«Сярод вас стаіць той, каго вы не ведаеце»

Трэцяя нядзеля Адвэнту, год В (14.12.2014)

«З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян. Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб засведчыць пра святло, каб усе паверылі праз яго. Не быў ён святлом, але быў пасланы даць сведчанне пра святло.
І вось сведчанне Яна. Калі юдэі з Ерузалема паслалі святароў і левітаў, каб яны спыталіся ў яго: “Хто ты?”, ён абвясціў, і не выракся, і вызнаў: “Я не Месія”. І спыталіся ў яго: “Дык хто ж? Ты Ілля?” І сказаў: “Не”. “Ты прарок?” І ён адказаў: “Не”. Тады сказалі яму: “Хто ты, каб нам адказаць тым, хто паслаў нас. Што гаворыш ты пра самога сябе?” Ён сказаў:
Я голас таго, хто кліча ў пустыні:
Раўняйце дарогу Пану,
як сказаў прарок Ісая”. А пасланцы былі з фарысеяў. І яны спыталіся ў яго: “Тады чаму ты хрысціш, калі ты ні Хрыстус, ні Ілля і ні прарок?” Ян сказаў ім у адказ: “Я хрышчу вадою. А сярод вас стаіць той, каго вы не ведаеце, той, хто ідзе за мною, якому я няварты развязаць раменьчык на сандалях Ягоных”. Сталася гэта ў Бэтаніі, за Ярданам, дзе хрысціў Ян» (Ян 1, 6–8. 19–28).

«Сярод вас стаіць той, каго вы не ведаеце»

«Я голас таго, хто кліча ў пустыні: раўняйце дарогу Пану, як сказаў прарок Ісая» — так гучыць адказ Яна Хрысціцеля фарысеям, якія пытаюцца ў яго, хто ён. Відавочна, Ян сапраўды быў кімсьці незвычайным, калі яго так засыпаюць пытаннямі, каб даведацца, што азначаюць ягоныя словы і дзеянні. Але Ян не затрымлівае на сабе ўвагу, ягоная місія — толькі абвясціць, што Збаўца ўжо прыйшоў, і прароцтвы споўніліся. Дарэмна чакаць некага іншага, каб прыйшоў і вучыў нас. Надышла паўната часу.

Ян Хрысціцель кажа тым, хто яго пытае: «Сярод вас стаіць той, каго вы не ведаеце». Мы чакаем Хрыста, які прыйшоў у гэты свет, каб нас збавіць, але ці ведаем мы Яго? Фарысеі былі добра знаёмыя з Законам і Прарокамі, але тым не менш не разпазналі таго моманту, калі словы прароцтваў споўніліся. Як я, хрысціянін, разпазнаю Езуса Хрыста ў сваім жыцці, калі не імкнуся лепш Яго ведаць? З чаго пачаць? «Раўняйце дарогу Пану» — нагадвае нам Ян Хрысціцель. Перш за ўсё трэба выкараніць са свайго жыцця грэх. Не можа быць нічога цёмнага паміж мной і Богам. Малітва і Божае слова павінны быць асноваю майго жыцця. Як можна пазнаць таго, з кім я не размаўляю альбо размаўляю рэдка? Гэтага павінна быць дастаткова, каб пачаць адкрываць у сакрамэнтах і нават у звычайных рэчах прысутнасць Таго, Хто ўжо прыйшоў і Якога мы яшчэ чакаем.

Айцец Павел Мажэйка OP

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней