«Каму даручана шмат…»

Васемнаццатая звычайная нядзеля, год В (02.08.2015)

«І калі натоўп убачыў, што там няма ні Езуса, ні вучняў Ягоных, селі ў чаўны і прыплылі ў Кафарнаум, шукаючы Езуса. Калі ж знайшлі Яго на другім беразе мора, сказалі Яму: “Раббі, калі Ты прыбыў сюды?” Езус адказаў ім: “Сапраўды, сапраўды кажу вам: шукаеце Мяне не таму, што бачылі знакі, а таму, што з’елі хлеб і насыціліся. Дбайце не пра ежу, якая гіне, але пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае, якую дасць вам Сын Чалавечы, бо Яго пазначыў Бог Айцец!”

А яны сказалі Яму: “Што нам рабіць, каб выконваць справы Божыя?” Езус адказаў ім: “У тым справа Божая, каб вы верылі ў таго, каго Ён паслаў”. Яны ж сказалі Яму: “Які ж Ты зробіш знак, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? Што ўчыніш? Айцы нашыя елі манну ў пустыні, як напісана: Хлеб з неба даў ім есці”. Езус адказаў ім: “Сапраўды, сапраўды кажу вам: не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец Мой дае вам сапраўдны хлеб з неба. Бо хлеб Божы — гэта той, хто сыходзіць з неба і дае жыццё свету”. Тады сказалі Яму: “Пане, давай нам заўсёды такі хлеб”. Езус адказаў ім: “Я — хлеб жыцця; хто прыходзіць да Мяне, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ніколі не будзе прагнуць”» (Ян 6, 24–35).

«Каму даручана шмат…»

Бог жадае, каб мы паверылі ў таго, каго Ён паслаў. «Хто прыходзіць да Мяне, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ніколі не будзе прагнуць». З усёю ўпэўненасцю паверыць у Езуса Хрыста — гэта, як свцвярджае сённяшні евангельскі ўрывак, такая блізкасць і сувязь з Ім, якая задаволіць усе прагненні і жаданні чалавечай натуры. «Неспакойнае сэрца чалавека, пакуль не спачне ў Пану» — вучыць святы Аўгустын. Ён жа паўтарае: «Калі Езус на першым месцы, усё астатняе на сваім месцы». Езус — Крыніца вады жыцця, якою з’яўляецца Дух Святы, і Езус дае Духа тым, хто паслухмяны Яму. Гэты Дух асаблівым чымам дзейнічае ў Касцёле, заснаваным Хрыстом. Езус поіць і корміць Касцёл сваім Целам і Крывёю, сваім Духам Святым. 

Сёння Касцёл прадстаўляюць у свеце католікі, праваслаўныя і пратэстанты. Усе мы верым у Хрыста, Сына Божага. Але апроч таго, што нас лучыць, мы адрозніваемся важнымі рэчамі з прычыны падзелаў у ХІ і XVI стагоддзях. Агульнае для католікаў, праваслаўных і пратэстантаў — тое, што да гэтых трох частак адзінага Касцёла Бог прамаўляе словамі Святога Пісання, і гэтак узрастае нашая вера. Апроч таго, Бог прамаўляе да католікаў і праваслаўных праз Традыцыю — Божае слова, не запісанае ў Святым Пісанні. Сінтэз Традыцыі знаходзіцца ў Вызнанні веры, якое мы прамаўляем кожную нядзелю падчас святой Імшы пасля казання. Такім чынам, Бог можа прамаўляць яшчэ больш ясна да католікаў і праваслаўных, будуючы іх веру. Пратэстанты адмовіліся ад гэтай часткі Божага Аб’яўлення. Але ёсць яшчэ адна крыніца, якая сілкуе, узмацняе і абараняе сапраўдную веру — гэта асоба Папы, наступніка Святога Пятра. Папа намашчаны асаблівым дарам Духа Святога, дарам прароцтва, і калі ex catedra (афіцыйна) прамаўляе аб справах веры і маралі, яму спадарожнічае ласка беспамылковасці. Ад гэтага Божага дару — асобы Папы, дадзенага нам, каб аберагаць і ўзмацняць нашую веру, адмовіліся і пратэстанты, і праваслаўныя. Таму верыць і жыць вераю ў Каталіцкім Касцёле — асаблівы прывілей, бо гэта значыць поўную веру. 

Адсюль вынікае вялікая адказнасць. Дзякуючы падобнай паўнаце веры і Божай ласцы, у Каталіцкім Касцёле павінна найбольш выяўляцца любоў да бліжніх і супрацоўніцтва з Духам Святым, які вядзе вернікаў шляхам благаслаўленняў. Таму, калі ў асяродку католікаў не будзе больш міласэрнасці, чысціні сэрца і людзей, якія нясуць мір, больш лагодных і засмучаных, больш убогіх духам і тых, хто прагне справядлівасці, больш тых, каго пераследуюць за справядлівасць, тады бяда нам! Бо «з кожнага, каму дадзена шмат, і спагнана будзе шмат; і каму даручана шмат, ад таго больш і запатрабуюць» (Лк 12, 48). «Вера без учынкаў мёртвая сама па сабе» (Як 2, 17), і таму вера, якая не змяняе жыцця, не збаўляе. Таму будзьма пакорнымі, будзьма сапраўднымі сведкамі Евангелля для сябе (католікаў), для братоў прасалаўных, пратэстантаў і няверуючых. 

Айцец Раман Шульц OP 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней