Пятнаццатая звычайная нядзеля, год В (12.07.2015)
«Амасія, святар з Бэтэля, сказаў Амосу: “Празорца, ідзі, уцякай у зямлю Юды. Там еш хлеб і там прароч. А ў Бэтэлі больш не прароч, бо ён — святыня караля і дом каралеўскі”. Адказваючы, Амос сказаў Амасію: “Я — не прарок і не сын прарока, бо я пастух і збіральнік сікамораў. Але Пан забраў мяне ад авечак, і сказаў мне Пан: Ідзі, прароч народу майму Ізраэлю”» (Ам 7, 12–17).
«Езус паклікаў Дванаццаць і пачаў высылаць іх па двое, і даў ім уладу над нячыстымі духамі. І наказаў ім не браць у дарогу нічога, апрача толькі кія: ні хлеба, ні торбы, ні медзі ў поясе, але абувацца ў сандалі і не апранаць дзвюх вопратак. І сказаў ім: “Калі дзе ўвойдзеце ў дом, заставайцеся там, пакуль не выйдзеце адтуль. І калі ў якім месцы не прымуць вас і не будуць слухаць вас, то, выходзячы адтуль, абтрасіце пыл, што пад нагамі вашымі, дзеля сведчання супраць іх”. І, пайшоўшы, яны прапаведавалі пакаянне; і выганялі шмат дэманаў, і шмат хворых намашчвалі алеем, і вылечвалі» (Мк 6, 7–13).
Надрэз
Плод сікамора, калі дазволіць яму спялець без умяшальніцтва, будзе горкі. Але ёсць спосаб зрабіць яго салодкім: трэба раней зрабіць надрэзы. Менавіта пра гэтую практыку кажа прарок Амос. Калі яго пытаюцца, кім ён ёсць (а гэта значыць, і пра тое, у чым мэта даверанай яму місіі), ён кажа: «Я збіральнік сікамораў». Калі Езус загадваў сваім Апосталам страсаць пыл з ног там, дзе адмовіліся іх прымаць і слухаць Евангелле, Ён прапануе выканаць менавіта гэты прароцкі жэст «надразання». Здараецца, падчас размовы з блізкім чалавекам мы бачым, што ён будуе ментальную сцяну, зусім не жадаючы разумець нашую пункт гледжання. Тады можна проста завяршыць размову або выказаць сваю павагу і клопат: «Давай цяпер скончым гэтую размову, бо я бачу, што ты не хочаш слухаць». Гэта балюча? Канешне ж, балюча. Часам лягчэй знаходзіцца ў ролі таго, хто робіць надрэзы, і нашмат цяжэй прыняць такі прароцкі жэст.
Ад мяне залежыць, што я зраблю з гэтымі надрэзамі. Я магу вакол іх назбіраць гнілое пачуццё крыўды або даспяліць сябе да выключнага салодкага смаку. Хвіліны такога выбару вырашаюць, часам на дзясяткі гадоў наперад, якім будзе наш шлях. Можна згніць у пачуцці непаразумення або пачаць разумець нашмат больш. Ці ёсць у мяне адвага прасіць, каб Бог скіраваў да мяне сваё слова, вострае, як меч? Ці гаовы я прымаць Яго дзеянне праз словы іншага чалавека? Наколькі моцна я веру, што балючая праўда можа стаць пачаткам новага вітка майго развіцця? Так, як існуюць фальшывыя прарокі, існуюць і людзі, якія любяць прычыняць іншым боль з адчуваннем, што робяць ім паслугу. Такіх трэба асцерагацца. Гэта няшчасныя, якія пашыраюць садысцкі рытуал, ахвярамі якога самі некалі сталі.
Айцец Войцех Енджэеўскі OP, паводле матэрыялаў часопіса W drodze