«Падрыхтуйце дарогу Пану»

Другая нядзеля Адвэнту, год В (7.12.2014)

«Пачатак Евангелля Езуса Хрыста, Сына Божага. Як напісана ў прарока Ісаі: “Вось пасылаю анёла Майго перад Табою, які падрыхтуе дарогу Табе. Голас таго, хто кліча ў пустыні: “Падрыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце сцежкі Яму”. З’явіўся Ян, хрысцячы ў пустыні і абвяшчаючы хрост пакаяння дзеля адпушчэння грахоў. І выходзілі да яго ўся краіна юдэйская і ўсе жыхары Ерузалема, і прымалі хрост ад яго ў рацэ Ярдан, вызнаючы грахі свае. Ян жа насіў адзенне з вярблюжай воўны і скураны пояс на бёдрах сваіх і еў саранчу і дзікі мёд. І прапаведаваў, кажучы: “Ідзе за мною Мацнейшы за мяне, якому я няварты, нахіліўшыся, развязаць раменьчык на Яго сандалях. Я хрысціў вас вадою, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым”» (Мк 1, 1–8).

«Падрыхтуйце дарогу Пану»


Мы распачынаем ужо другі тыдзень Адвэнту. Сёння святы Ян Хрысціцель заклікае нас падрыхтаваць дарогу Пану. Цікава і важна, што Пан Езус сам называе сябе Дарогаю. Мне здаецца, дасканалы спосаб прыгледзецца да свайго жыццёвага шляху — гэта ранішнія Рараты. Я ўзрушаны тым, што ў адной з магілёўскіх парафій прапанавалі служыць гэтыя святыя Імшы раней, чым у мінулыя гады, — а сёмай раніцы, і на іх стала прыходзіць у пяць разоў больш людзей, сярод іх і дзеці. Рараты — першая спроба ісці за заклікам Божага слова: чуваць і не спаць, прымірыцца з тым, што трэба раней уставаць, а значыць і раней класціся спаць. Дзень, які распачынаецца Эўхарыстыяй, — гэта вялікае благаслаўленне на ўвесь дзень. Ранішняя святая Імша дапамагае і дае сілы добра выкарыстоўваць час на працягу ўсяго дня. Да таго ж, часта на пачатку Адвэнту мы бярэм сабе пастанову добра выкарыстоўваць свой час. Мы адмаўляемся ад тэлебачання, абмяжоўваем карыстанне інтэрнэтам, больш клапоцімся пра бліжніх. І ў гэтым вельмі дапамагае ранішняя святая Імша. 

Нядаўна я скончыў чытаць кнігу Скотта Хана «У доме найлепш». Мяне вельмі захапіла гэтае чытанне. Гэта сведчанне чалавека, які навярнуўся з пратэстантызму ў каталіцтва, любіць Святое Пісанне і цвёрда жадае быць паслухмяным Богу ва ўсім, чаго Ён пажадае. Скотт і яго жонка Кімберлі яшчэ як пратэстанты падпарадкавалі сваё жыццё волі Бога, які іх любіць. Я прывяду некалькі прыкладаў, што могуць дапамагчы і нам падрыхтаваць дарогу Пану, а таксама падрыхтавацца да адвэнтовай споведзі. 

Скотт і яго жонка на падставе Бібліі пераканаліся, што ў нядзелю не варта працаваць, і таму вырашылі не займацца вучобаю (лічачы яе працаю), нават тады, калі мелі чарговы экзамен у панядзелак. Яны ўбачылі, што вернасць гэтай пастанове прынесла плён шчодрага Божага благаслаўлення. Яшчэ Кімберлі ў выніку духоўных чытанняў прыйшла да высновы, што кантрацэпцыя, якой яны дагэтуль карысталіся з мужам, — гэта грэх. Таму яны пастанавілі, што не будуць дзейнічаць супраць закону прыроды і выказалі Богу сваю гатоўнасць прыняць хоць бы і пецярых дзяцей, калі Ён гэтага ад іх пажадае. Чытаючы Свтое Пісанне, яны абодва пераканаліся, што сужэнства — гэта не кантракт, а запавет паміж людзьмі, і таму развод — недапушчальны. І калі іх сужэнства перажывала вельмі сур’ёзны крызіс, гэтая ўпэўненасць у непарыўнасці сужэнства дапамагла ім маліцца і змагацца з праблемамі, каб перажыць крызіс. Яны жадалі 10% сваіх даходаў прызначаць на касцёльныя мэты, і заставаліся вернымі гэтай пастанове нават тады, калі бюджэт іх сям’і быў вельмі малы, а Бог багата ўзнагародзіў іх давер. 

Яны ўсім сэрцам жадалі выконваць волю Божую, і ў гэтым гарачым жаданні Бог прывёў іх з пратэстантызму ў Каталіцкі Касцёл. Спачатку навярнуўся Скотт, а пасля і Кімберлі. Кніга, пра якую я кажу, цудоўная яшчэ і тым, што паказвае, як у сваіх пошуках Скотт даходзіць да пераканання, што Лютэр цалкам памыляўся ў многіх сваіх поглядах і яго ўчынкі зусім неадпаведныя Божаму слову.

У сувязі з гэтым варта задаць сабе некалькі пытанняў і ўдумліва зрабіць рахунак сумлення з дапамогаю кнігі па падрыхтоўцы да споведзі. Асноўная справа — гэта заўсёды любоў. Найперш любоў да людзей, з якімі мы жывём і кожны дзень сустракаемся. Варта спытаць сябе, ці малюся я, ці прабачаю, ці благаслаўляю ўсіх тых, каго Бог ставіць на маім шляху. 

Для некаторых католікаў актуальнае пытанне, ці можна займацца пакупкамі ў нядзелю, да якога яны не ставяцца сур’ёзна. Памятайма, што існуюць структуральныя грахі, і адзін з такіх грахоў — непавага да нядзелі як да дня Пана. Людзі вымушаныя працаваць у нядзелю, напрыклад, у крамах, ім не даюць магчымасці застацца ў гэты дзень з Богам і сваёю сям’ёю. Таму ходзячы за пакупкамі ў нядзелю, мы таксама прымаем удзел у гэтым структуральным граху, парушаючы трэцюю запаведзь Дэкалогу.

Напэўна, кожны чалавек, які крытычна глядзіць на сябе, не сумняваецца, што ў ім, апроч Божага чалавека, жыве таксама і эгаіст. Каб пераканацца ў гэтым, варта толькі папрасіць, каб Дух Святы паказаў нам нашую эгаістычнасць у розныя жыццёвыя моманты. Часта эгаізм хаваецца глыбока ў нас, але выклікае стаўленне і погляды, нязгодныя з Божым словам. 

У святле сведчання Скотта Хана трэба таксама задаць сабе пытанне пра кантрацэпцыю ў сужэнстве. Часцей за ўсё гэта з’яўляецца цяжкім грахом, корань якога ў эгаізме, слабой веры і недахопе даверу да Бога. Ён можа вынікаць таксама з няведання і легкадумнасці. Гэта бунт чалавека супраць Божай волі. Хтосьці лічыць, што сужэнскі секс — яго заўсёднае права, але не лічыць гэта Божым дарам, цалкам забывае пра ўдзячнасць Богу, а галоўнае зло кантрацэпцыі — у аддзяленні сексуальнасці ад плоднасці. То бок, у гэтым таксама выяўляецца нашая пыха.

Яшчэ адно пытанне — як мы карыстаемся грашыма, якія маем. Яны дадзеныя нам Богам (так як здароўе і таленты) не толькі для нас саміх і нашай сям’і. Бог жадае, каб мы дзяліліся сваёю маёмасцю з бліжнімі, якія жывуць у складаным матэрыяльным становішчы. Бог яшчэ ў Старым Запавеце загадаў, каб 10% даходу (дзесяціна) аддаваліся бедным людзям і ў святыню.

Калісьці мы размаўлялі з адным святаром, які будаваў касцёл. Ён сказаў, што галоўным метадам яго будоўлі было дзяліцца з тымі, хто знаходзіцца ў патрэбе, і дапамагаць місіям. Бог заўжды вельмі шчодра адказваў на гэткае стаўленне, і тая парафія разам з ксяндзом пабудавалі касцёл з маланкавай хуткасцю. Хутка знайшліся грошы на будаўніцтва, бо кожны, хто дзеліцца з беднымі, атрымлівае нашмат больш, чым ахвяраваў. Не выключана, што Дух Святы хоча вырваць цябе, мяне і ўсіх задаволеных сабою нядзельных хрысціянаў з умоваў, у якіх мы адчуваем сябе бяспечна і ўтульна. Пачуццё самазадаволенасці і лішні жыццёвы камфорт мала супольнага маюць з жыццём Божых дзяцей і Божых сяброў. 

У Адвэнце падчас падрыхтоўкі дарогі для Пана асабліва важна чытаць Святое Пісанне і добрыя духоўныя кнігі, прымаць удзел у рэкалекцыях, прыслухоўвацца да словаў мудрых людзей, напрыклад, Папы Рымскага. У кнізе, якую я ўзгадваў, Скотт Хан дае католікам шмат вельмі практычных парадаў аб тым, як рыхтаваць дарогу Пану, і я вельмі раю пачытаць яе! Яна сапраўды вартая таго.

Айцец Раман Шульц OP

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней