў. Але Бог можа ўчыніць мяне жыццядайнай глебай, Бог можа зрабіць так, каб нягледзячы ні на што я прынёс багаты плён. Плён, які сваёю шчодрасцю пакрые ўсе мае недахопы. У Богу мая надзея. Гэта Ён, а не мае слабасці, паўплывае на тое, каб маё жыццё прынесла плён.
Айцец Крыштаф Коц’ян OP