
У Рыме 11 снежня прагучала аб’ява аб скліканні кансісторыя для выбару новых кардыналаў. Узнікае пытанне: каго Папа прызначыць кардыналам? Нагадваем, што выбар кардыналаў цалкам належыць біскупу Рыма. Іх асноўныя абавязкі і прывілеі: удзел у канклаве, калі ўзнікне патрэба, і падтрымка Папы ў клопаце пра паўсюдны Касцёл.
У дзень правядзення аб’яўленага кансісторыя 14 лютага 2015 года Калегія Кардыналаў будзе складацца са 110 членаў, якім меней за 80 гадоў (калі нехта з выбаршчыкаў не памрэ да гэтага часу), і якія маюць права быць выбаршчыкамі на канклаве. Паводле пастанаўлення папы Паўла VI удзельнічаць у канклаве могуць не больш, чым 120 кардыналаў, і гэта азначае, што лічба новапрызначаных кардыналаў-выбаршчыкаў не павінна быць большай за 10 чалавек. Аднак і Ян Павел ІІ, і Бэнэдыкт XVI у прызначэннях перавышалі гэтую мяжу; калі ж адбываўся канклаў, колькасць патэнцыяльных выбаршчыкаў заўсёды заставалася ў межах вызначанага.
Сярод найбліжэйшых супрацоўнікаў Святога Айца з Рымскай Курыі можа быць некалькі намінацый. Але трэба памятаць, што цяпер адбываецца рэформа, і можна дакладна сказаць, што кардынальскі берэт не атрымае ніводзін з кіраўнікоў папскіх радаў.
Вялікі шанец стаць кардыналам мае новы прэфект Найвышэйшага Трыбунала Апостальскай Сігнатуры арцыбіскуп Дамінік Франсуа Жазэф Мамберці (62 гады) з Францыі, прызначаны на гэтую пасаду 8 лістапада. Магчыма да кола новых прызначэнняў далучыцца яшчэ адзін яго суайчыннік: архівіст святога Рымскага Касцёла і бібліятэкар святога Рымскага Касцёла арцыбіскуп Жан-Луі Бруге OP (71 год).
Можна меркаваць, што да Кардынальскай Калегіі будць далучаныя арцыбіскупы-мітрапаліты значных гарадоў. Сярод гэтых патрыярхаў могуць быць арцыбіскуп Луі Сако, патрыярх Вавілонскі Халдэйскага Каталіцкага Касцёла ў Іраку (66 гадоў), і два мітрапаліты з Захаду: арцыбіскуп Мануэль Жазэ Макарыу ду Нашыменту Клементэ (66 гадоў) з Лісабона і Франчэско Маралья (61 год) з Венецыі.
У Паўднёвай Амерыцы кандыдатамі да кардынальства з’яўляюцца арцыбіскуп Монтэвідэа Даніэль Фернандо Стурла Беруэ SDB (55 гадоў) з Уругвая і арцыбіскуп Асунсьёна Эдмундо Пансьяно Валенсуэла Меллід SDB (70 гадоў) з Парагвая. Кандыдаты з Паўночнай Амерыкі — гэта арцыбіскуп Чыкага Блэйз Джозэф К’юпіч (65 гадоў) і арцыбіскуп Філадэльфіі, дзе ў наступным годзе адбудзецца Сусветная сустрэча сем’яў, Чарльз Шап’ю OFM Cap (70 гадоў).
З Азіі ў Калегію Кардыналаў могуць трапіць два біскупы з В’етнама: Пауль Нгуен Тхай Хор OP (76 гадоў) з Ханоя і Пауль Буі Ван Док (70 гадоў) з Хашыміна (былы Сайгон), а таксама арцыбіскуп Токіа Пётр Такеа Акада (73 гады) і арцыбіскуп Карачы Джозэф Куттс (69 гадоў) з Пакістана. Мае шанец стаць кардыналам і новы арцыбіскуп Сіднэя Энтані Колін Джозэф Фішэр OP (54 гады).
Магчыма, кардынальскія берэты чакаюць і заходне-еўрапейскіх біскупаў. Сярод іх мітрапаліт Турына арцыбіскуп Чэзарэ Насілья (70 гадоў). У Іспаніі гэтага тытулу яшчэ не маюць арцыбіскупы дзвюх «кардынальскіх» дыяцэзій: Карлас Асора Сьерра (69 гадоў) з Мадрыда і Браўліа Радрыгес Пласа (70 гадоў) з Таледа. Кандыдаты з Ірландыі — гэта прымас усёй Ірландыі арцыбіскуп Армы Іман Марцін (53 гады) і прымас Ірландыі, арцыбіскуп Дубліна Д’ярмуід Марцін (69 гадоў).
З Сярэдняй і Усходняй Еўропы кардыналамі могуць стаць два іерархі з Украіны: грэка-каталіцкі вярхоўны арцыбіскуп Кіеўска-Галіцкі Святаслаў Шаўчук (44 гады) і Львоўскі рыма-каталіцкі мітрапаліт арцыбіскуп Мечыслаў Макшыцкі (53 гады). Шанец стаць кардыналамі маюць таксама беларускі арцыбіскуп мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч (68 гадоў), арцыбіскуп з Братыславы Станіслаў Зволенскі (56 гадоў), арцыбіскуп з Рыгі Збігнеў Станкевіч (59 гадоў) і прымас Польшчы мітрапаліт Гнезна Войцех Поляк (50 гадоў).
Акрамя таго трэба памятаць, што існуе папская традыцыя прызначаць кардыналамі іерархаў, якім ужо больш за 80 гадоў, у знак іх асаблівых заслугаў для Касцёла. Сярод іх вызначыць магчымых кандыдатаў найцяжэй. Вядома толькі, што прозвішчы ўсіх новых членаў Калегіі Кардыналаў будуць вядомыя ў пачатку студзеня. Гэта можа адбыцца ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана 6 студзеня падчас малітвы Анёл Панскі, 7 студзеня падчас агульнай аўдыенцыі, у нядзелю 11 студзеня падчас малітвы Анёл Панскі або ў сераду 14 студзеня падчас агульнай аўдыенцыі, дакладна за месяц да аб’яўленага кансісторыя.
Матэрыял падрыхтавала Юлія Шэдзько.
Паводле сайта: http://www.niedziela.pl