У тваім жыцці ёсць сэнс

Першая нядзеля Адвэнту, год В (30.11.2014)

«Езус сказаў сваім вучням: “Глядзіце, чувайце, бо не ведаеце, калі настане той час. Падобна гэта да чалавека, які, сабраўшыся ў далёкую дарогу, пакінуў дом свой, даў слугам сваім уладу і кожнаму сваю працу і загадаў брамніку чуваць. Таму чувайце і вы, бо не ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому: увечары, ці апоўначы, ці пры спеве пеўняў, ці раніцай, каб не застаў вас спячымі, калі вернецца неспадзявана. А што вам кажу, кажу ўсім: чувайце!”» (Мк 13, 33–37).

У тваім жыцці ёсць сэнс

Чым ты займаешся? Лечыш людзей, настаўнічаеш у школе, ва ўніверсітэце, будуеш дамы і дарогі, прадаеш тавар у краме, служыш у касцёле як ксёндз або катэхетка… А цяпер услухайся ў словы Езуса: «Пакінуў дом свой, даў слугам сваім уладу і кожнаму сваю працу».

Свет — гэта дом Божы, і кожны з нас займае ў ім сваё месца, мае свой занятак і сваё прызначэнне. Што значыць для нас слова «чувайце»? Як найлепей выконвай сваю працу, сваё заданне. Калі ты доктар, з любоўю клапаціся пра сваіх пацыентаў. Калі ты аўтамеханік, закручвай кожны болт дбайна, да канца. Калі ты студэнт, у цябе ёсць шанец стаць добрым спецыялістам у выбранай сферы, а праца не будзе для цябе нуднаю, не стане вечнай крыніцай стрэсаў. Гэтак ты прымеш удзел у збаўленні свету.

Магчыма, ты задаш пытанне, чаму так? Гэта ж толькі болт, толькі роўна пастаўленая сцяна, толькі ўніверсітэт і нецікавыя лекцыі. Нашая праца — сведчанне веры ў Езуса Хрыста. Выконваць яе нядбайна — значыць казаць свету: «Я не веру, што Езус можа надаць месцу, на якім я знаходжуся, сэнс і значэнне. Я не веру, што з маёю дапамогаю Езус можа ўчыніць маю працу поўнаю сэнсу і значэння для іншых людзей. Я не веру, што з маёю дапамогаю Езус можа даць ласку майму пацыенту, уласніку аўтамабіля, які я адрамантаваў, і людзям, якія будуць на ім ездзіць».

Павер, тваё жыццё мае сэнс! Тваё жыццё мае значэнне! Езус прагне тваёй дапамогі. Езус прагне з тваёю дапамогаю благаславіць кожнага чалавека. Езус прагне, каб ты быў Яго памочнікам у збаўленні свету.

Айцец Тамаш Міка OP

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней