Палёгка для душаў

Успамін усіх памерлых вернікаў
Трыцаць першая звычайная нядзеля, год А (2.11.2014)

«Езус сказаў сваім вучням: “Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верыце ў Бога і ў Мяне верце. У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы вам, што іду падрыхтаваць месца для вас. І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я. А дарогу, куды Я іду, вы ведаеце”. Кажа яму Тамаш: “Пане, не ведаем, куды ідзеш. Як жа можам ведаць дарогу?” Езус сказаў яму: “Я — дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне”» (Ян 14, 1–6).

Палёгка для душаў

Я хацеў бы прывесці прыклад з кнігі пра святога айца Піо, капуцына, каб прадэманстраваць экзістэнцыяльнае вымярэнне праўды веры пра чысцец.

«Ксёндз з Італіі айцец Сальваторэ даведаўся, што памерлага ксяндза Джаванні, які да яго быў пробашчам той парафіі, бачылі пасля смерці, нібыта ён на працягу ўсёй святой Імшы кленчыў за алтаром. Таксама яго бачыла ў іншым касцёле ў той жа мясцовасці жонка сакрыстыяніна, якая пайшла туды, каб званіць у званы перад Імшой. Адчыніўшы дзверы касцёла, яна ўбачыла, як ксёндз кленчыць на прыступках каля галоўнага алтара. Жанчына ўважліва прыгледзелася да фігуры і зразумела, што гэта быў менавіта памерлы пробашч. Вельмі ўсхваляваная і спужаная, яна пабегла ў сваю парафію распавесці мужу пра тое, што бачыла. Айцец Піо таксама бачыў, як ксёндз кленчыць у тым касцёле, але паколькі фігура стаяла тварам да алтара і добра разгледзець яе было яму немагчыма, айцец Піо не звярнуў вялікай увагі на гэтае здарэнне, думаючы, што гэта быў нейкі іншы ксёндз, заглыблены ў малітву. Ксяндза Джаванні бачылі прыблізна на працягу месяца. У апошні раз памерлы ксёндз сказаў свайму цяперашняму наступніку: “Сальваторэ, цяпер я цябе пакідаю і ўжо не вярнуся. Як жа мне было страшна і як дорага мне каштаваў удзел у «працэсіі Божага Цела» пасля святой Імшы без адпаведнай падзякі”. Ксёндз Сальваторэ сам высветліў, што меў на ўвазе памерлы проашч. Усе жыхары мястэчка ведалі, што ксёндз Джаванні быў пабожным святаром, дабрадушным чалавекам, але няўважліва ставіўся да акту падзякі Пану Богу пасля святой Імшы. Звычайна адразу пасля літургіі ён выходзіў з касцёла і пачынаў размову з аптэкарам або нейкім іншым знаёмым пра палітыку або апошнія навіны. Кажучы «працэсія Божага Цела», ён меў на ўвазе, што адразу пасля святой Імшы эўхарыстычныя постаці не былі яшчэ засвоеныя арганізмам, заставаліся яшчэ некранутымі, таму яго цела было своеасаблівай жывой манстранцыяй, таму ён павінен быў палаць любоўю да Езуса ў Эўхарыстыі, а не весці са знаёмцамі прыемныя гутаркі, гэтым самым не даючы добрага прыкладу людзям. За такія паводзіны пасля смерці ён трапіў у чысцец. Айцец Піо сваімі гарачымі малітвамі скараціў для пабожнага пробашча час яго справядлівага пакарання і пазбавіў яго ад чыстцовых пакутаў. <...>

Айцец Піо быў вельмі адданы чыстцовым душам. У сваім лісце да іншага капуцына айца Бенедэтта, яго духоўнага кіраўніка, ад 29 лістапада 1910 года, за некалькі месяцаў да свайго святарскага пасвячэння айцец Піо піша: «Ужо доўгі час я адчуваю патрэбу аддаць сябе Пану ў ахвяру за няшчасных грэшнікаў і за душы чыстцовыя. Гэтае жаданне ўсё мацней расце ў маім сэрцы, так моцна, што цяпер яно ператварылася ў нейкае няўрымслівае прагненне. Я сапраўды шмат разоў даваў Пану падобныя абяцанні, молячы Яго паслаць на мяне кары, падрыхтаваныя для грэшнікаў і для душаў, якія павінны ачысціцца, і каб нават у сто разоў пабольшыў гэтыя пакуты, абы толькі навяртаць і збавіць грэшнікаў і хутка прыняць у рай душы з чыстца. Але цяпер я хачу з твайго дазволу аднавіць сваю ахвяру. Мне здаецца, што Пан Езус хоча менавіта гэтага» (Ліст 1, 206).

Гэты хвалюючы прыклад і прагненне айца Піо заклікаюць нас паразважаць над сваім удзелам у Эўхарыстыі, якая з’яўляецца «крыніцаю і вяршыняю» хрысціянскага жыцця, і дапамагаць душам чыстцовым. У гэтым годзе дзень малітвы за ўсіх памерлых вернікаў прыпадае на нядзелю, калі мы прымаем удзел у святой Імшы. Давайце не будзем забывацца даўжэй дзякаваць Хрысту, прымаючы Яго ў сэрца. Памятайма таксама пра тое, што ў лістападзе, асабліва ў першыя восем дзён месяца, Касцёл заклікае нас горача маліцца за памерлых. За наведванне могілак з 1 да 8 лістапада і малітву за памерлых можна атрымаць поўны адпуст, які можна за іх ахвяраваць. Для гэтага трэба выканаць звычайныя ўмовы: быць у стане ласкі, прыняць святую Камунію, памаліцца ў інтэнцыях святога Айца і быць вольным ад прывязанасці да граху (калі не ўсе ўмовы выкананыя, мы атрымліваем частковы адпуст).

Адпуст — гэта цудоўны дар для душаў, якія пакутуюць у чыстцы і чакаюць нашай малітвы. Ён з’яўляецца не толькі дарам для памерлых, але і заклікам да жывых вернікаў, каб няспынна навяртацца — не быць прывязанымі да граху, жыць у еднасці з Хрыстом — часта прыступаць да святой Камуніі. Апроч таго, малітва ў інтэнцыях Папы мае паўсюдны характар, бо такім чынам мы молімся ў інтэнцыі самых складаных справаў свету і Касцёла. Такім чынам, адпуст — гэта не забабон, адкінуты і зняважаны Марцінам Лютэрам на падставе асобных нядобрых праяваў. Калі перажываць адпуст адпаведна з вучэннем Касцёла, гэтую практыку можна параіць усім, хто па прыкладзе айца Піо жадае падтрымаць тых, хто ўжо пакінуў гэты свет.

Падрыхтаваў айцец Раман Шульц OP
на падставе кнігі ксяндза Марчэла Сандзіёнэ «Айцец Піо і душы чыстцовыя».


Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней