Трыцаць трэцяя звычайная нядзеля, год А (16.11.2014)«Езус расказаў сваім вучням гэтую прыпавесць: «Пэўны чалавек, ад’язджаючы, паклікаў сваіх слугаў і даручыў ім сваю маёмасць. Аднаму даў пяць талантаў, другому — два, іншаму — адзін; кожнаму паводле іхніх магчымасцяў, і ад’ехаў. Той, які атрымаў пяць талантаў, пайшоў і пусціў іх у абарот, і зарабіў яшчэ пяць. Таксама і той, які атрымаў два, зарабіў яшчэ два. А той, які атрымаў адзін, пайшоў і закапаў яго ў зямлю, і схаваў срэбра свайго гаспадара. Па доўгім часе прыйшоў гаспадар слугаў гэтых і пачаў патрабаваць ад іх рахунку. Той, які атрымаў пяць талантаў, падышоў і прынёс яшчэ пяць талантаў і сказаў: «Гаспадар, пяць талантаў ты даў мне, вось яшчэ пяць талантаў я зарабіў на іх». Гаспадар ягоны сказаў яму: «Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго». Падышоў таксама і той, які атрымаў два таланты, і сказаў: «Гаспадар, два таланты ты даў мне, вось яшчэ два таланты зарабіў я». Гаспадар ягоны сказаў яму: «Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго». Падышоў і той, які атрымаў адзін талант, і сказаў: «Гаспадар, я ведаў, што ты чалавек жорсткі, жнеш там, дзе не сеяў, і збіраеш там, дзе не рассыпаў. Таму, пабаяўшыся, я пайшоў і схаваў талант твой у зямлю. Вось вазьмі сваё». Гаспадар жа ягоны сказаў яму ў адказ: «Нягодны і лянівы слуга! Ты ведаў, што я жну там, дзе не сеяў, і збіраю там, дзе не рассыпаў. Таму трэба было табе аддаць срэбра маё банкірам, а я, прыйшоўшы, атрымаў бы сваё з выгадай. Таму забярыце ў яго талант і дайце таму, хто мае дзесяць талантаў. Бо кожнаму, хто мае, будзе дадзена і памножыцца. А ў таго, хто не мае, будзе забрана і тое, што мае. А бескарыснага слугу выкіньце вон у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў» (Мц 25, 14–30).
Скаваны страхам
Адзін чалавек набыў вялікі каштоўны дыямент і вырашыў зрабіць з яго завушніцы для жонкі. Ён пайшоў да вядомага ювеліра, каб той разбіў камень. Майстар адмовіў яму, сказаўшы: «Я часта бачыў, як падчас разбівання дыямент крышыцца на дробныя кавалачкі. Я не магу ісці на такую рызыку з гэтым каштоўным каменем». Гаспадар каменя звярнуўся ў іншую майстэрню і атрымаў такі самы адказ. Нарэшце ён знайшоў маленькую нікому не вядомую майстэрню і калі там папрасіў разбіць дыямент напалову, майстар з абыякавым выразам твару паклікаў вучня, даў яму каштоўны камень і загадаў разбіць яго на дзве часткі. Гаспадар дыямента запытаўся ў майстра: «Чаму вядомыя ювеліры баяліся разбіваць камень, а ты не толькі на гэта згадзіўся, але і даверыў гэтую справу вучню?». А той адказаў: «Я таксама пабаяўся за гэта ўзяцца, але мой вучань яшчэ вельмі малады і толькі пачынае ў мяне працаваць. Ён ніколі не бачыў, як дыямент рассыпаецца ў друзгі, калі яго спрабуюць разбіць напалову. Таму я ведаў, што ў яго рука не задрыжыць».
Сёння Пан Езус распавядае нам пра слугаў, якім гаспадар даверыў сваю маёмасць. Адзін слуга атрымаў пяць талантаў срэбра (гэта вельмі вялікія грошы) і зарабіў яшчэ пяць, гэтак жа і другі слуга падвоіў атрыманую ад гаспадара суму. А трэці закапаў скарб у зямлю і нічога з ім не рабіў. Мяне вельмі ўражвае тое, як трэці слуга тлумачыць свой учынак. Яго досвед, і сапраўдны, і ўяўны, звязаў яму рукі. Ён ва ўсім бачыць пагрозу, бачыць зло ў сваім гаспадары і зло, якое можа з ім здарыцца. І ад страху нічога не жадае рабіць. Якая знаёмая сітуацыя! Як часта страх ляжыць у аснове нашай ляноты, як часта страхі не дазваляюць нам жыць поўным жыццём! Часта мы не жадаем карыстацца сваімі талентамі і дарамі, каб нішто злое нас не закранула. Мы не дазваляем Богу чыніць дабро з нашай дапамогай, жывём, абапіраючыся на страх, а не на любоў.
Мы зможам вылечыцца, зразумеўшы, хто стаіць за намі. Той лайдак-слуга бачыў жорсткага і неміласэрнага гаспадара. А каго бачу я? Бога, для якога я нічога не значу, які жадае толькі пакараць мяне? Тады сапраўды ёсць чаго баяцца. Але гэта несапраўдны вобраз. Пан Езус паказвае нам Бога, які бязмежна нас любіць, няспынна клапоціцца пра нас, прабачае і аздараўляе, Бога, які кажа: «Не бойся, Маё дзіцятка». Паверыўшы, што Ён сапраўды такі і заўжды стаіць за намі, мы ступім на шлях, які пазбавіць нас ад страху і дазволіць выкарыстаць атрыманыя дары і адказваць на выклікі, што перавышаюць нашыя сілы. Гэта магчыма, таму што Бог заўжды з намі.
Айцец Крыштаф Коц’ян ОР