Урачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, год А (23.11.2014)«Езус сказаў сваім вучням: Калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй і ўсе анёлы з Ім, тады сядзе на троне славы сваёй. I сабраныя будуць перад Ім усе народы, і Ён аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў. І паставіць авечак праваруч, а казлоў — леваруч. Тады скажа Валадар тым, хто праваруч Яго: “Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету. Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне”. Тады адкажуць Яму справядлівыя: “Пане, калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасмяглым і напаілі? Калі мы бачылі Цябе падарожным і прынялі, ці голым і апранулі? Калі мы бачылі Цябе хворым ці ў вязніцы і прыйшлі да Цябе?” I Валадар скажа ім у адказ: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”. Тады скажа і тым, хто леваруч Яго: “Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным. Бо Я быў галодны, і вы не далі Мне есці; прагнуў, і вы не напаілі Мяне; быў падарожным, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне; быў хворы і ў вязніцы, і вы не адведалі Мяне”. Тады і яны адкажуць Яму: “Пане, калі мы бачылі Цябе галодным ці сасмяглым, ці падарожным, ці голым, ці хворым, ці ў вязніцы, і не ўслужылі Табе?” А Ён скажа ім у адказ: “Сапраўды кажу вам: чаго вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, таго не зрабілі Мне”. І гэтыя адыдуць на вечнае пакаранне, а справядлівыя — да вечнага жыцця» (Мц 25, 31–46).
Найперш міласэрнасць
Каб увайсці ў Божае Валадарства, трэба быць міласэрным — такая асноўная думка сённяшняга евангельскага ўрыўка. Пан Езус удакладняе, што міласэрнасць датычыць у першую чаргу ўсяго таго, што забяспечвае нармальнае жыццё і дзейнасць чалавека, пачынаючы ад элементарных натуральных патрэбаў у ежы, пітве, вопратцы і заканчваючы адпачынкам, здароўем, вольнасцю. У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла да ўчынкаў міласэрнасці, названых Хрыстом, дадаецца пахаванне, і падрэсліваецца, што і пасля смерці трэба шанаваць чалавечае цела, пакліканае ў вечнасці ізноў злучыцца з несмяротнай душой. Таму ў Катэхізісе называюцца таксама і міласэрныя ўчынкі для душы. І хоць на старонках Святога Пісання мы не знойдзем іх пералічанымі ў адным месцы так, як учынкі міласэрнасці для цела, але ўсё жыццё і навучанне Пана Езуса гавораць пра іх. Так, Збаўца настаўляў грэшнікаў, вучыў, даваў добрыя парады, суцяшаў, цярпліва зносіў асабітыя знявагі і дараваў несправядліва нанесеныя Яму крыўды, беручы моц для гэтага з цеснага паяднання з Айцом Нябесным праз малітву.
Менавіта гэтая малітоўная духоўная сувязь з Богам — крыніца сапраўднай міласэрнасці. Вартасць нашых учынкаў залежыць ад таго, наколькі звыштануральнымі, аднесенымі да Бога з’яўляюцца іх матывы. Добрыя ўчынкі, за якія мы чакаем ад людзей матэрыяльнай ці маральнай узнагароды — менш дасканалыя, чым тыя, за якія мы не спадзяемся пачуць нават звычайнага «дзякуй» (гэта не датычыць прафесійнай дзейнасці і выхаваўчых момантаў). Фармалізм таксама нішчыць духоўныя плады дзейнасці, пра што павінны памятаць адпаведныя арганізацыі.
З іншага боку, фальшываю будзе духоўнасць, якая не лічыцца з асноўнымі патрэбамі чалавека, бо іх абмежаванне без уласнага ўнутранага пераканання і імператыву можа расчараваць і адштурхнуць ад духоўных справаў. Напрыклад, пост, да якога чалавека змусілі, адабраўшы ежу, не прынясе духоўнай карысці нікому, хіба што пазбаўлены ежы знойдзе ў сабе сілы ахвяраваць гэтую крыўду Богу. Але гэтага ён не будзе ў стане зрабіць без папярэдняй духоўнай падрыхтоўкі. Пан Езус вучыць нас быць людзьмі; Ён сам стаў Чалавекам, каб Яго навучанне гучала больш пераканаўча. Ён разумее нашыя сапраўдныя патрэбы і вучыць адрозніваць іх ад надуманых, якія часцей за ўсё і з’яўляюцца прычынаю недахопу міласэрнасці і перашкодаю на шляху да Нябеснага Валадарства. Наш абавязак — знайсці гармонію паміж матэрыяльным і духоўным, якая пачынаецца менавіта з адкрытасці на патрэбы бліжніх, здольнасці стаць на месца іншых людзей і ўвайсці ў іх сітуацыю, не забываючыся пры гэтым пра канчатковую мэту нашага зямнога жыцця.
Айцец Міхал Ермашкевіч ОР