Трэцяя звычайная нядзеля, год В (25.01.2015)
«Пасля таго як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае і кажучы: “Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае; кайцеся і верце ў Евангелле”.
Праходзячы каля Галілейскага мора, убачыў Сымона і Андрэя, брата Сымона, якія закідвалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі. І сказаў ім Езус: “Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей”. І адразу, пакінуўшы сеткі, яны пайшлі за Ім. Адышоўшы крыху далей, Ён убачыў Якуба Зэбэдэевага і Яна, брата ягонага, якія таксама ў чоўне ладзілі сеткі. І адразу паклікаў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Зэбэдэя ў чоўне з работнікамі, пайшлі за Ім» (Мк 1, 14–20).
Найлепшы Лекар
Многія людзі слова «навярніся» ў свой адрас успрымаюць негатыўна, з пратэстам, як асабістую знявагу. З аднаго боку, прычынай з’яўляецца слушнае разуменне таго, што навяртацца трэба ад граху, а з другога — не зусім правільнае атаясамленне граху выключна з нейкім злачынствам накшталт крадзяжа або забойства. А паколькі чалавек не мае за сабою падобнага крыміналу і, натуральна, не залічвае сябе да злачынцаў, а значыць, і да грэшнікаў, то ў закліку да навяртання ён бачыць як мінімум замах на сваё добрае імя.
Логіка даволі простая і зразумелая. Аднак памылка крыецца ў тым, што гэтак паняцце граху звужаецца. Грэх — гэта не толькі нейкі крымінальны або амаральны з чалавечага пункту гледжання ўчынак. Грэх — гэта неўпарадкаванасць, гэта адвернутасць ад Найвышэйшага Дабра ў бок дабра меншага, частковага, гэта адсутнасць ці аслабленасць духоўнага здароўя, інакш кажучы — хвароба душы. А кожная хвароба патрабуе лекара. Таму «навярнуцца» азначае звярнуцца да Лекара, прызнаўшы неабходнасць лячэння, бо калі хворы чалавек лічыць сябе здаровым, хвароба ад гэтага не знікне, а толькі будзе развівацца і ўсё больш знішчаць здароўе. Аднак, каб лячэнне прынесла добрыя вынікі, трэба давяраць лекару і паслухмяна выконваць усё, што ён кажа зрабіць.
Таму заклік «Навяртайцеся і верце ў Евангелле» трэба ўспрымаць як запрашэнне на прыём да Найлепшага Лекара, які дасканала ведае наш дыягназ і прапаноўвае самыя плённыя сродкі лячэння. Але ці прымем мы гэтае запрашэнне, ці даверымся Лекару, ці будзем дакладна выконваць усе Яго парады — залежыць толькі ад нас. Канешне, лячэнне не заўжды бывае прыемным, часта яно патрабуе ад нас пэўных вырачэнняў, унутранай дысцыпліны. Але, маючы шчырае жаданне вярнуць здароўе, чалавек усё вытрывае. Тым больш, калі даверыцца Лекару, які не толькі падтрымлівае ў змаганні з хваробай, але і дае шчаслівае вечнае жыццё ў Нябесным Валадарстве.
Айцец Міхал Ермашкевіч OP