Нядзеля ў актаве Нараджэння Пана, год В. Свята Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа (28.12.2014)
«А калі мінулі дні іх ачышчэння паводле Закону Майсея, бацькі прынеслі Яго ў Ерузалем, каб прадставіць Пану.
Калі яны выканалі ўсё паводле Закону Пана, вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт. Дзіця ж расло і ўмацоўвалася, і напаўнялася мудрасцю, а ласка Божая спачывала на Ім» (Лк 2, 22.39–40).
Сапраўная годная ахвяра
Падзея, якую апісвае евангеліст Лука, многім вядомая як ахвяраванне Немаўляці Езуса ў святыні. Думаецца, што менавіта гэтае непапулярнае ў сённяшнім свеце слова «ахвяраванне» найлепшым чынам адлюстроўвае глыбейшы сэнс выканання Святой Сям’ёй старазапаветнага абраду прысвячэння першынца Богу. Гэта не проста вернасць традыцыі продкаў ці паслухмянасць Закону. Марыя вяртае Айцу Нябеснаму Адзінароднага Сына, які стаў і Яе адзіным Дзіцем, узяўшы ад Яе цела і кроў, каб ахвяраваць іх на крыжы за нас, каб і мы ў сваю чаргу, умацаваныя скарамэнтальнай ласкай, былі здольныя ўзносіць бясконцае праслаўленне Богу, адзінаму ў Тройцы. Сапраўдная мэта гэтага праслаўлення (інакш кажучы — літургіі) — у духу ахвяры вярнуць Айцу Езуса і сябе разам з Ім. Толькі Божы Сын можа быць дарам, годным Айца, і толькі ў еднасці з Сынам гэты дар можа скласці адкуплены Ім чалавек.
Таму калі мы забываемся пра ахвярны характар Эўхарыстыі, гэта азначае, што мы не зусім разумеем сэнс нашай прысутнасці на святой Імшы. Мы не прыходзім у касцёл для таго, каб атрымаць задавальненне ад сустрэчы са знаёмымі ці ад удзелу ў літургічных дзеяннях праз спеў, чытанне, прыслужванне і г.д. Нават узрастанне асабістай пабожнасці не стаіць тут на першым месцы, не кажучы ўжо пра такую распаўсюджаную матывацыю, як выпрошванне здароўя, поспехаў і іншых зямных дабротаў. Мы прыходзім не ў краму, таму і велічыня матэрыяльнай ахвяры тут не мае значэння (узгадайма пару птушак, ахвяраваную Святой Сям’ёй ці адзіны грош удавы, непараўнальныя з авечкай ці быком, але ж...). Літургія — гэта святы абмен. Бог дае нам сябе самога ў святой Камуніі, і дзякуючы дзіўнай еднасці з праслаўленым Словам кожны вернік праз паслугу святара вяртае Сына Айцу, аддаючы разам з Ім сябе, але настолькі, наколькі шчыра і па-сапраўднаму чалавек імкнецца і ёсць з’яднаны з Богачалавекам (таму святая Камунія ў стане смяротнага граху не прыносіць жаданых вынікаў, а якраз наадварот).
Актыўны ўдзел у літургіі, пра які так часта ідзе гаворка, заключаецца зусім не ў знешняй актыўнасці. Сапраўды актыўны ўдзел азначае аддаванне сябе — сваіх думак, намераў, справаў, усяго свайго жыцця — Богу праз Езуса Хрыста, адзінага Пасрэдніка. Быць актыўным у гэтым сэнсе знешне актыўнаму ўдзельніку літургіі больш складана, таму што даводзіцца ўвесь час сачыць за добрым выкананнем свайго служэння, і ёсць небяспека цалкам засяродзіцца на дзеянні, забыўшыся пра яго мэту. Безумоўна, вяртаць Богу ў літургіі здольнасці, дадзеныя Ім, — гэта годна ўшанавання. Гэтак мы таксама ахвяроўваем сябе, але як жа часта мы гэтым услаўляем саміх сябе, а не аддаём! Ставім на першае месца не сябе, а Бога, бо насамрэч нам не хапае пакоры. Той пакоры, прыклад якой дае Божы Сын, прыходзячы на гэты свет; якой адзначалася Беззаганная Маці Божая, прыносячы ахвяраванне за рытуальнае ачышчэнне, якое, уласна кажучы, Ёй было не патрэбнае; а таксама святы Юзаф, прымаючы Сына Божага як свайго сына. Нам неабходная пакора, без якой увогуле немагчыма ўсвядоміць, наколькі кожны з нас і ўсе мы разам патрабуем Бога і цудоўнага абмену, які адбываецца ў літургіі.
Айцец Міхал Ермашкевіч OP