Гісторыя аднаго «Вось Я»

Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, год В (31.05.2015)

Майсей сказаў народу: «Спытайся ў даўніх часоў, якія былі перад табою, ад таго дня, калі Бог стварыў чалавека на зямлі; ад аднаго краю нябёсаў аж да другога, ці было некалі штосьці такое вялікае, як гэта, і ці было вядома штосьці падобнае? Ці чуў народ голас Божы, які гаварыў з агня, як ты чуў, і застаўся жывы? Або ці спрабаваў некалі Бог прыйсці і выбраць сабе народ паміж іншага народу праз выпрабаванні, знакі і цуды, і вайну, моцнаю рукою і ўзнятым плячом, і праз чыны страшныя — праз усё тое, што зрабіў для вас Пан, Бог ваш, перад вашымі вачыма ў Егіпце?

Таму ведай цяпер і захоўвай у сэрцы сваім, што Пан ёсць Богам на небе ў вышыні і на зямлі ўнізе, і няма іншага. Захоўвай Яго пастановы і Яго запаведзі, што я наказваю табе сёння, каб добра было табе і тваім сынам пасля цябе, каб доўгі быў твой век на зямлі, якую на ўсе дні дае табе Пан, твой Бог» (Дрг 4, 32–34. 39–40).

«Адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды загадаў ім Езус. І калі Яго ўбачылі, пакланіліся Яму, але некаторыя засумняваліся. Тады Езус наблізіўся да іх і сказаў ім: “Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі. Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку”» (Мц 28, 16–20).

Гісторыя аднаго «Вось Я»

Сённяшняя літургія слова засяроджаная на двух сцверджаннях, раздзеленых стагоддзямі: «Пан ёсць Богам на небе ў вышыні і на зямлі ўнізе, і няма іншага» і «Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі. Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога». І з’яўляецца праблема. Не толькі таму, што з Аднаго раптам зрабілася Тры, такую крэатыўную «бухгалтэрыю» мы яшчэ неяк здольныя ўявіць. Справа ў вельмі важных рэчах, бо «паводле Закону Ён павінен памерці, бо ўчыніў сябе Сынам Божым» (Ян 19, 7; пар. Лев 24, 14–16). Хрысціяне вераць, што адзін і той жа Езус не толькі «павінен памерці», яны ведаюць, што Ён сапраўды памёр, каб споўнілася Пісанне, і больш за тое, Ён уваскрос і надалей ёсць. 

У другое тысячагоддзе існавання хрысціянства Касцёл, уводзячы ў літургію сённяшнюю ўрачыстасць, рабіў гэта не для таго, каб пераканаць нас, што таямніцу Найсвяцейшай Тройцы можна проста і відавочна растлумачыць з дапамогаю Святога Пісання, вобразаў або філасофскіх сістэмаў. Наадварот, Касцёл жадаў, каб мы ўсвядомілі, што сутыкаемся з бясконцай Таямніцай, пра якую смяротнаму чалавеку, па словах святога Тамаша Аквінскага, трэба гаварыць «асцярожна і сціпла». 

Паміж першым і другім сцверджаннямі з’яўляецца гісторыя аднаго «Вось Я», які цярпліва крок за крокам адкрываў сябе чалавецтву, якога можна разгледзець на фоне парадаксальных, выпадковых і незапланаваных здарэнняў, «які Сына свайго не пашкадаваў, але аддаў Яго за ўсіх нас» (Рым 8, 32). Гэтая гісторыя ўсё яшчэ доўжыцца, чакае, каб мы з вамі адкрылі, што набываем значэнне ў Яго перспектыве.

«Вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку».

Брат Дамінік Юрчак OP
(паводле часопіса «W drodze»)

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней