Па старонках снежаньскага нумара «Ave Maria»
Гэтак жа, як пасля лістападаўскіх засмужаных дзён радуе вока першы снег, што бялюткім карункавым покрывам кладзецца на цёмныя вуліцы, так і пасля лістападаўскага малітоўнага роздуму пра памерлых, чысцец і пасмяротнае жыццё прыемна акунуцца ў радасную атмасферу чакання Божага Нараджэння. Няцяжка зрабіць гэта разам са снежаньскім нумарам часопіса «Ave Maria», які амаль кожным сваім матэрыялам запрашае нас да шчырай, нязгаснай, поўнай радасці. Дастаткова ўчытацца ў загалоўкі змешчаных там артыкулаў:
• «Радуйцеся...» — менавіта так называецца пасланне Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця, урывак з якога друкуецца ў часопісе з нагоды распачацця Году кансэкраванага жыцця ў Каталіцкім Касцёле;
• «Абудзіцеся!», «Ацаліцеся каля ясляў» — радаснымі заклікамі гучаць загалоўкі абразкоў Кацярыны Колышкінай дэ Гук Дохэрці, што публікуюцца ў перакладзе з рускай мовы і прысвечаны таямнічаму перыяду Адвэнту;
• «Прынесці дадому кавалак неба» — запрашае артыкул пра нядаўна выдадзеную ў перакладзе на беларускую мову кнігу Яна Твардоўскага «Ад вуха да вуха. Пра ўсмешку і радасць». Як заўважаецца ў публікацыі, ключавым паняццем гэтае кнігі апавяданняў для дзяцей з’яўляецца таксама радасць.
Святочна-радасным роздумам напоўнены таксама чарговы матэрыял кс. Андрэя Рылкі ў рубрыцы «Святар адказвае на пытанне». На гэты раз у артыкуле пад назваю «Святкаваць Божае Нараджэнне ці Каляды?» аўтар распавядае, ці правільна сумяшчаць хрысціянскую назву свята з калісьці язычніцкімі Калядамі і ці можа быць прынятая і падтрыманая традыцыя калядавання з «зоркаю» і «казою».
Пасля прачытання публікацыі Ірыны Жарнасек «Чым нам запамятаецца 2014-ы?» мімаволі сам пачынаеш у думках азірацца на прамінулыя дні гэтага года ды разважаць над перажытым, бо вельмі кранальнымі пачуццямі напоўнены сведчанні вернікаў, якія ў гэтым матэрыяле вырашылі падзяліцца з намі сваімі ўспамінамі.
Давайце ж пастараемся часцей успамінаць радасныя моманты нашага жыцця і шукаць нагоды для радасці ў будучыні; давайце не забывацца дзякаваць Богу за атрыманыя ласкі, і Адвэнт — найлепшы для гэтага час...