Электроніка нас змяняе

Я не збіраюся наракаць і скардзіцца. Электроніка, якою мы так ахвотна сябе акружаем, змяняе нас. Наш мозг, нашыя целы. Ці дрэнна гэта? Не ведаю. Напэўна, гэта зручна.

Я згодны, што зручнасць — гэта даволі блізарукі крытэрый выбару. Але давайце не будзем сябе падманваць. У развіцці мы робім стаўку менавіта на выгоды і паляпшэнне якасці жыцця. Аднак трэба ўсведамляць, што чалавечы арганізм адаптуецца да новых умоваў. Дзякуючы гэтаму мы як біялагічны від дасягнулі поспеху ў эвалюцыі. Гэтая рыса (зрэшты, не толькі нашая, але і ўсіх жывых істотаў) азначае, што нашыя звычкі, нашыя эмоцыі і нашыя целы падлягаюць зменам пад уплывам таго, што мы самі стварылі. Хоць гэты працэс амаль незаўважны, ён непазбежны і даволі хуткі.

Мы расцём

Паглядзім на гэтую справу ў больш шырокім кантэксце. Мы харчуемся па-іншаму, чым нашыя продкі, маем іншы стыль жыцця, іншыя патрэбы і іншыя патрабаванні. Ужо некалькі дзясяткаў гадоў сярэдні рост людзей павялічваецца. Ёсць шмат прычынаў гэтага: добрае харчаванне, задавольванне ўсіх біялагічных патрэбаў арганізма, небывалае развіццё медыцыны і… усё большая колькасць дадаткаў да ежы. Сцежкі, па якіх ідзе эвалюцыя, неразгаданыя, і, хто ведае, можа, праз некалькі стагоддзяў стандартны чалавек будзе два метры ростам… Можа, калісьці ў нас будуць непрапарцыянальна доўгія рукі і пальцы. Ужо сёння ў выніку SMS-перапіскі, набору тэкстаў на клавіятуры і карыстання кансолямі для гульняў навукоўцы заўважаюць змены ў будове суставаў у далонях маладых людзей.

Змяншэнне мозгу з прычыны меншай колькасці інфармацыі, якую неабходна запомніць, нам не пагражае. Ужо не толькі практыка паказвае, але і ўсё больш экспертаў па адукацыі патрабуюць, каб дзеці не завучвалі ў школе інфармацыі на памяць, каб не зазубрывалі звесткаў па асобных прадметах, бо ўсё можна знайсці ў інтэрнэт-базах і энцыклапедыях. Інфармацыя даступная літаральна на адлегласці выцягнутай рукі, у тэлефоне, падключаным да інтэртэту.

Праз нейкі час па інфармацыю не трэба будзе нават працягваць рукі. Ужо сёння можна купіць акуляры, якія ўсё, што мы пажадаем, пакажуць нам непасрэдна перад вачыма. Навошта ў такім выпадку завучваць інфармацыю? Хіба гэта не марнаванне часу і нашай «дыскавай прасторы», або мозгу?

Пра аб’ём мозгу турбавацца не трэба, большаю праблемаю з’яўляецца час, які мы прысвячаем вучобе. Няпраўда, што сучасныя школьнікі вучацца ўсё менш. Проста яны вучацца па-іншаму і засвойваюць іншыя галіны ведаў, чым іх бацькі, дзядулі і бабулі. Мала хто сёння ведае апастрофу «Пана Тадэвуша» на памяць. Гэтае месца ў мозгу занялі, напрыклад, веды пра функцыянаванне сацыяльных парталаў. Сучасныя дзеці (насуперак таму, што часта сцвярджаюць іх дзядулі і бабулі) зусім не разумнейшыя за дзяцей у мінулым. Проста веды дзяцей прыстасаваныя да выклікаў часу, у які яны жывуць. Старэйшыя людзі маюць праблемы з гэтымі выклікамі.

Лічбавае жыццё

Мой знаёмы, бацька двух дзяцей, адно з якіх вучыцца ў гімназіі, а другое — у апошніх класах базавай школы, сказаў, што яны не ведаюць алфавіту. «Разумееш, — кажа ён, — я вучыў яго, капаючыся ў слоўніках у пошуках складанага слова або ў энцыклапедыях, калі хацеў знайсці канкрэтны артыкул. Сёння ніхто не капаецца ў кніжках. Слова проста ўпісваецца ў інтэрнэт-слоўнік, які адразу выдае адказ». Здаецца, алфавіт — аснова вывучэння кожнай мовы. А можа, так толькі ў нашых старэйшых галовах? У некаторых школах у Фінляндыі дзеці не вучацца пісаць ад рукі — яны адразу пішуць на клавіятурах. У нас такіх школаў яшчэ няма, але гэта толькі пытанне часу. Навошта вучыцца пісаць ад рукі, калі пераважная большасць з нас у пераважнай большасці выпадкаў не карыстаецца гэтым. Зразумела, чыстапісанне — не толькі мэта адукацыі, але і сродак для развіцця тых часткаў мозгу, якія ў далейшым жыцці будуць адказваць за дакладнасць рухаў, прасторавае ўяўленне і арыентацыю ў прасторы. Ці не пацерпяць гэтыя ўменні без навучання пісьму? Не. Даследаванні паказваюць, што дзеці, якія малююць на камп’ютары або гуляюць у гульні, што патрабуюць дакладнасці рухаў, спраўляюцца гэтак жа добра, а часам нават лепш за тых, хто вучыцца пісаць на паперы.

І зноў мы вяртаемся да пытання: што ў дарослым жыцці сучасных дзяцей будзе больш прыдатнае? Уменне хутка пісаць на клавіятуры (на экране) ці старанна пісаць на паперы? Зразумела, заўсёды можна сказаць, што спатрэбіцца і адно, і другое, але тут мы трапляем у пастку. Мозг кожнага з нас мае даволі абмежаваны час на хуткае навучанне. Псіхолагі, педагогі і неўролагі згодныя ў тым, што кожны з нас нараджаецца з мозгам патэнцыйнага генія. З узростам мозг, які першапачаткова быў арыентаваны на засвойванне інфармацыі, становіцца «прыладаю» для яе аналізу і спраўнага выкарыстання. Працэс інтэнсіўнай адукацыі не можа працягвацца бясконца, бо ў пэўным узросце становіцца проста неэфектыўным. Іншымі словамі, немагчыма навучыцца ўсяму, трэба выбраць, а адным з крытэрыяў выбару павінна быць прыдатнасць атрыманых ведаў і ўменняў у штодзённым жыцці. Калі заканчваецца перыяд, падчас якога наш мозг прадуктыўна вучыцца? Лічыцца, што ён працягваецца прыкладна да 20-га года жыцця. За гэты час змяняецца будова мозгу. У некаторых яго частках адмірае да 85 адсоткаў нейронаў. Гэта не значыць, што мозг памяншаецца. Як свайго роду кампенсацыя развіваюцца іншыя часткі мозгу. Забытая інфармацыя не гіне, пачынаецца час, калі яна будзе выкарыстоўвацца.

Глупства? Можа, і так

Выкарыстанне электронных прыладаў шырока распаўсюджана, але эксперты сцвярджаюць, што гэта толькі пачатак эры, у якой чалавек і электроніка будуць усё больш інтэгравацца. Гэта гучыць даволі жудасна, але ўжо сёння мы маем справу з такой інтэграцыяй. Я не буду тут пісаць пра кібернетыку або пра імплантацыю ў жывы арганізм электронных кампанентаў. Пакуль што яны служаць ратаванню жыцця і паляпшэнню яго якасці. Але нават здаровыя, працуючыя людзі ўсё глыбей і ахвотней дапускаюць у сваё жыццё электронныя прылады. Усё больш інфармацыі мы выкідваем з галавы і закідваем у штучную памяць. Мы ўсё часцей дазваляем, каб менавіта электроніка прымала за нас рашэнні, напрыклад, падчас язды на аўтамабілі. Хутка халадзільнік будзе замаўляць у інтэрнэт-краме прадукты, якія ў ім заканчваюцца, а каларыферы стануць змяншаць сваю тэмпературу, калі «заўважаць», што ў пакоі нікога няма. Гэтыя дасягненні ўжо даступныя на рынку. Так, як і паясы, што высылаюць доктару паведамленне, калі паказчыкі працы арганізма ўладальніка адыходзяць ад нормы. Фірма «Intel» выпусціла нават паўзункі, якія паказваюць жыццёвыя функцыі немаўляці на смартфоне бацькоў. Глупства? Можа, і так.

Мы жывём на планеце, дзе прыладаў, падключаных да сеткі, больш, чым людзей. Да 2018 г. такіх прыладаў будзе 10 мільярдаў. Мы стаім на парозе рэвалюцыі, якая называецца «інтэрнэтам рэчы». На парозе эпохі, у якую ўсё, што нас атачае, будзе далучанае да сеткі. Рэчы будуць дамаўляцца паміж сабою без нашага ўдзелу, а кіраванне імі ўсё часцей будзе адбывацца без т.зв. перыферыйных прыладаў, такіх як клавіятуры ці мышкі. На рынку ўжо ёсць тэлефоны, якія ўключаюць экран толькі тады, калі на яго глядзіць уладальнік. Пагрозы? О, іх вельмі шмат! Страта прыватнасці, кібертэрарызм ці, яшчэ горш, адчужэнне асобы. Але пагрозы заўсёды спадарожнічаюць развіццю. Шанцы? The sky is the limit, як казаў Джэймс Бонд. У літаральным перакладзе гэта азначае, што толькі неба нас абмяжоўвае, а ў перакладзе вольным — што няма нічога немагчымага.


P. S. Я напісаў гэты тэкст і сказаў камп’ютару, каб ён яго выслаў. Пісанне мяне стаміла, таму я лёг на канапу. Праўда, у мяне была запланаваная сустрэча, але да выхаду з дома яшчэ заставалася гадзіна. Я папрасіў тэлефон, каб ён мяне разбудзіў. Бачачы, што я хачу адпачыць, адпаведны датчык патушыў святло, а іншы завесіў шторы. Я заснуў. Праўда, у гэты час хтосьці спрабаваў увайсці на мой банкаўскі рахунак, але сістэма бяспекі прыняла гэта за спробу ўзлому — паколькі я спаў на канапе, то не мог адначасова правяраць стан фінансаў. Цягнік, на якім я павінен быў ехаць на сустрэчу, спазняўся. Мабільнік праінфармаваў астатніх удзельнікаў, што я спазнюся, і адначасова дазволіў мне даўжэй паспаць. Калі б цягнік адмянілі, сістэма праверыла б, колькі часу мне патрэбна (улічваючы заторы і рамонты вуліцаў) на тое, каб даехаць да пункта прызначэння на аўтамабілі. Калі б у баку было мала бензіну, сістэма палічыла б яшчэ час на запраўку. Калі б на вуліцы была нізкая тэмпература, сістэма ўключыла б рухавік аўтамабіля так, каб я сеў у нагрэтую машыну. А перш чым будзільнік зазвінеў бы, ён зрабіў бы мне каву. Менавіта такую, як я люблю, з вялікаю колькасцю малака і маленькім шчопцем цукру.

Томаш Рожак

Пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка.
Паводле: www.gosc.pl

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней