Я пачакаю, пакуль ты не ачысцішся

Сустрэча Анны са сваячкаю

Паведамленні Анны пра сустрэчы з душамі памерлых былі запісаныя і выдадзеныя ў кнігах «Дазвольце любові агарнуць вас», «Божае выхаванне», у публікацыі «Сведчанне Божай міласэрнасці».

У гэтай публікацыі змешчана адно са сведчанняў, якое запісала Анна пасля сустрэчы з душою памерлай сваячкі.

Працяг. Пачатак чытайце ў № 2–3, 2015 г.

Я не адчувала болю. Зусім. Адна хвіліна, адна тысячная хвіліны, нібы ўздрыг, вырванне расліны з глебы і... нічога болей. <...> Потым я думала толькі пра сябе. Ні з кім з вас мяне не звязвала любоў, я не думала пра ваш смутак і тым больш не шкадавала аб жыцці. Я надалей заставалася сабою з усім багажом свайго добрага меркавання пра сябе. Вядома, вельмі задаволеная, што мае ўяўленні (але не вера) спраўдзіліся, і мне стала цікава, што будзе далей.

Я здалёк убачыла матулю, <...> усю сям’ю. Яны ўсміхаліся мне, але не падыходзілі, таму я вырашыла падысці сама і... адчула супраціўленне. Ведаеш, якая я заўсёды была чыстая і ўспрымальная да пахаў. А тут быў страшны смурод гніення мярцвячыны. Раптам я зразумела, што гэта я так пахну. Мяне агарнуў жах. Не маё адзенне, а я сама гніла. Чаму? Што са мною адбываецца? Я ж — дух. Я пачула, а дакладней, зразумела голас — каля мяне быў Анёл Ахоўнік, вельмі высокі, прыгожы, сур’ёзны і вельмі сумны. Ён быў нібы неўспрымальны да гэтай задухі, ад якой я ледзь не траціла прытомнасць. Ён сказаў мне: «Гэты пах ты сама выбірала на працягу ўсяго жыцця. Прыглядзіся да сябе». У гэты момант я зразумела, што выбірала. Зразумела, што ўсе мае «скарбы» — марнасць, пацяруха, гніль. У мяне, як кажуць, усё жыццё пранеслася перад вачыма — я імгненна зразумела сябе, кожны свой выбар і яго матывы, я ўзгадала сотні тысячаў магчымасцяў выбраць дабро, адкінутых з-за ўласнай выгады, задавальнення, амбіцый, жадання падабацца, быць важнаю і г.д.; і ўсё гэта — з-за прагнай, ненасытнай любові да сябе. «Мой» Анёл нібы спадарожнічаў мне ў гэтым пазнанні: паказваў адкінутыя магчымасці, боль блізкіх людзей, іх пачуцці з-за маіх паводзінаў, крыўды, якія я ўчыняла ім, калі магла зрабіць дабро, але не рабіла, бо мне не хацелася... Я пачала разумець нават маленькія, мізэрныя матывы сваіх паводзінаў, а таксама іх вынікі для сябе і для іншых. Я сама ўсё больш забруджвалася і іншым дадавала цяжару, спіхваючы на іх усё, што мне не падабалася. Колькі ж я прынесла цярпення матулі, а ў апошнія гады — табе! Я адчувала сябе прыгнечанаю, пагарджанаю самой сабой, нібы я сама рабіла ўсё, каб стаць убогаю, бруднаю, смярдзючаю. І ўсё гэта было праўдаю. Я не магла абараняцца, бо прычыны былі зразумелыя...

Я была ў роспачы. Я зразумела, што ўсё доўгае жыццё я любіла толькі сябе... Я засталася сам-насам з сабою, пазбаўленая ўсяго, без ніякіх апраўданняў, тлумачэнняў і нават заслугаў. Бо за ўсё, што я рабіла, я брала плату — не толькі ў грашах, але і ў форме падзякі, падарункаў, захаплення і розных паслугаў... Гэта быў страшны шок, але збавенны, хоць як чалавек я ўжо памерла б, бо цела не вытрымала б такога сораму, роспачы ад непапраўнасці ўчыненага зла і моцнага шкадавання, што я ўжо ніколі не выпраўлю яго. Я сама сабе вынесла прысуд! Гэта пекла, хоць і часовае, а для тых, хто няздольны да раскаяння, — напэўна, толькі ўваход у пекла...

Аднак наш Пан Езус Хрыстус не грэбаваў мною. Я ўбачыла Яго як чароўнае святло, якое не асляпляла, а выпраменьвала цяпло і любоў. Пан сказаў: «Цяпер, пазнаўшы сябе, ці можаш ты любіць сябе?» Я рашуча, з агідаю адказала: «Не!». — «Але Я цябе люблю нават такою, якая ты ёсць». Я лічыла, што гэта немагчыма, аднак Пан дадаў: «Я заплаціў за цябе сваёю крывёю. Ці хочаш ты быць са Мною?» Я з плачам адказала: «Але ж я не магу. З такім брудам!» Пан сказаў: «Я пачакаю, пакуль ты не ачысцішся. Я хачу, каб ты была са Мною, бо люблю цябе з таго моманту, калі даў табе жыццё. Ты заўсёды была любімая». Тады да мяне пачало прыходзіць разуменне, колькі я атрымлівала ад Пана на працягу ўсяго жыцця, а таксама бясконцая ўдзячнасць і радасць. У перыяд ачышчэння мне дапамагала ўся сям’я і ўсе блізкія... Цяпер я ў доме Пана. І надалей усё больш і больш вучуся любові. Любі, бо ў любові ёсць Ён!

Пераклад з польскай мовы Таццяны Трафімчык.
Паводле: Miłujcie się, № 3–4 / 2001.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней