Чацвёртая нядзеля Вялікага посту, год В (15.03.2015)
«І як Майсей узняў змея ў пустыні, так павінен быць узняты Сын Чалавечы, каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае. Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго. Хто верыць у Яго, не бывае асуджаны, а хто не верыць, той ужо асуджаны, бо не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага. А суд у тым, што святло прыйшло на свет, але людзі больш палюбілі цемру, чым святло, таму што ўчынкі іхнія былі ліхія. Бо кожны, хто чыніць зло, ненавідзіць святло і не ідзе да святла, каб не выявіліся яго ліхія ўчынкі. А хто чыніць праўду, ідзе да святла, каб яўнымі былі ўчынкі ягоныя, бо яны здзейсненыя ў Богу» (Ян 3, 14–21).
Не загінуць, але мець жыццё
Бог першы выходзіць насустрач, каб уратаваць нас. Ці патрэбны нам паратунак? Можна адказаць, што мы самі дамо сабе рады, бо чалавек і грамадства знаходзяцца на высокім узроўні развіцця, а прагрэс увесь час ідзе наперад. Але дастаткова агледзецца навокал, каб убачыць, што не ўсё так добра і ёсць сур’ёзныя прычыны для клопату. Калі мы можам абысціся без Божай дапамогі і ласкі, чаму далей у свеце пануе гвалт, войны, несправядлівасць, пакуты? Няўжо гэтыя рэчы можна лічыць нормаю?
«Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго». Бог прыходзіць дапамагчы нам, каб чалавек не загінуў у граху. Не таму, што хоча нагадаць нам пра нашую слабасць, а таму што бязмерна любіць нас — сваіх дзяцей. А кожны, хто любіць, хоча, каб умілаваная асоба жыла.
Аднак, калі нехта знаходзіцца на даху дому, які заліла паводка, і не хоча перасесці ў ратунковую лодку, калі нехта захлынаецца вадою, але не хоча працягнуць рукі таму хто яго ратуе, ці можа казаць, што ён не быў заўважаны і застаўся без дапамогі?
«Хто верыць у Яго, не бывае асуджаны, а хто не верыць, той ужо асуджаны, бо не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага». А як жыву я? Уцякаю ад Бога альбо імкнуся да Яго? Што выбіраю я: цемру ці святло?
Айцец Павел Мажэйка OP