Новая форма ўручэння палія

Святы Айцец пастанавіў, што публічная ўрачыстасць уручэння палія новым арцыбіскупам мітрапалітам з гэтага часу будзе адбывацца ў іх дыяцэзіях, а не ў Ватыкане, як было дагэтуль.

Пра гэта на старонках часопіса амерыканскіх езуітаў «Amerika» піша Жэрар О’Коннел. Паважаны ватыканіст спасылаецца на ліст, які папскі обер-цырымоніймайстар ксёндз прэлат Гвіда Марыні скіраваў 12 студзеня да апостальскіх нунцыяў ва ўсім свеце. У дакуменце сказана, што такая форма гэтай урачыстасці ў значнай ступені паспрыяе ўдзелу мясцовага Касцёла ў важнай падзеі яго жыцця і гісторыі. Больш за тое, новы звычай павінен таксама ўкараняць у Каталіцкім Касцёле працэс сінадальнасці, на які Папа Рымскі робіць вельмі моцны акцэнт.

Папскі обер-цырымоніймайстар згадаў, што палій — гэта сімвал еднасці кіраўнікоў касцёльных правінцый з Наступнікам святога Пятра. Ён з’яўляецца таксама сімвалам юрысдыкцыі арцыбіскупа мітрапаліта ў яго дыяцэзіі, а таксама ў іншых дыяцэзіях яго касцёльнай правінцыі. Ксёндз прэлат дадаў, што папа Францішак прыняў гэтае рашэнне пасля доўгага роздуму і аналізу розных меркаванняў, а затым пастанавіў, што паліі будуць благаслаўляцца падчас святой Імшы ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла, але ўскладаць іх будуць апостальскія нунцыі ў дыяцэзіях новых арцыбіскупаў мітрапалітаў. Яны таксама будуць запрошаныя да канцэлебрацыі Эўхарыстыі 29 чэрвеня з Папам у Ватыкане і напрыканцы літургіі прыватна атрымаюць паліі з рук Святога Айца. Затым нунцый вызначыць з зацікаўленым арцыбіскупам мітрапалітам дату ўрачыстасці ў яго дыяцэзіі.

Арцыбіскупскі палій — гэта шырокая стужка, якая надзяваецца вакол шыі і два канцы якой звісаюць на плечы і грудзі. Ён аздоблены шасцю крыжыкамі, вытканымі з чорнай воўны.

КАІ
Паводле www. liturgia.wiara.pl
Пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка


Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней