Шостая Велікодная нядзеля, год В (10.05.2015)
Езус сказаў сваім вучням: «Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас. Заставайцеся ў Маёй любові. Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові. Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай. Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх. Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам. Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў вас сябрамі, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам. Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё. Гэта наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго» (Ян 15, 9–17).
Лекі супраць атрафіі любові
Сёння Евангелле нагадвае нам пра любоў як жыццёвую праграму. Адразу кідаецца ў вочы, як яна патрэбная нам, калі мы паглядзім навокал: на войны, якіх выбухае ўсё больш, на распад дзяржаваў у Афрыцы, на знішчэнне сям’і ў Еўропе. Гэта праявы атрафіі любові ў розных формах. Таму заклік Пана Езуса адпавядае сапраўднай патрэбе чалавечага сэрца і свету, у якім мы жывем. Але нам не знайсці ў сабе патэнцыялу для гэткай любові. Яго мае ў сабе адзін толькі Бог. Ён адкрыў нам гэта, ахвяруючы свайго Адзінароднага Сына, каб уратаваць нас ад страху перад Ім самім і перад смерцю, каб вызваліць нас з няволі граху, якая вядзе да вечнай смерці. Аднак недастаткова адзін раз зачарпнуць гэтай любові ў перажыванні сакрамэнту пакаяння або Эўхарыстыі або святкуючы вялікую ўрачыстаць ці нават проста нядзелю. Трэба адкрыць, што мы кожны дзень, а можа і не аднойчы на працягу дня адчуваем патрэбу ў любові Езуса, якая прабачае нашую абмежаванасць, вяртае веру ў тое, што ёсць сэнс у высілках рабіць дабро насуперак абыякавасці, а магчыма і злосці іншых, якая раніць нашыя сэрцы, калі мы трацім сэнс свайго існавання. У гэтым значэнне словаў Езуса: «Заставайцеся ўва Мне, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць» (пар. Ян 15, 5).
Гэта будзе магчыма, калі ў адказ на тое, што Бог адкупіў нас ад вінаў ахвяраю Любові Езуса і прыняў нас як сваіх сыноў і дачок, прывёўшы да ўдзелу ў Божым Валадарстве праз Уваскрасенне Хрыста, мы адважымся аддаць Богу ўласнае «я» з яго правамі і прэтэнзіямі на розныя формы шчасця і згодзімся, паддаўшыся дзеянню Духа Суцяшыцеля, выбраць адзінае жыццёвае права — права імкнуцца за Духам Любові. Можна назваць гэта адраджэннем, нараджэннем з Духа Святога, пра якое кажа Езус Нікадэму падчас начной размовы (гл. Ян 3, 1–13). Гэта раўназначна згодзе і прыняццю з рук Божых свайго новага «я», якое верыць, што пра ўсё, звязанае з нашым шчасцем, клапоціцца сам Бог.
Гэтае новае «я» сына і дачкі Бога зможа, трываючы ў дыялогу з Уваскрослым Езусам, у сустрэчы з іншым чалавекам, скласці ў ахвяру частку сваіх патрэбаў і прагненняў, ідучы за Духам Любові і памятаючы пра еднасць, міласэрнасць і прабачэнне. Дух Любові дзейнічае так, што, сустракаючы іншага чалавека, мы памятаем пра яго годнасць у Божых вачах. Пан Езус як чалавек даваў сваю любоў не ўсяму чалавецтву адразу, а канкрэтным людзям, якіх выбраў сваімі вучнямі. Каб асвяціць іх у адкрытай ім праўдзе пра Айца, Езус у першую чаргу аддаваў ім уласнае жыццё. Як Сын Божы, Ён, зразумела, памятаў пра нас усіх. Давайце і мы гэтак жа будзем вучыцца любіць праз сустрэчу з канкрэтнымі людзьмі, у сям’і, у працы, у атачэнні. Ад нашага стаўлення да навакольных людзей залежыць, ці наблізім мы іх да духа Божага Валадарства, Духа Любові, ці пакінем па-за прастораю дзеяння Божага Духа, у пустэльні чалавечай абыякавасці. Ад нас з вамі залежыць, дакранецца ці не да іншых людзей гэты магутны знак Божага Валадарства, што дае жыццё.
Айцец Браніслаў Дашкевіч OP