Чацвёртая звычайная нядзеля, год В (1.02.2015)«Я хачу, каб вы былі бесклапотнымі. Нежанаты клапоціцца пра справы Пана, як спадабацца Пану. А жанаты клапоціцца пра справы гэтага свету, як спадабацца жонцы, і ён падзелены. Таксама незамужняя жанчына і дзева клапоціцца пра справы Пана, каб быць святою і целам, і духам, а замужняя клапоціцца пра справы гэтага свету, як спадабацца мужу. Кажу гэта для вашай карысці, не для таго, каб накінуць на вас путы, але для таго, каб вы прыстойна і вытрывала служылі Пану» (1 Кар 7, 32–35).
Пяць умоваў, каб быць чалавекам добрай волі
Сёння ў чытанні Першага паслання Апостала Паўла да Карынцянаў мы чуем заклік да таго, каб падабацца Пану. Каб падабацца Яму, трэба быць чалавекам добрай волі. А што гэта значыць? Я хачу падзяліца з вамі некаторымі думкамі з разважанняў айца Тадэвуша Банкоўскага на гэтую тэму. Ён лічыць, што, каб быць чалавекам добрай волі, трэба імкнуцца выконваць некалькі ўмоваў.
Што значыць быць чалавекам добрай волі? Магчыма, мой эгаізм вінаваты ў тым, што не складваецца маё жыццё з людзьмі?
Кожны павінен быць чалавекам добрай волі. Умовы? Іх пяць.
1. Бачыць дабро там, дзе яно відавочнае.
Здараецца, што жыве побач чалавек, які і пабожны, працавіты, добры, а мне цяжка гэта бачыць. Магчыма, калісьці ён пакрыўдзіў мяне, і я пра гэта памятаю — а крыўда магла адбыцца міжволі. Але з таго часу я негатыўна стаўлюся да гэтай асобы. Важна не прыпадабняцца да дэтэктываў і шукальнікаў зла, не быць дальтонікамі, якія не могуць бачыць дабра нават там, дзе яго ясна відаць, дзе чалавек вельмі станоўчы.
2. Бачыць дабро там, дзе яно схаванае.
Бачыць дабро, утоенае сярод недахопаў, грахоў і слабасцяў. Здараецца, што дабро не заўсёды відавочнае, бо не заўсёды зразумелае. Не заўсёды я магу сказаць, што пэўны чалавек на сто адсоткаў добры, мудры, але заўсёды магу сказаць, што у кожнага ёсць добрыя бакі і рысы характэру. Калі нават яны невідавочныя і схаваныя сярод слабасцяў, зла і кампрамісаў з ім, неўрозаў ці яшчэ чаго-небудзь. Няма такой асобы, у якой было б адно толькі зло. Калі нехта быў бы ўвасабленнем зла, гэта быў бы д’ябал. Такіх людзей на зямлі няма.
3. Добра думаць і добра гаварыць пра бліжняга.
Калі мы вяртаемся дамоў пасля сустрэчы з людзьмі, як мы пра іх распавядаем сваім блізкім? Кажам пра добрае ці пра злое? Гэта тэст!
Добра думаць і добра гаварыць пра бліжняга — гэтыя дзве рэчы звязаныя між сабою. Не будзеш добра казаць, калі не будзеш добра думаць. Няма добразычлівасці знешняй, калі няма яе ўнутры. Калі не хапае зычлівасці ў словах, няма яе ў думках. Трэба быць адвакатам людзей. Мы не наіўныя, не адмаўляемся ад крытычнасці, не заплюшчваем вачэй на зло, але трэба бачыць у чалавеку дабро. Гэта спакуса — бачыць зашмат чорнага ў чалавеку.
4. Служыць.
У гэтым дапаможа прыклад Хрыста і святых.
5. Правільна рэагаваць на зло.
Апошняя ўмова для таго, каб быць чалавекам добрай волі — рэагаваць на зло са спакоем, з цярплівасцю, з малітваю, з пакутаю.
Дзве няправільная рэакцыі на зло, нават калі праўда на тваім баку:
а) рэакцыя гвалтоўная, з крыкамі.
б) дэманстратыўнае, зацятае маўчанне. Так ты выказваеш свой гнеў. Калі рэакцыя на зло няправільная, гэта перашкаджае добрай справе. У канфлікце перамагае той, хто здольны захаваць спакой.
Хай вядзе нас Хрыстус, Князь Супакою.
Падрыхтаваў айцец Раман Шульц OP