Шлях да шчасця ці да разбурэння?

Па старонках студзеньскага нумара «Ave Maria»

Новы год... Новы дзень... Новы шанец і новыя спадзяванні... Адначасова роздум над перажытым і над тым, што яшчэ чакае наперадзе... На парозе новага 2015 года нас радасна вітае папа Францішак у пасланні на 48-мы Сусветны дзень супакою «Не нявольнікі, а браты», урывак з якога друкуецца ў новым, студзеньскім нумары часопіса «Ave Maria». З мінуўшчыны да нас даносіцца таксама мудры голас святога айца Піо ў яго разважанні на першы дзень года пад назваю «Пачнем жа з сённяшняга дня рабіць дабро». Дадамо, што з канца лістапада ў Касцёле распачаўся яшчэ адзін новы год — Год кансэкраванага жыцця. З гэтай нагоды ў часопісе «Ave Maria» будзе друкавацца цыкл матэрыялаў, прысвечаных асобным манаскім і законным супольнасцям.  Са студзеньскага нумара, у прыватнасці, з артыкула «Пане, я буду Табе паслухмяны...» чытачы даведаюцца пра гісторыю ўзнікнення Кангрэгацыі місіянераў аблатаў Беззаганнай Марыі і пра лёс яе заснавальніка, святога Яўгена дэ Мазэно, а таксама атрымаюць мудрыя парады, выбраныя з яго лістоў і дзённікаў. Напрыклад, добрым напамінам для кожнага хрысціяніна стануць такія словы: «Запомніце раз і назаўжды: ніхто ў гэтым свеце не надзелены ўсімі цнотамі. Вучыцеся радавацца таму, што нехта атрымаў і хоча дзяліцца з вамі. Аднак і самі імкніцеся здабываць цноты, але не патрабуйце, каб ваш брат валодаў імі ў большай ступені, чым вы самі. Магчыма, яму не хапае нейкай цноты або здольнасці, але памятайце, што і вам нечага не хапае».

Радасна, што з гэтага нумара ў часопісе аднаўляецца рубрыка «Старонка псіхолага», якую раней вельмі любілі нашыя чытачы. Аўтар рубрыкі — сястра Паўла Бобер MSF, якая найперш прапануе чытачам паразмаўляць на тэму: «Прымаць сябе — шлях да шчасця».

І наадварот, пра шлях да разбурэння ўласнай душы і душаў блізкіх, які, на жаль, часта выбіраюць многія з нас, разважае кс. Дзяніс Шастаковіч MSF у артыкуле «Аб граху брыдкаслоўя, альбо Чаму слова забівае?». Аўтар паказвае, што «згубная сіла брыдкаслоўя знаходзіць сваё пацвярджэнне навукова» і «некаторыя словы выклікаюць у клетках жывога арганізма мутагенны эфект жахлівай сілы: знявечваюцца і рвуцца храмасомы, носьбіты спадчыннай інфармацыі — гены — за долю секунды могуць памяняцца месцамі».

Усё ж для веруючага чалавека надзея і паратунак ёсць у кожнай сітуацыі, у кожнай праблеме. Спадзяемся, што матэрыялы са студзеньскага нумара часопіса дапамогуць вам, шаноўныя чытачы, знайсці трывалыя духоўныя арыенціры на шляху ў новы, 2015 год. Са святамі вас! І няхай Божае Нараджэнне запаліць перад вамі самыя важныя пуцяводныя зоркі на гэтым шляху!

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней