Першая нядзеля Вялікага посту, год В (22.02.2015)«У той час:
Дух павёў Езуса ў пустыню. І быў Ён у пустыні сорак дзён, а сатана выпрабоўваў Яго; і быў Ён са звярамі, і анёлы служылі Яму. Пасля таго як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае і кажучы: „Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае; кайцеся і верце ў Евангелле“» (Мк 1, 12–15).
Выбіраць найлепшае
Пост — гэта не толькі і не столькі ўстрыманне ад ежы, алкагольных напояў і гучных забаваў. Пост — асабліва Вялікі — гэта больш актыўнае змаганне са злом у душы верніка. Злы дух, як вядома, зусім не зацікаўлены ў нашым збаўленні і выкарыстоўвае кожную слабасць чалавека, каб пераканаць яго збочыць са збаўчага шляху. Усё, пачынаючы ад натуральных патрэбаў і схільнасцяў да самых узнёслых духоўных памкненняў, можа стаць тою сфераю, праз якую д’ябал імкнецца ўздзейнічаць на чалавечыя розум і волю. Аднак трэба памятаць, што сатана ніколі не можа змусіць чалавека да таго, чаго той сам не захоча. Таму самы лепшы сродак у змаганні са злом — не жадаць яго ўсёй душою. Але гэтага яшчэ не дастаткова. Трэба таксама моцна хацець дабра і імкнуцца да яго. Трэба ведаць, што такое сапраўднае дабро і ўмець правільна вызначыць іерархію каштоўнасцяў, бо, ставячы меншае дабро на месца большага, мы можам размінуцца са сваім шчасцем. Менавіта пост — найлепшая нагода для таго, каб усё ў нашым жыцці паставіць на сваё месца і адмовіцца нават ад некаторых добрых рэчаў на карысць яшчэ лепшых. Сапраўды, у свеце ёсць шмат добрага, і немагчыма ўсё зведаць, усё паспрабаваць. Таму трэба вучыцца выбіраць найлепшае — Бога і тое, што дапамагае наблізіцца да Яго, захаваць сваю чалавечую і хрысціянскую годнасць, а таксама ва ўсім, нават у спакусах і выпрабаваннях бачыць станоўчыя моманты.
Менавіта гэтаму вучыць нас Пан Езус праз свой саракадзённы пост у пустыні, перажытыя спакусы, пакуты і крыжовую смерць, якая адчыніла для нас брамы неба.
Няхай жа падчас гэтага Вялікага посту кожны з нас, карыстаючыся Божаю дапамогаю, запалае моцным і трывалым жаданнем трапіць туды, дзе чакае нас уваскрослы Езус, у супольнасць анёлаў і святых, і навучыцца рабіць усё, што ад нас залежыць, каб гэтае жаданне ажыццявілася.
Айцец Міхал Ермашкевіч OP