«Збярыце кавалкі, што засталіся, каб нічога не змарнавалася»

Сямнаццатая звычайная нядзеля, год В (26.07.2015)

«Пасля гэтага Езус адышоў за Галілейскае, або Тыберыядскае мора. Ішло за Ім мноства людзей, таму што бачылі знакі, якія чыніў над хворымі. І ўзышоў Езус на гару, і сядзеў там са сваімі вучнямі. А набліжалася Пасха, юдэйскае свята. 

Калі Езус узняў вочы і ўбачыў, што мноства людзей ідзе да Яго, сказаў Філіпу: “Дзе нам купіць хлеба, каб накарміць іх?” А казаў гэта, выпрабоўваючы яго, бо сам ведаў, што збіраўся рабіць. Філіп адказаў Яму: “Хлеба на дзвесце дынараў не хопіць ім, каб кожнаму дасталося хоць крыху!” Кажа Яму адзін з вучняў Ягоных, Андрэй, брат Сымона Пятра: “Ёсць тут адзін хлопец, які мае пяць ячменных хлябоў і дзве рыбіны, але што гэта для такога мноства?” 

Езус сказаў: “Загадайце людзям сесці”. А было на тым месцы шмат травы. І селі людзі, якіх было каля пяці тысяч. Езус узяў хлябы і, узнёсшы падзяку, раздаў тым, хто сядзеў; таксама і рыбы, колькі хто хацеў. А калі насыціліся, кажа вучням сваім: “Збярыце кавалкі, што засталіся, каб нічога не змарнавалася”. Яны сабралі і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі з пяці ячменных хлябоў, якія засталіся ў тых, хто еў. Калі ж людзі ўбачылі, які знак учыніў Езус, казалі: “Ён сапраўды прарок, які павінен прыйсці на свет”. Калі Езус даведаўся, што хочуць прыйсці і схапіць Яго, каб зрабіць каралём, зноў адышоў на гару адзін» (Ян 6, 1–15).

«Збярыце кавалкі, што засталіся, каб нічога не змарнавалася»

Адна газета ў межах «антыкрызіснай праграмы» змясціла на сваіх старонках допіс чытачкі, дзе тая дзялілася «новымі кулінарнымі рэцэптамі»: «Малако, якое падкісла, я не вылваю, а пакідаю на ноч, каб яно ператварылася ў сыраквашу, з якой можна таксама рабіць тварог, а сыроватка, якая застаецца, цудоўна наталяе смагу…». Тое, што рэдакцыя палічыла патрэбным надрукаваць такое «кулінарнае адкрыццё», сведчыць, што сучасныя гаспадыні, відаць, пагалоўна не ведаюць, што рабіць з кіслым малаком. Што ж тут дзівіцца гаспадарчым крызісам, калі выкідаюцца прадукты і рэчы, якія яшчэ можна выкарыстаць!

Сам Пан Езус, які сваёю боскаю моцаю цудоўна памнажае ежу, клапоціцца, каб рэшткі не змарнаваліся. А многія людзі чамусьці баяцца выглядаць і быць ашчаднымі — пэўна не хочуць здавацца сквапнымі ці беднымі. А, магчыма, проста не навучыліся карыстацца аднім з найважнейшых Божых дароў — розумам, без якога і ўсе іншыя дары нельга выкарыстаць належным чынам. На самой справе, чалавеку для задавальнення рэальных патрэбаў неабходна не так шмат. Але з прычыны ўзгаданай ужо неразважлівасці ў спалучэнні з хцівасцю, лянотаю, ганарыстасцю людзі штучна завышаюць свае патрэбы, што ў больш глабальным маштабе прыводзіць да вычарпання натуральных рэсурсаў, засмечвання навакольнага асяроддзя і нават да ўзброеных канфліктаў. Такім чынам, мы бачым, што марнатраўства — вялікі грэх, сур’ёзнасць якога, на жаль, недаацэньваецца. А пачынаецца ўсё з вылітага малака ці выкінутага хлеба, непагашанага святла ці незакручанага крана. 

«Мы не сквапныя!» — апраўдваюць многія сваю негаспадарлівасць. А ці ж Пан Езус сквапны? З аднаго боку Ён вучыць ашчаднасці, без якой ніякія даходы не захаваюцца. З іншага, не жадаючы быць валадаром, які задавальняе адны матэрыяльныя патрэбы, Ён паказвае, што толькі тады чалавек вучыцца па-сапраўднаму цаніць маёмасць, калі яна здабываецца працай, а не «падае з неба». Няма нічога ганебнага ў тым, каб шмат разоў выкарыстаць адзін пакет, а не набываць кожны раз новы, каб задумвацца, колькі чаго купляць, каб не заставалася невыкарыстаных лішкаў…

Разумнае карыстанне маёмасцю — падстава сапраўднай духоўнасці. Бо як Бог даверыць духоўныя скарбы тым, хто не ўмее добра распараджацца матэрыяльнымі дабротамі? Таму хто, як не вернікі, дасць найбольш верагоднае для свету сведчанне веры праз добрае вядзенне гаспадаркі і разумнае выкарыстанне бачных Божых дароў?

Айцец Міхал Ермашкевіч OP 

 

Православные иконы купить недорого в Москве.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней