Радуймася!

Урачыстасць Нараджэння Пана (25.12.2014).

«У тыя дні выйшаў загад ад цэзара Аўгуста зрабіць перапіс па ўсёй зямлі. Гэта быў першы перапіс падчас панавання Квірынія ў Сірыі. І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад. Пайшоў таксама і Юзаф з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давіда, званы Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давіда, каб запісацца з Марыяй, заручанай з ім, якая была цяжарнай. А калі яны былі там, надышоў Ёй час нарадзіць. І нарадзіла Сына свайго  першароднага. І спавіла Яго, і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе. У той ваколіцы былі на полі пастухі, якія вартавалі ўначы свой статак. І з’явіўся ім анёл Пана, і хвала Пана асвяціла іх, і вялікі страх ахапіў іх. І сказаў ім анёл: “Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан. І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях”.
Раптам з анёлам з’явілася вялікае войска нябеснае, якое праслаўляла Бога і ўсклікала:
“Хвала на вышынях Богу,
а на зямлі спакой людзям добрай волі”» (Лк 2, 1–14).

Радуймася!

Умілаваныя, будзем радавацца: сёння нарадзіўся наш Збаўца. Бо няма месца на смутак тады, калі нараджаецца жыццё, якое, знішчыўшы страх перад смерцю, прынесла нам радасць абяцанага вечнага жыцця.

Гэтая радасць нікога не абміне, ёсць агульная для ўсіх прычына радасці: наш Пане, пераможца граху і смерці, хоць і не знаходзіць нікога, свабоднага ад віны, аднак прыходзіць вызваліць усіх. Няхай цешыцца грэшнік, бо яму даецца прабачэнне. Няхай абудзіцца язычнік, бо яго клічуць да жыцця.

Калі настала паўната часу, якую прадвызначыла неспасцігальная веліч Божага намеру, Сын Божы прыняў чалавечую натуру, каб прымірыць яе са сваім Айцом і перамагчы д’ябла, які яе зняволіў і прынёс смерць.

Анёлы адасна абвяшчаюць пры Нараджэнні Пана: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі» (Лк 2, 14). Анёлы бачаць, як з усіх народаў зямлі будуецца нябесны Ерузалем. Калі так радуюцца анёлы ў небе, то як жа павінны радавацца людзі на зямлі гэтай невыказнай справе Божай любові?

Таму, умілаваныя, падзякуем Богу Айцу праз Яго Сына ў Духу Святым, які ў сваёй вялікай міласэрнасці палюбіў нас і змілаваўся над намі. І хоць мы былі мёртвыя з прычыны граху, Бог ажывіў нас разам з Хрыстом (пар. Эф 2, 5), каб мы сталі ў ім новым стварэннем.

Таму адкінем «ранейшыя паводзіны і свайго старога чалавека» (Эф 4, 22), атрымаўшы ўдзел у патомстве Хрыстовым, адрачэмся ад справаў цела.

Прызнай, о хрысціянін, сваю годнасць і, стаўшы саўдзельнікам Божай сутнасці, пачварнымі паводзінамі не вяртайся да ранейшай грахоўнасці. Памятай, часткай чыёй Галавы і чыйго цела з’яўляешся. Прыгадай, што цябе вырвалі з улады цемры і перанеслі ў святло Божага Валадарства.

Праз сакрамэнт хросту ты стаў святыняю Духа Святога, таму не выганяй з сябе такога жыхара сваімі благімі ўчынкамі і не паддавайся зноў няволі д’ябла. Бо водкуп за цябе — гэта Хрыстова Кроў.

Казанне св. Льва Вялікага, папы на Божае Нараджэнне
(паводле І тома Літургіі Гадзінаў; Мінск, 2012).

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней