Як на працягу дня знайсці час для Вялікага посту

Хуткі тэмп вашага жыцця пакідае няшмат часу і энергіі для традыцыйных практыкаў Вялікага посту. Але вы ўсё ж можаце знайсці час для духоўнай асэнсаванасці і служэння ў вашым інтэнсіўным графіку. Рэч ў тым, каб убачыць, што велікапосныя практыкі з'яўляюцца часткаю, а не дадаткам да дзейнасці ў вашым напружаным дні.

Тры асноўныя практыкі посту — малітва, пост і міласціна. Вось як можна скарыстацца імі з большаю карысцю.


Штодзённая малітва

Калі ў вас увойдзе ў звычку маліцца кожны раз, калі нехта раздражняе вас, падразае вас на дарозе або ўскладняе вам жыццё; калі нехта зробіць вам паслугу, калі нехта вас ветліва абслужыць, або калі нешта радаснае адбываецца з вамі — хутка вы зразумееце, што моліцеся асаблівым чынам на працягу ўсяго дня. Паспрабуйце звярнуцца да гэтай простай практыкі, і вы заўважыце заклік Каталіцкага Касцёла да больш інтэнсіўнай малітвы падчас Вялікага посту. Вы таксама заўважыце, што гэтая звычка робіць вашае жыццё спакайнейшым, вы адчуеце сябе больш засяроджаным, і ваш дух лепш спазнае прысутнасць Бога.


Розныя тыпы посту

Ёсць шмат спосабаў пасціць. Чаму б не пасціць ад празмернай крытыкі, плётак, асуджэння іншых, чутак? Чаму б не ўстрымлівацца ад неабгрунтаванага страху і трывогі? Вы можаце таксама сказаць свайму ўнутранаму голасу, які крытыкуе вас, не разбураць вашу здольнасць быць такім чалавекам, якім Бог заклікае вас быць.


Аддаваць сябе

Штодзённае жыццё таксама прапануе незлічоныя магчымасці аддаваць сябе іншым (міласціна), і большасць з іх не звязана з вашым кашальком. Заахвочвайце тых, хто сумняваецца; хваліце тых, хто няўпэўнены; праявіце дабрыню да таго, каму патрэбна дапамога, і скажыце словы падзякі тым, чые паслугі часта застаюцца недаацэненымі. Падарыце сваю ўвагу тым, хто проста хоча быць заўважаным. Раскажыце сваім дзецям гісторыі пра людзей, якімі вы захапляецеся. Не эканомце на вашых усмешках, шчодра раздавайце іх тым, каго сустракаеце. І самае галоўнае — дарыце сваю любоў вашым блізкім. Абніміце іх і скажыце, што яны значаць для вас. Такім чынам вы адкрыеце сваё сэрца для Бога і для блізкіх.

Таму незалежна ад таго, наколькі вы занятыя ў сваім жыцці, з большым усведамленнем і новымі перспектывамі вы зможаце свядома маліцца, пасціць і аддаваць сябе іншым і Богу падчас посту — і вы будзеце гатовыя святкаваць, калі прыйдзе радасны світанак Вялікадня.

Пераклад з англійскай мовы Эльвіры Палінеўскай.
Паводле: http://www.loyolapress.com

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней