Святасць, пазбаўленая дасягненняў і славы

Усе мы добра знаёмыя з цудатворным медальёнам Беззаганнай Дзевы Марыі. На адным баку гэтага медальёна адлюстравана Маці Божая, з рук якой сыходзяць ззяючыя прамяні — сімвал шчодрых Божых ласкаў; на другім баку — літара «М» і Сэрцы Марыі і Езуса. Пры чытанні Ружанца мы таксама часта паўтараем словы: «О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае». Аднак вельмі мала хто з нас ведае пра паходжанне гэтага цудатворнага медальёна і гэтай кароценькай малітвы, якая, дарэчы, таксама змешчана на медальёне вакол выявы Маці Божай. Чаму менавіта такая выява адлюстравана на ім? Калі ён узнік і хто стаяў ля вытокаў стварэння гэтага цудатворнага медальёна? І якія падзеі суправаджалі яго распаўсюджванне па ўсім свеце. Сама Маці Божая паабяцала ў 1830 г.: «Той, хто будзе з вераю яго насіць, асабліва на шыі, атрымае вялікія ласкі». Дык чаму б нам не даведацца больш падрабязна пра гэтае абяцанне і пра жанчыну-манашку, якая па просьбе Маці Божай перадала нам яго?

Найбольш просты і правільны шлях дазнацца пра гэта — прачытаць кнігу французскага святара і пісьменніка Рэнэ Ларантэна «Жыццё Катрын Лябурэ». Сёлета ў выдавецтве «Pro Christo» пабачыла свет другое яе выданне (першае выйшла ў 2007 г.). Менавіта святой Катрын Лябурэ (1806–1876), манашцы з Кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці св. Вінцэнта дэ Поля, у 1830 г. аб’явілася Маці Божая і папрасіла вычаканіць медальён паводле абраза, які Катрын убачыла падчас аб’яўлення. Кніга Р. Ларантэна мае біяграфічны характар. Жыццё святой Катрын апісваецца ў ёй на фоне гістарычных падзей, якія ў той час адбываліся ў Францыі, і на аснове дакументаў той эпохі. Лісты, напісаныя сястрой Катрын родным і блізкім, успаміны і сведчанні людзей, якія добра ведалі яе, матэрыялы  з архіву кангрэгацыі — усё гэта ўмела выкарыстана аўтарам у мастацкай абалонцы тэксту.

На першым плане гэтага падрабязнага аповеду — духоўнае жыццё Катрын ад яе першых крокаў да Бога да адыходу ў вечнасць. Аўтар спрабуе рэалістычна глядзець на гераіню сваёй кнігі, паказваючы яе духоўныя змаганні не толькі са знешнім светам, але і са сваім уласным характрам. У прадмове да кнігі нездарма падкрэсліваецца: «...Яна была беднай, простай жанчынай, сялянкай. Падобна да таго, як гэта было з Бернадэтай Субіру, яна расчароўвала тых, хто хацеў бы, каб празорца была больш „містычнаю“. Містыцызм Катрын заключаўся ў евангельскай прастаце, яснасці. Святы Дух адраджаў у ёй сапраўдную евангельскую святасць — святасць бедных, пазбаўленую дасягненняў і славы, менавіта такую, якая вельмі патрэбная ў нашыя дні».

Тым не менш містычнаму жыццю святой аўтар надае ў кнізе вельмі шмат увагі. У многіх выпадках ён «дае слова» самой Катрын, прыводзячы вытрымкі з яе нататкаў і паказваючы, што сіла і таямніца гэтай незвычайнай жанчыны — у яе адкрытасці, шчырасці і адданасці Богу. Тая, якая атрымала вялікія ласкі праз рукі Беззаганнай Марыі, вучыць таксама нас прымаць іх і прыносіць багаты плён у сваім жыцці.

Спадзяемся, што гэтая кніга для многіх чытачоў стане адным з прамянёў Божай ласкі, якія Маці Божая абяцала спасылаць на тых, хто з даверам аддаецца Яе апецы.

Ганна Шаўчэнка

Кнігу можна набыць у краме «Духоўная кніга»
(г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 25. Тэл.: 8 (017) 293-17-53).

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней