Перажыві годна

Каталіцкі Касцёл вызнае веру ў жыццё пасля смерці і ўваскрашэнне цела, і тое, што дзякуючы нашаму супольнаму ўдзелу ў жыцці Хрыста мы складаем адно святое цэлае, а заслугі адных могуць прынесці дапамогу іншым.

1 лістапада — урачыстасць Усіх Святых

Гэта дзень, калі мы ўшаноўваем шматлікіх святых, якія правялі сваё жыццё ў цішыні, імёны якіх Касцёл не вынес і не вынесе на алтары, але якія сваім жыццём заслужылі вечнае шчасце перад Богам. Урачыстасць Усіх Святых вядомая ва Усходнім Касцёле з ІV ст. У Заходнім Касцёле супольны культ святых распачаўся ад пасвячэння старадаўняга Пантэона на касцёл Божай Маці і ўсіх святых мучанікаў. Гэта адбылося 13 мая 608 года. Больш за два вякі гэта дата была днём урачыстасці для ўшанавання Усіх Святых. У 865 г. папа Грыгорый ІV перанёс гэтую ўрачыстасць на 1 лістапада. Літургія ў гэты дзень мае радасны характар, поўны даверу да моцы і сілы Бога.

2 лістапада — успамін усіх памерлых вернікаў

У Грэцыі і Рыме жалоба трывала 9 альбо 30 дзён. Трэці, дзявяты і трыццаты дні былі спецыяльнымі днямі, прысвечанымі памерлым. Устанаўленне літургіі дня ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў на наступны дзень пасля ўрачыстасці Усіх Святых мае глыбокі сэнс. Ушанаваўшы трыумф тых, якія ўжо ўвайшлі ў хвалу Бога, Касцёл успамінае душы ў чыстцы, якія чакаюць паратунку і спадзяюцца на моц малітваў жывых, а перадусім на вынікі ахвяры святой Імшы. Гэта свята ўвёў абат бэнэдыктынаў з Клуні — св. Адылон у 998 г. Звычай хутка ўкараніўся ва ўсім Касцёле. Урачыстасць Усіх Святых, як і дзень задушны цесна звязаны з традыцыяй наведвання могілак, ускладання кветак і запальвання свечак. У дзень задушны пасля галоўнай святой Імшы адбываецца жалобная працэсія за памерлых (вакол ці ўнутры касцёла альбо на могілках).

Падрыхтавала Іна Ламака.
Паводле: «Аve Maria», № 11(66) 2000

Цэтлікі: Традыцыі

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней