Шаснаццатая звычайная нядзеля, год В (19.07.2015)
«Апосталы сабраліся каля Езуса і расказалі Яму ўсё, што зрабілі і чаму навучылі. І Ён сказаў ім: “Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце”. Бо так шмат людзей прыходзіла і адыходзіла, што ім не было нават калі паесці. І адплылі яны ў пустыннае месца на чоўне адны.
Калі ўбачылі, што яны адплылі, шмат хто, даведаўшыся, пешкі збегліся туды з усіх гарадоў і апярэдзілі іх. Выйшаўшы з чоўна, Езус убачыў мноства людзей і змілаваўся над імі, бо яны былі як авечкі без пастыра. І пачаў іх многаму вучыць» (Мк 6, 30–34).
Пасілак
Сённяшняе евангельскае чытанне можа здацца зусім кароткім. Да таго ж, яно распавядае пра розныя недахопы. Вучням не хапае спакою, не хапае ежы, не хапае часу. Каб справіцца з гэтым, Езус cкіроўвае іх човен у пустыннае месца. Але там яны сутыкаюцца з яшчэ большым недахопам. Збіраецца вялікі натоўп, настолькі бездапаможны, што Езус літуецца над ім. Людзям не хапае пастыра, не хапае навучання, не хапае мэты. Хутка акажацца, што ім таксама не хапае ежы. Не застанецца нічога іншага, як накарміць іх… Хоць спачатку ў цэнтры ўвагі Пана знаходзяцца Апосталы, як толькі з’яўляецца натоўп людзей, «як авечкі без пастыра», Настаўнік забывае пра сваіх вучняў. Дзень хіліцца да захаду, але нават гаворкі не ідзе пра тое, каб ім адпачнуць і паесці. Наадварот! Калі яны папросяць, каб Езус адпусціў галодных людзей у горад, Пан адкажа ім: «Вы дайце ім есці» (Мк 6, 37) і загадае палічыць хлябы. Ежы няшмат: пяць хлябоў і дзве рыбіны на пяць тысяч галодных людзей…
Хоць цяпер, у час адпачынкаў, прапаведнікі могуць каментаваць гэты ўрывак Евангелля як заахвочванне да здаровага ладу жыцця, адпачынку, вакацый для святароў, пасланне Марка кажа зусім пра іншае. Нават у пустыні ёсць натоўпы, якім патрэбнае слова. Забываючы пра ўласны голад, дайце Мне некалькі вашых хлябоў і вашае «нічога», а Я накармлю і натоўпы, і вас саміх. Недахоп адпачынку ў вучняў — гэта складнік нашмат больш важнай барацьбы. Езус паслаў Апосталаў па двое, каб яны абвяшчалі Евангелле і выганялі злых духаў. Гэтак жа Майсей перад тым, як ісці ў абяцаную зямлю, паслаў дванаццаць выведнікаў па двое. Вучні вярнуліся з навінамі пра выкананае заданне, але гэта толькі пачатак галоўнай кампаніі. Стаўка нашмат вышэйшая за камфорт пасланнікаў Езуса. Адразу перад гэтым евангельскім урыўкам, які распавядае пра пасілак людзей у пустыні, ідзе аповед пра іншы пасілак: з самымі вытанчанымі стравамі, але смяротны для прапаведніка. Папярэднік Пана, Ян Хрысціцель, быў пазбаўлены галавы падчас святочнай вячэры ў дзень народзінаў караля Ірада. Але ніякія цяжкасці, ні нават смерць не могуць затрымаць пашырэння Валадарства Божага. Езус не можа не прапаведаваць.
Айцец Лукаш Папко OP,
паводле матэрыялаў часопіса W drodze