Дзевятнаццатая звычайная нядзеля, год В (09.08.2015)
«Пайшоў Ілля ў пустыню на адлегласць аднаго дня дарогі і, прыйшоўшы, сеў пад адным з кустоў ядлоўцу і прасіў смерці сабе. І сказаў: Хопіць ужо, Пане! Вазьмі маё жыццё, бо я не лепшы ад маіх продкаў! І лёг ён, і заснуў.
І вось анёл дакрануўся да яго і сказаў яму: Устань і еш! Ілля глянуў, і вось каля ягонай галавы была печаная аладка і збан вады. Ён з’еў і выпіў, і зноў заснуў.
Але анёл Пана другі раз вярнуўся, дакрануўся да яго і сказаў: Устань і еш, бо далёкая дарога прад табою! Ён устаў, з’еў і выпіў. І, падмацаваўшыся гэтым пасілкам, ішоў ён сорак дзён і сорак начэй да Божай гары Горэб» (1 Вал 19, 4–8).
«Абурыліся на Езуса юдэі за тое, што Ён сказаў: “Я — хлеб, які сышоў з неба”, і казалі: “Ці не Езус гэта, сын Юзафа, бацьку якога і маці мы ведаем? Як жа Ён кажа: Я сышоў з неба”?
Езус сказаў ім у адказ: “Не абурайцеся паміж сабою. Ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі Айцец, які паслаў Мяне, не прыцягне яго, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень. У прарокаў напісана: Усе будуць навучаны Богам. Кожны, хто пачуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да Мяне. І не таму, што хтосьці бачыў Айца; толькі той, хто ад Бога, бачыў Айца. Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыццё вечнае.
Я — хлеб жыцця. Айцы вашыя елі манну ў пустыні і памерлі. Гэта — хлеб, які сыходзіць з неба, каб той, хто з’есць яго, не памёр. Я — хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе спажываць гэты хлеб, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, гэта Цела Маё дзеля жыцця свету”» (Ян 6, 41–51).
Лагоднасць Божая
Быць лагодным — значыць, апроч іншага, адчуваць магчымасці іншага чалавека: да чаго ён здатны ў гэтую хвіліну, а да чаго — зусім не.
Іллі, які перажывае ўпадак духа, чыя жыццёвая моц амаль вынішчаная, Пан Бог загадвае рабіць дзве рэчы: «Устань і еш». Ніякіх лішніх пытанняў, накшталт: Чаму ты ляжыш, чаму ты паддаўся? Праз некаторы час прарок будзе гатовы выканаць і трэцяе заданне: будзе здольны ісці на працягу сарака дзён. Простыя словы, нескладаныя заданні, якія Ілля здольны выканаць у тым стане, у якім знаходзіцца. І па дарозе ніякіх іншых загадаў, дадатковых заданняў, размоваў.
Бог далікатна вядзе Іллю і рыхтуе яго прыняць на гары Горэб ласку, якая ахіне яго сэрца ў лагодным дыханні ветру.
Гэтак жа Айцец з чуласцю заклікае і вядзе да Езуса ўсіх, хто ўжо гатовы стаць Яго вучнем (гл. Ян 6, 44). Ён нічога не робіць сілком. Такі прыклад Божага дзеяння вучыць нас вялікай павазе ў адносінах з людзьмі, асабліва ў такіх, дзе нам хочацца рабіць нешта прымусам.
Айцец Войцех Енджэеўскі OP,
па матэрыялах часопіса «W drodze»