Апокрыфамі называюць габрэйскія і раннехрысціянскія пісанні, паходжанне якіх невядомае ці выклікае сумненні, альбо якія проста адрозніваюцца ад паўсюдна прынятага вучэння, і якія Касцёл не прызнаў «натхнёнымі» кнігамі. Існуюць падабенствы паміж кананічнымі тэкстамі і апокрыфамі: асоба ўяўнага аўтара, тэматыка, сюжэт апавядання, біблійныя літаратурныя жанры. Нягледзячы на гэта, апокрыфы ніколі не ўключаліся ў афіцыйны збор святых кніг.
Грэцкі тэрмін «apokryphos» (ад дзеяслова «apokrypto» — утойваць) у эліністычных язычніцкіх рэлігіях і філасофскіх сістэмах азначаў кнігу, у якой заключаны таямнічыя, эзатэрычныя веды, недаступныя для непасвячоных. «Biblos apokryphos», якая ўтрымлівала таямнічыя веды, старанна хавалі і пільнавалі, каб яна не трапіла ў рукі шырокіх колаў грамадства, што карысталася агульнадаступнымі кнігамі.
Падобныя кнігі былі і ў габрэяў — яны называлі іх genudim. Так акрэсліваліся біблійныя кодэксы, якія з-за памылак, дапушчаных перапісчыкамі, пашкоджанняў альбо зношанасці ў выніку доўгачасовага карыстання выдаляліся з агульнага ўжывання і захоўваліся ў скарбніцы — genizah.
Апакрыфічныя пісанні, што ўзніклі ў палестынска-габрэйска-эліністычных асяродках, былі тым звяном, што звязвала тэалагічную думку Старога і Новага Запаветаў. Да нядаўняга часу апокрыфы недаацэньваліся з прычыны непраўдападобных гістарычных звестак, якія яны ўтрымлівалі, альбо з-за фантастычных абстрактных высноваў. Пра папулярнасць апокрыфаў сярод хрысціянаў сведчаць шматлікія іх апрацоўкі, рэцэнзіі і пераклады. Новае святло на гэтыя помнікі старажытнай пісьменнасці пралілі тэксты, знойдзеныя ў 11-ці гротах у мясцовасці Кумран і да гэтага часу яшчэ не апублікаваныя.
Існуе шмат апакрыфічных аповесцяў Старога Запавету. З найбольш цікавых варта назваць, напрыклад, «Кнігу Юбілеяў», у якой апісана гісторыя Ізраэля з самага пачатку да часоў Майсея; «Кнігу Ездры»; «Кнігу Макабэяў», у якой апісваецца цудоўнае ацаленне габрэяў у Егіпце, ці «Запавет Ёва», дзе апісаны цярпенні і смерць Ёва.
З апакрыфічных пісанняў, якія растлумачваюць канцэпцыю і пастулаты Старога Запавету, варта назваць «Запаветы Дванаццаці Патрыярхаў» — маральныя настаўленні Якуба яго сынам, а таксама прароцтвы адносна будучых лёсаў іх патомства.
Да гэтай групы пісанняў адносяць таксама «Псальмы Саламона», «Малітву Манасіі», «Чацвёртую Кнігу Макабэяў» альбо «151 Псальм».
З кніг апакрыфічнага характару вылучаюцца «Унебаўзяцце Майсея», «Апакаліпсіс Баруха», «Апакаліпсіс Аўраама», «Кніга Іллі», «Апакаліпсіс Эзэхіэля» і іншыя.
У хрысціянскай Царкве апокрыфамі пачалі называць кнігі, якія не дазвалялася чытаць падчас літургічных сходаў. Публічна чыталіся толькі кананічныя (ці «натхнёныя») кнігі, апокрыфамі ж пачалі называць усе некананічныя творы.
У апокрыфах часта выкладаліся памылковыя погляды, якія датычылі як дактрыны, так і маральнасці. Дайшло да таго, што аўтары некаторых несапраўдных пісанняў пачалі выдаваць сябе за апосталаў.
Так узнікла «Евангелле Тамаша», «Евангелле Піліпа», а таксама «Евангеллі» Мацвея, Пятра, Яна, Барталамея і нават Юды.
Некаторыя тэксты з цягам часу былі ачышчаныя ад розных ухілаў ад паўсюдна прынятага вучэння Касцёла і пачалі распаўсюджвацца самімі хрысціянамі. Многія з раннехрысціянскіх пісьменнікаў, напрыклад, Тэртуліян, Клімент Александрыйскі і асабліва Арыген, настойліва ўказвалі на неадпаведнасць зместу некаторых апокрыфаў сапраўднаму хрысціянскаму вучэнню.
Аднак трэба адзначыць, што шматлікія апакрыфічныя кнігі, напрыклад, «Евангелле паводле Габрэяў» альбо «Протаевангелле Якуба», пісаліся з добрымі намерамі. Іх аўтары жадалі данесці да людзей розныя павучальныя настаўленні, якія, на іх думку, павінны былі спрыяць умацаванню веры. Аўтары імкнуліся «дапоўніць» Новы Запавет, г. зн. апісаць тыя здарэнні, пра якія не гаворыцца ў Евангеллях.
Часам аўтары апакрыфічных тэкстаў хацелі «выправіць» Евангелле альбо нешта дадаць да яго і таму спасылаліся на таямнічыя аб’яўленні.
Добры змест такога тыпу апокрыфаў, а таксама іх аскетычна-маральныя каштоўнасці паспрыялі таму, што некаторыя з іх (напрыклад, «Малітва Манасіі» альбо «3-4 Кнігі Ездры») былі змешчаны ў сікстынска-клімэнтыйскім выданні вульгаты (дадатак да Новага Запавету).
У рымскай літургіі таксама ёсць шматлікія апакрыфічныя тэксты, якія маюць на мэце схіліць нас да больш глыбокага разважання над жыццём Езуса, Марыі ці Апосталаў.
У апокрыфах, акрамя ўзвышанага і глыбокага сэнсу, можна часта сустрэць апісанні легендарнага і амаль казачнага характару. Аўтары некаторых з гэтых твораў вызначаюцца незвычайнай вынаходлівасцю і праводзяць сваіх герояў праз непраўдападобныя сітуацыі і прыгоды (напрыклад, «Дзеі св. Андрэя сярод людаедаў»). Гэтыя апісанні даволі часта напоўнены шматлікімі цудамі, ці хутчэй нават дзівацтвамі. Ананімныя аўтары кіраваліся найбольш высакароднымі мэтамі: пры дапамозе сваёй пісьменніцкай фантазіі яны імкнуліся дадаць хвалы постацям, вядомым з Адкрыцця, часам толькі пайменна, і адначасова схіліць людзей да наследавання іх справаў і цнотаў.
Ужо ў канцы ІІ ст. Ірэнэй з Ліёна пісаў, што існуюць толькі чатыры сапраўдныя Евангеллі — ні больш, ні менш. На працягу вякоў Касцёл пільна сачыў за апакрыфічнымі кнігамі і, каб захаваць чыстае вучэнне Езуса Хрыста, асуджаў тыя з іх, якія імкнуліся прытушыць Боскае паходжанне хрысціянскай веры. Тое, што ў апакрыфічных пісаннях адпавядала веры і традыцыі, Касцёл пакінуў для ажыўлення веры сваіх вызнаўцаў.
Ян Урыга
Тэкст падрыхтавала паводле «Каталіцкай энцыклапедыі»,
т. І, с.758–765 Таццяна Мухляда.

