Прынесці дадому кавалак неба

Пра кнігу кс. Яна Твардоўскага
«Ад вуха да вуха. Пра ўсмешку і радасць» (Мінск, «Pro Christo», 2014).

Несумненна, многія маленькія чытачы ўжо паспелі палюбіць кнігу кс. Яна Твардоўскага «Першая Камунія з белым бантам», якая летась выйшла ў нашым выдавецтве ў перакладзе на беларускую мову Ірыны Жарнасек. Шчыры і даверлівы тон апавядальніка, яго ўменне даступна і проста гаварыць пра складаныя тэалагічныя праблемы хутка заваёўваюць сэрцы не толькі самых малодшых чытачоў, але і дарослых. Таму радаснаю навінаю для ўсіх нас з’яўляецца выданне наступнай кнігі дзіцячых апавяданняў кс. Яна Твардоўскага на беларускай мове — «Ад вуха да вуха. Пра ўсмешку і радасць».

Новае выданне твораў кс. Яна Твардоўскага — зрэшты, як і ўсё жыццё аўтара — прысвечана пашырэнню ў нашых сэрцах Божай любові. Яно вучыць  нас падабацца Пану Езусу, радавацца Эўхарыстыі і разумець значэнне  сакрамэнтаў, адрозніваць дабро ад зла і бачыць духоўным зрокам нябачныя Божыя справы. І ўсё ж зборнік «Ад вуха да вуха...» прыкметна адрозніваецца ад іншых кніг кс. Яна Твардоўскага. Ключавым паняццем гэтае кнігі з’яўляецца радасць. Аўтар нібы спрабуе дайсці да сутнасці, да найглыбейшых крыніцаў, сапраўдных прычынаў гэтага стану чалавечай душы, вучыць знаходзіць сярод мноства падманлівых і часовых радасцяў зямнога свету тую нязгасную радасць, якая здольная перамяніць чалавечую душу. «Ці ўмееш ты шу­каць усмешку?», «Чаму мы радуемся?», «Што такое радасць?», «Ці ўмееш ты любіць?» — на першы погляд, назвы і тэмы апавяданняў падаюцца вельмі простымі, але нават мы, дарослыя, не заўсёды ўпэўненыя, што можам правільна адказаць на заключаныя ў іх пытанні. Прачытаўшы хаця б адно з апавяданняў кс. Яна Твардоўскага, мы нібы вяртаемся на надзейны, знаёмы шлях пасля блукання па цёмным густым лесе жыццёвых шуканняў — вяртаемся да самага важнага, патрэбнага і праўдзівага, каб кожны дзень з гэтых шуканняў «прыносіць дадому кавалак неба, нават калі будзе ліць дождж».

Кс. Ян Твардоўскі вучыць чытача знаходзіць радасць у кожным, нават пахмурным, дні, усмі­хацца нават непрыяцелю, заўважаць Божыя цуды ў штодзённых з’явах і справах. Аўтар пераконвае: нават калі ты бедны, хворы і адрынуты людзьмі — ты ўсё роўна можаш падабацца Пану Езусу, калі маеш добрае, чыстае сэрца.

У апавяданнях кс. Яна заўсёды пануе даверлівы настрой, яго стылю ўласціва дзіцячая непасрэднасць, якая зачароўвае прастатою і глыбокаю алегарычнасцю. Многія апавяданні ў кнізе з’яўляюцца своеасаблівымі ілюстрацыямі да розных урыўкаў з Евангелля. Самыя складаныя словы з гэтых урыўкаў пад пяром кс. Яна становяцца надзіва простымі. І нават дзіця з лёгкасцю зразумее, хто такія Дух Суцяшыцель, Анёл Ахоўнік, і што значыць перадаць бліжняму знак супакою... Гэта дасягаецца дзякуючы багатай канкрэтнай вобразнасці, якая ажыўляе катэхізісныя праўды. Важную ролю ў гэтым таксама адыгрываюць яркія ілюстрацыі Марціна Стшэмбоша, што ўпрыгожваюць амаль кожную старонку кнігі і гарманічна дапаўняюць змест апавяданняў.

Калі аднойчы прачытаеш гэтую кнігу, несумненна, захочаш вярнуцца да яе яшчэ не раз, каб нанова ажывіць сваю любоў і ўзгадаць пра самае каштоўнае, што ты можаш падарыць бліжняму, не абяднеўшы сам, — пра ўсмешку і радасць.

Ганна Шаўчэнка

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней