Джыхад на Бліжнім Усходзе

У 2014 годзе адзначалася сотая гадавіна Першай сусветнай вайны — братазабойчага канфлікту, які ўскалыхнуў наш кантынент на пачатку ХХ стагоддзя, праглынуўшы мільёны ахвяраў. Каб ушанаваць ахвяраў вайны і прасіць навяртання сэрцаў, папа Францішак накіраваўся на паўночны ўсход Італіі ў мясцовасць Фальяна-Рaдыпулья, дзе цэлебраваў св. Імшу ў мясцовым мемарыяле загінуўшых падчас вайны. Асуджаючы ўзброеныя канфлікты, за якімі заўсёды хаваюцца гаспадарчыя і геапалітычныя інтарэсы, кіруюць грошы і ўлада, а таксама цынізм вытворцаў зброі, Папа падкрэсліў, што ў наш час можна гаварыць пра трэцюю сусветную вайну, якая вядзецца «часткамі». Папскія словы пракаментаваў кардынал П’етра Паралін, Дзяржаўны сакратар Ватыкана. Найбліжэйшы супрацоўнік папы Францішка заўважыў, што «інтэнсіўнасць некаторых сучасных канфліктаў сапраўды параўноўваецца з сусветнымі войнамі, а іх жорсткасць часам пераўзыходзіць тое, што чалавецтва спазнала сто гадоў таму. «Трэцяя сусветная вайна ў руху» выклікана сацыяльнаю, культурнаю і рэлігійнаю розніцаю, якая замест таго, каб служыць узбагачэнню ўсіх людзей, выкарыстоўваецца для канфліктаў.

У кантэксце апошніх падзей у Францыі, у прыватнасці — тэрарыстычнага акту ў газеце «Sharli Hebdo», здаецца вельмі актуальным інтэрв’ю польскага журналіста Уладзіміра Рэндзяха з  прафесарам, выкладчыкам Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца ў Мілане Рыкарда Рэдэлі, які разважае аб прычынах і ўплыве на лёс Еўропы і ўсяго свету шматбаковага канфлікту на Бліжнім Усходзе.

— Скажыце, калі ласка, ці можна лічыць канфлікты на Бліжнім Усходзе — асабліва ў Сірыі і Іраку — вынікам падзелу ісламскага свету на сунітаў і шыітаў?

— У ісламскім свеце існуюць, прынамсі, два галоўныя падзелы, абодва ўзмоцненыя палітыкаю дзяржаваў Персідскага заліва, асабліва Саудаўскай Аравіі. Першы падзел традыцыйны — на сунітаў і шыітаў. Шыіты з’яўляюцца меншасцю ў ісламскім свеце (каля 10 %), але ў Персідскім заліве яны складаюць каля 50 % насельніцтва. Шыіты дамінуюць у Іране, Іраку, Бахрэйне, Ліване, Сірыі.

Існуе таксама геапалітычны канфлікт паміж Саудаўскай Аравіяй і Іранам за дамінаванне ў Персідскім заліве, які мае палітычны змест, — гэта значыць, што традыцыйная рэлігійная розніца стала яшчэ і палітычнаю і прывяла да з’яўлення вельмі моцнага і агрэсіўнага палітычнага радыкалізму. Гэтая з’ява падзяліла грамадствы, якія раней вучыліся жыць разам, як, напрыклад, у Іраку і Сірыі.

Іншы падзел, які паглыбіўся ў сувязі з гэтак званай «Ісламскай вясной», датычыць суніцкага ісламу. Раскол паміж палітычным ісламам «Братоў-мусульманаў» і салафісцкім ісламам, які падтрымліваецца Саудаўскай Аравіяй. Абодва рухі радыкальныя і вельмі дрэнна ставяцца да рэлігійных меншасцяў, з тою розніцаю, што палітычны іслам хоча стварыць ісламскія рэспублікі, затое  салафіты з’яўляюцца больш дагматычнымі, але палітычна нейтральнымі. Гэты вялікі раскол можам назіраць, напрыклад, у Егіпце, дзе Саудаўская Аравія падтрымлівае дзеянні арміі супраць «Братоў-мусульманаў». Тое самае можна заўважыць у Лівіі. Такім чынам, кіраўнікі Персідскага заліву з дапамогаю грошай і ўплываў перамагаюць палітычны іслам. Для гэтага яны выкарыстоўваюць больш радыкальных і дагматычных салафітаў.

— На «шахматную дошку» канфлікту на Бліжнім Усходзе выходзяць таксама сусветныя (ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, Расія) і мясцовыя дзяржавы (Іран, Саудаўская Аравія, Турцыя, Ізраіль, Катар і інш.). Якія палітычныя, гаспадарчыя і рэлігійныя мэты пераследуюць гэтыя дзяржавы?

— Сітуацыя вельмі складаная, тым больш што дзейнасць розных міжнародных і мясцовых «акцёраў» часта здаецца  непаслядоўнаю. Злучаныя Штаты Амерыкі (пасля заканчэння халоднай вайны толькі сусветнай супердзяржавай) зрабілі вялікія капіталаўкладанні на Бліжнім Усходзе ў палітычную, гаспадарчую і ваенную сферы. Але вынік быў катастафічны. Гэта відаць па Афганістане, Іраку, а таксама па палітыцы, скіраванай супраць Ірана.  Сёння Амерыка слабейшая, але праблема ў тым, што яна мае незразумелую стратэгію дзейнасці. На працягу многіх гадоў ворагам нумар адзін для амерыканцаў быў Ірак, цяпер жа найбольшую небяспеку ўяўляе не шыіцкі іслам, а суніцкі. Парадаксальна, але Іран мог бы стаць рэальным саюзнікам Захаду ў барацьбе з тэрарызмам суніцкіх джыхадыстаў, у той час як цяперашнія саюзнікі ў Персідскім заліве — Саудаўская Аравія і Катар — з’яўляюцца саюзнікамі найгоршых ворагаў. Саудаўская Аравія мае  «пункцік» на Іране і падбухторвала да антыіранскай вайны. У выніку яна развязала вайну, над якой страціла кантроль.

Расія ў гэтым рэгіёне стаіць убаку, але ўсё ж адыгрывае важную ролю ў падтрымцы Ірана і Сірыі. Расійская дапамога была ключавой для захавання рэжыму Асада.

Турцыя мае найбольшыя рэгіянальныя амбіцыі і па прыкладзе Эрдагана — спачатку прэм’ера, цяпер ужо прэзідэнта, — хоча быць прыкладам нейтральнай ісламскай краіны. Але Эрдаган пралічыўся, бо на сённяшні дзень ён уцягнуты ў многія мясцовыя канфлікты.

Катар з’яўляецца маленькаю краінаю з празмерна завышанымі амбіцыямі, жадаючы быць ключавым звяном у ісламскім свеце, але канфліктуе з Саудаўскай Аравіяй — невыгаднаю суседкаю.

— Катар мае магутны сродак масавай інфармацыі — тэлебачанне Аль-Джазіра, аналаг BBC для арабскага свету...

— Тэлебачанне Аль-Джазіра з’яўляецца магутнай зброяй, але паколькі падтрымлівае палітычны іслам, то ў нейкай ступені павярнулася супраць Катара.

— Ізраіль заўсёды рабіў усё, каб падзяліць ісламскія краіны, якія яго атачаюць...

— Перш за ўсё трэба сказаць, што сучасны Ізраіль адрозніваецца ад ранейшага — краіны эмігрантаў-ашкеназаў (яўрэяў, якія паходзілі з Еўропы). Сёння Ізраіль з’яўляецца палітычна дзеяздольным, вялікі ўплыў там маюць рэлігійныя і ксенафобныя партыі. Ізраіль распачынаў сваю дзейнасць, маючы ваенную і гаспадарчую перавагу. Чым больш падзелены арабскі свет, тым больш Ізраіль адчувае сябе ў бяспецы. Ізраільскія палітыкі, такія, як Біньямін Нетаньяху, маюць прадузятае стаўленне да Ірака і падтрымліваюць суніцкіх джыхадыстаў і грамадзянскую вайну ў Сірыі, як спосаб нанясення ўдару па Ірану, б’ючы па яго саюзніку. Гэта відавочная памылка. Такая палітыка ні да чаго не прывядзе.

Ізраіль павінен выбраць: або ён хоча міру, вярнуўшы акупаваныя тэрыторыі, або хоча быць дзяржаваю насілля, якая акупуе землі іншых, прыгнятаючы або выдаляючы палестынскае насельніцтва. Ізраіль не можа называцца дэмакратычнаю краінаю, не вярнуўшы акупаваныя тэрыторыі. 

— У Еўропе дамінуе ідэя талерантнага, шматколернага і шматрэлігійнага грамадства. Але з гэтых дэмакратычных і свабодных грамадстваў выходзіць шмат джыхадыстаў, якія на ўсіх франтах ісламскай «сусветнай вайны» змагаюцца з «нявернымі». Як растлумачыць тое, што вельмі шмат маладых людзей у Еўропе прыцягвае ісламскі тэрарызм?

— Гэта вельмі важнае пытанне. Хацелася б згадаць кнігу «Не забывайцеся пра Бога» кардынала Анджэла Сколі, Міланскага арцыбіскупа. Праблема ў тым, што Еўропа сапраўды забываецца пра Бога і выракаецца рэлігійных каранёў, быццам за іх павінна быць сорамна. Дастаткова заўважыць, з якім супраціўленнем гаворыцца пра пераслед хрысціянскіх меншасцяў і забойства вернікаў у апошнія гады на Бліжнім Усходзе.

Калі размова ідзе пра ідэю шматкультур’я, то яна асаблівым чынам рэалізуецца ў Вялікабрытаніі. Шматкультур’е з’яўляецца чымсьці пазітыўным, калі пад ім разумеецца прысутнасць на дадзенай тэрыторыі і здольнасць да дыялогу і дыскусіі многіх культураў і рэлігій. Але ў Вялікабрытаніі не ўмешваюцца ва ўнутраныя справы паасобных рэлігійных групаў, кожная з якіх робіць тое, што хоча.

—  Ці можа гэта называцца праяваю поўнай свабоды, гарантаванай усім грамадзянам?

— Прынцып заплюшчвання вачэй, неўмяшальніцтва прывёў да павелічэння колькасці радыкальных ісламскіх прапаведнікаў, якія пачалі заўважна ўплываць на эмігрантаў, асабліва другога і трэцяга пакалення. Сёння ў Вялікабрытаніі ёсць пакістанцы трэцяй генерацыі, якія не адчуваюць сябе ні пакістанцамі, ні англічанамі. Гэты крызіс тоеснасці стаў прычынаю таго, што яны становяцца лёгкімі ахвярамі радыкальнай прапаганды. Дзеля талерантнасці даволі позна заўважана небяспека радыкалізацыі некаторых групаў грамадства, і яшчэ  марудней адбываецца супрацьдзеянне гэтай з’яве.

Трэба зразумець, што ў шэрагах арганізацый Ісламскай дзяржавы змагаюцца людзі постмадэрнісцкага менталітэту. Гэтыя тэрарыстычныя групы маюць вялікія рэкламныя магчымасці — іх прысутнасць у інтэрнэце адчувальная. Яны прывабліваюць шмат людзей, бо перадаюць навіны проста і дзейсна.

— Гаворачы пра трагедыю насельніцтва Бліжняга Усходу, нельга забыцца пра драматычны лёс хрысціянаў. Чаму хрысціяне, якія жывуць на гэтых землях з апостальскіх часоў, становяцца першымі ахвярамі ісламскага тэрору?

— Хрысціяне з’яўляюцца меншасцю сярод суніцкіх і шыіцкіх групаў. Людзі, якія пасяліліся на гэтай тэрыторыі перад ісламам, з’яўляюцца як бы сектанцкаю супольнасцю, яны не маюць зброі, як іншыя групы, вядуць дыялог з усімі. Калі грамадства распадаецца, усе яго несектанцкія элементы атакуюцца. У апошні час мы сутыкаемся з групамі джыхадыстаў Ісламскай дзяржавы, якія не прымаюць культурнай і рэлігійнай разнастайнасці — яны хочуць стварыць штучны Бліжні Усход толькі для такіх людзей, як яны. Па гэтай прычыне робіцца напад на хрысціянаў, якія становяцца для іх лёгкаю здабычаю з-за няўзброенасці.

— Халдэйскі арцыбіскуп Масула Эміль Нона выказаў вельмі цвярозы погляд на сучасную сітуацыю. Перадусім ён звяртае ўвагу на тое, што фундаментальных баевікоў можна перамагчы, «аб’яўляючы ім вайну і блакуючы сродкі іх фінансавання». Нас, жыхароў Захаду, ён перасцерагае, бо, на яго думку, мы не разумеем ісламу — «фундаменталісты з’яўляюцца пагрозаю для ўсіх, яшчэ больш для вас на Захадзе, чым для нас. Прыйдзе час, калі вы будзеце шкадаваць за вашу палітыку. Абшар дзейнасці гэтых групаў — увесь свет, а мэта — навярнуць людзей у іслам з дапамогаю мяча і забіць усіх іншых». Калі гэтыя словы прамаўляе той, хто жыве ў мусульманскім свеце і ведае яго вельмі добра, мы павінны над імі задумацца...

— Арцыбіскуп Масула працуе ў жудасных умовах, таму ён мае рацыю. Захад вельмі доўгі час недаацэньваў гэтую праблему, пакінуўшы на волю лёсу хрысціянскія супольнасці. Баючыся быць асуджаным у каланіялізме (гэта нонсэнс, бо хрысціяне жывуць там дзве тысячы гадоў!), Захад баяўся абараняць гэтыя супольнасці. Бараніць хрысціянаў на Бліжнім Усходзе — значыць бараніць святыя правы гэтых супольнасцяў: права на жыццё там, дзе яны жылі спрадвеку, і права на рэлігійную свабоду.

Шмат гадоў мы рабілі выгляд, што такія саюзнікі, як Саудаўская Аравія, Катар і Турцыя, падтрымліваюць небяспечныя рухі фундаменталістаў. Безумоўна, гэтыя рухі не затрымліваюцца ў межах дзяржаваў, бо іх амбіцыі маюць на мэце навярнуць увесь свет у іслам. Аднак трэба падкрэсліць, што такія рухі з’яўляюцца меншасцю ў ісламе і перш за ўсё змагаюцца з іншымі мусульманамі (свецкімі і ўмеркаванымі). Гэта падобна да гангрэны, якая будзе распаўсюджвацца, калі яе не затрымаць. Трэба моцна ўдарыць па гэтых рухах, бо страчана шмат часу. Але нельга забываць, што ў шэрагах Ісламскай дзяржавы змагаецца мноства еўрапейскіх жыхароў, і гэтыя людзі, вярнуўшыся ў свае краіны жыхарства ў Еўропе, прынясуць іх джыхад  — «святую вайну» — да нас.

У той жа час нам трэба задумацца над тым, што да гэтага часу Еўропа не адзін раз выракалася сваіх хрысціянскіх каранёў. Нам не трэба баяцца гэтых каранёў або навязваць хрысціянства сілаю, але трэба ўказаць на той факт, што Еўропа была народжаная як хрысціянскі кантынент.

Падрыхтавала Іна Бігель.
Паводле:  http://www.niedziela.pl/    
   

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней