Пятая нядзеля Вялікага посту, год В (22.03.2015).

«Былі некаторыя грэкі сярод тых, хто прыйшоў пакланіцца Богу на свята. Яны падышлі да Філіпа, які быў з Бэтсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: „Пане, мы хочам бачыць Езуса“. Прыйшоў Філіп і сказаў пра гэта Андрэю. Потым Андрэй і Філіп пайшлі і расказалі Езусу.

А Езус сказаў ім у адказ: „Настала гадзіна, каб быў услаўлены Сын Чалавечы. Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён. Хто любіць жыццё сваё, загубіць яго, а той, хто ненавідзіць жыццё сваё на гэтым свеце, захавае яго для вечнага жыцця. Калі хто служыць Мне, няхай ідзе Маім шляхам; і дзе Я, там будзе і слуга Мой. І хто Мне служыць, таго ўшануе Айцец Мой. Цяпер усхвалявана душа мая; і што Мне сказаць? Ойча, захавай Мяне ад гэтай гадзіны. Але ж дзеля гэтай гадзіны Я і прыйшоў. Ойча, услаў імя сваё!» І пачуўся з неба голас: „Уславіў і ўслаўлю зноў!“

Натоўп жа, які стаяў і чуў гэта, казаў: „Гэта гром“. Іншыя казалі: „Анёл гаварыў з Ім“. Адказваючы, Езус сказаў: „Не дзеля Мяне быў гэты голас, але дзеля вас. Цяпер адбываецца суд над гэтым светам; цяпер князь гэтага свету будзе выкінуты вон. І Я, калі буду ўзняты над зямлёю, усіх прыцягну да сябе“. Казаў жа Ён гэта, прадказваючы, якою смерцю меў памерці» (Ян 12, 20–33).

Я люблю цябе, жыццё!

«Я люблю цябе, жыццё!» — спяваецца ў многіх песнях і на розных мовах. «Жыццялюб!» — станоўча і з захапленнем ахарактарызуюць актыўнага таварыскага чалавека. А калі той адыходзіць у вечнасць, сябры і знаёмыя з жалем і сумам скажуць пра яго: «Ён так любіў жыццё!». Адным словам, жыццё лічыцца найбольшай каштоўнасцю. Сапраўды, каб увогуле штосьці мець, трэба перш за ўсё жыць. Чаму ж тады мы чуем суровыя словы Пана Езуса: «Хто любіць сваё жыццё, загубіць яго, а той, хто ненавідзіць жыццё сваё на гэтым свеце, захавае яго…». Ці не таму, што для многіх любоў да жыцця вынікае з упадабання задавальненняў, якія яно нясе і нежадання ўспрымаць розныя цяжкасці і выпрабаванні як яго неад’емную частку? Ніхто ж не назаве нармальным кагосьці, хто любіць боль, прыніжэнні, знявагі і г.д. Усе імкнуцца іх пазбегнуць, а калі гэта не ўдаецца, пачынаюцца нараканні... У многіх выпадках дзейнічае адсутнасць веры ў жыццё вечнае ці падсвядомае перакананне ў тым, што там не будзе нічога з таго, што так радавала на зямлі або проста страх перад невядомым. Менавіта такая «любоў да жыцця» ў крытычныя моманты для некаторых людзей становіцца прычынаю пазбаўлення жыцця іншых, нават тых, хто яго толькі пачынае. Прыкладаў, калі чалавек шануе толькі ўласнае жыццё і робіць усё для яго захавання або падтрымання на лепшым узроўні, прыносячы ў ахвяру жыццё іншых, на жаль, вельмі шмат.

З іншага боку, жыццё многіх людзей пазначана вялікім цярпеннем. Некаторыя не могуць далей зносіць гэты цяжар і ў імкненні яго пазбыцца робяць адчайны крок, не думаючы, што ён зусім не прынясе палёгкі, а наадварот, стане прычынай яшчэ большых пакутаў у вечнасці (хіба што гэтае дзеянне не зусім свядомае або дабравольнае). У той жа час гісторыя і сучаснасць дні паказваюць шмат прыкладаў, калі людзі, маючы выбар страціць або захаваць уласнае жыццё, развітваюцца з ім, каб зберагчы жыцці іншых ці каб захаваць вернасць сваім ідэйным, маральным або рэлігійным перакананням. Яны ўсведамляюць, што, нягледзячы на сваю каштоўнасць, зямное жыццё не з’яўляецца канчатковаю і абсалютнаю вартасцю. Для веруючага чалавека гэтай вартасцю з’яўляецца Даўца жыцця ўсяго зямнога і вечнага, імкненню да якога павінна быць падпарадкавана ўсё, што мы робім на зямлі. Таму нянавісць да жыцця на гэтым свеце зусім не азначае роспачы перад абліччам цяжараў і цярпенняў. Гэта ўпэўненасць у тым, што трэба рашуча адмаўляцца ад усяго, што прыемнае і жаданае, але што можа перашкодзіць жыць паводле Божай волі. Хто прывязаны да прамінальных зямных радасцяў, у момант смерці іх страціць і не атрымае нічога з вечных скарбаў, якія зусім не цаніў у гэтым свеце і якія адзіныя могуць зрабіць чалавека па-сапраўднаму шчаслівым. І наадварот, зямное цярпенне, перажытае ў еднасці з крыжам Хрыста, адчыніць брамы вечнага жыцця, падоранага Уваскрослым.

Айцец Міхал Ермашкевіч OP

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней