Раны Хрыста — гэта і нашыя раны

Другая Велікодная нядзеля, Нядзеля Божай Міласэрнасці, год В (12.04.2015)

 «Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя з-за страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: «Спакой вам!» І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: «Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас». І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і сказаў: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца». Тамаш, адзін з Дванаццаці, якога звалі Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. Іншыя вучні казалі Яму: «Мы бачылі Пана!» Але ён сказаў ім: «Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу».

І праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў: «Спакой вам!» Потым сказаў Тамашу: «Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым!» У адказ Тамаш сказаў Яму: «Пан мой і Бог мой!» Езус сказаў яму: «Ты паверыў, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў!» Шмат іншых знакаў, пра якія не напісана ў гэтай кнізе, учыніў Езус перад вучнямі сваімі. Гэтае ж напісана, каб вы паверылі, што Езус ёсць Месія, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае» (Ян 20, 19–31).

Раны Хрыста — гэта і нашыя раны

Сёння Езус паказвае вучням свае раны. Гэта жэст не скаргі, не абвінавачвання. Езус паказвае свае раны, каб засведчыць, што гэта сапраўды Ён, каб засведчыць, што і гісторыя Яго ўцелаўлення, і гісторыя Яго пакутаў і цярпенняў — праўдзівыя, а не маскарадныя. Вучняў сустракае сапраўдны Хрыстус, які перажыў сапраўдныя падзеі, што змянілі цела Божага Сына. Рэальнасць таго, што адбылося з Хрыстом, сведчыць і пра рэальнасць нашага жыцця. Наш выбар, нашыя рашэнні і ўчынкі сапраўды змяняюць свет, сапраўды змяняюць нас. У ранах Езуса мы бачым, што чалавек — гэта разбяр вечнасці.

Але чаму менавіта праз раны адбываецца сустрэча з Езусам, чаму яны з’яўляюцца нібы ключом да пазнання Яго і будавання адносінаў з Ім? Таму што гэта і нашыя раны. Раны, якія мы нанеслі Езусу, зраніўшы саміх сябе грахом і ўласным глупствам, — гэта і нашыя раны, якія нехта нанёс нам. Менавіта таму гэта ключ. У ранах Хрыста мы можам сустрэць сябе, бо ў нашых ранах прысутны Езус.

Чаму мы можам навучыцца у Хрыста, які паказвае свае раны? Можа, таму, што прабачэнне не патрабуе ад нас закрэсліць гісторыю свайго жыцця, уцячы ад яе або стаць абыякавымі, каб не адчуваць болю. Прабачэнне — гэта не значыць, што можна сказаць «нічога такога не здарылася», бо тады — што нам прабачаць? Я прабачаю тады, калі адбылося зло, але я прымаю рашэнне любіць, нават калі раны яшчэ баляць. Гэта вельмі цяжка, і часта такое рашэнне звязанае з духоўнаю барацьбою, у якой можна перамагчы толькі дзякуючы Божай ласцы. Тады гэта сапраўды становіцца ўдзелам у справе Божай міласэрнасці. Перажываючы Божую міласэрнасць, мы вучымся прабачаць: сабе і іншым…

Айцец Крыштаф Коц’ян OP

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней