
Высечаныя на скалах крыжы, а таксама імёны хрысціянскіх мучанікаў і біблійных асобаў знайшла ў пустыні на поўдні Саудаўскай Аравіі французска-саудаўская група археолагаў. Яе кіраўнік — прафесар Фрэдэрык Імбэр з універсітэта Экс-Марсель, на прэс-канферэнцыі ў Бейруце сказаў, што археалагічныя знаходкі паходзяць з другой паловы V стагоддзя і сведчаць пра існаванне жывой хрысціянскай супольнасці на гэтых землях.
Адкрыццё было зробленае на скалах у гарах Джабаль-Каўкаб (Гара Зоркі) у паўднёва-заходняй правінцыі Наджран (уздоўж мяжы з Еменам). Гэты абшар носіць назву Бір-Хіма ці Абар-Хіма, а сам тэрмін «звязаны з паласою калодзежаў, вядомых яшчэ ў старажытнасці», як сведчыць французскі навуковец. Ён выказаў меркаванне, што гэтая тэрыторыя магла служыць для стаянак з мэтаю забеспячэння вадою караванаў, якія вандравалі з Емена ў Наджран.
Паводле словаў прафесара, знойдзеныя крыжы — не адзіныя, вядомыя на тэрыторыі Паўднёвай і Усходняй Аравіі, але несумненна тое, што гэта «найстарэйшыя хрысціянскія крыжы, якія паходзяць прыкладна з 470 года».
Побач з імі знойдзеныя шматлікія тэксты, што цягнуцца на адлегласці больш за кіламетр і маюць цэлую серыю імёнаў, запісаных на мове, якую можна назваць мясцовым варыянтам арамейскай. Археолаг адзначыў, што гэтыя надпісы былі зробленыя «на даісламскай арабскай мове» або, калі казаць яшчэ дакладней, на «набатэйска-арабскай».
Надпісы былі складзеныя ў перыяд Хім’ярыцкага царства Шарахбііла Яфура, якое панавала ў Паўднёвай Аравіі ў 470–475 гадах. У гэты час там пачаліся пераследаванні хрысціянаў. Сярод імёнаў, высечаных паміж крыжамі, знаходзяцца імёны Мартад і Рабі, якія ўключаныя ў спіс мучанікаў з Наджрана ў т. зв. Кнізе Хім’ярытаў.
У сувязі з гэтым прафесар Імбэр згадаў, што напрыканцы ІІІ стагоддзя Паўднёвай Аравіяй валодала дынастыя хім’ярытаў, панаванне якой працягвалася 150 гадоў. Яна захоўвала нейтралітэт паміж Візантыйскай і Персідскай імперыямі і ў якасці сваёй рэлігіі прыняла юдаізм. З IV стагоддзя там пашыралася хрысціянства, «але толькі ў VI стагоддзі яно распаўсюдзілася ў раёне Персідскага заліва і ў прыбярэжных раёнах Емена і Наджрана».
Хрыстовую веру там пашыралі персідскія місіянеры з дзяржавы Сасанідаў, якія былі прадстаўнікамі т. зв. дахалкідонскай плыні (яны адмаўлялі вучэнне пра боскую і чалавечую прыроду Езуса). Вядомыя імёны двух біскупаў з тых земляў, кансэкраваных у 485 і 519 гадах; французскі археолаг лічыць, што яны маглі належаць да сірыйскай супольнасці, якая, верагодна, паходзіла з Ірака.
Навуковец таксама звярнуў увагу на тое, што каля 470–475 гадоў Юсуф (Зу Нувас) захапіў хім’ярыцкі трон і загадаў забіць хрысціянаў з Наджрана, што пацвярджаюць розныя хрысціянскія крыніцы. Пра гэта ўзгадваецца таксама ў Каране, у 85-й суры («Сузор’і»). Хрысціяне, якія выжылі ў гэтым пераследаванні, звярнуліся да Калеба, цара Эфіопіі, з просьбаю прыслаць ім на дапамогу войска. Эфіопскія жаўнеры прыбылі туды і перамаглі Юсуфа, які ў выніку загінуў. На гэтым месцы запанавала хрысціянскае царства, якое заставалася пад апекаю цара Эфіопіі ажно да заваявання гэтых земляў ісламам у другой палове VII стагоддзя.
Прафесар Імбэр адзначыў, што знойдзеныя крыжы і надпісы — гэта «найстарэйшая кніга арабаў», запісаная «на скалах пустыні», гэта «карта гісторыі арабаў і хрысціянства».
Адкрыццё хрысціянскіх каранёў Саудаўскай Аравіі нявыгаднае для ўладаў гэтай краіны — «ахоўніцы святых месцаў ісламу: Меккі і Медыны», якая не дазваляе, каб на яе тэрыторыі існавалі якія-небудзь іншыя рэлігіі. Раней у падобных выпадках улады каралеўства сцвярджалі, што гутарка ідзе не пра раннехрысціянскія помнікі, а пра язычніцкія.
KAI
Паводле gosc.pl
Пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка