Без нядзельнай cвятой Імшы немагчыма паспяхова рэалізаваць сваё жыццё

«Sine dominiсo non possumus!» — «Без дару Пана, без дня Панскага мы не можам жыць». Так у 304 годзе адказалі хрысціяне з Абітэна (сённяшні Туніс), схопленыя на цэлебрацыі нядзельнай Літургіі, якая была забаронена. Іх паставілі перад суддзёю і спыталі, чаму яны здзяйснялі ў нядзелю хрысціянскі рэлігійны абрад, ведаючы, што ён караецца смерцю.

«Sine dominiсo non possumus». У слове «dominiсo» непарыўна звязаны два значэнні, адзінства якіх мы зноў павінны навучыцца бачыць.  Гэта перш за ўсё дар Пана — Ён сам, Уваскрослы, з якім хрысціянам неабходны кантакт і блізкасць для таго, каб быць сабою. Аднак гэта кантакт не толькі духоўны, унутраны, суб’ектыўны: сустрэча з Панам ажыццяўляецца ў часе ў канкрэтны дзень. І такім чынам упісваецца ў нашае рэальнае жыццё, фізічнае і грамадскае, якое працякае ў часе. Яна дае нашаму часу, а значыць, і нашаму жыццю як цэласнасці, цэнтр, нейкі ўнутраны парадак.

Для тагачасных хрысціянаў нядзельная эўхарыстычная цэлебрацыя была не проста наказам, а ўнутранаю патрэбаю. Без Таго, хто падтрымлівае нашае жыццё сваёй любоўю, само па сабе жыццё пустое. Занядбанне гэтага цэнтра альбо здрада яму пазбаўляе жыццё яго асновы, яго ўнутранай годнасці  і хараства.

Ці мае значэнне для нас, сённяшніх хрысціянаў, пазіцыя хрысціянаў тагачасных? Так, яна датычыць і нас. Нам патрэбна сувязь з Тым, хто з’яўляецца для нас апораю і надае нашаму жыццю кірунак і сэнс. Нам таксама патрэбны кантакт з Уваскрослым, які падтрымлівае нас нават пасля смерці. Нам патрэбна сустрэча, якая яднае нас, дае прастору для свабоды, дазваляе нам па-за актыўнасцю штодзённага жыцця спазнасць творчую любоў Бога, з якога мы паходзім і да ягога ідзём.

Папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней