Дваццаць першая звычайная нядзеля, год В (23.08.2015)

Многія з вучняў Ягоных (Езуса) сказалі: «Цяжкая гэтая мова! Хто можа яе слухаць?»

Але Езус, ведаючы, што вучні Ягоныя абураюцца, сказаў ім: «Ці гэта вас спакушае? А калі ўбачыце Сына Чалавечага, які будзе ўзыходзіць туды, дзе быў раней? Дух ажыўляе, цела ж ні на што не прыдатнае. Словы, якія Я кажу вам, ёсць духам і жыццём. Аднак ёсць сярод вас тыя, хто не верыць». Бо Езус ад пачатку ведаў, хто не верыць і хто Яго выдасць. І сказаў: «Для таго гаварыў вам, што ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі гэта не будзе дадзена яму Айцом». 

З гэтага часу многія вучні Ягоныя адышлі ад Яго і ўжо не хадзілі з Ім. Тады Езус сказаў Дванаццаці: «Ці вы таксама хочаце адысці?» 

Адказаў Яму Сымон Пётр: «Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага. А мы паверылі і пазналі, што Ты ёсць Святы Бога (Ян 6, 60–69).

 

Да каго мы пойдзем? 

Вера ў рэальную субстанцыяльную прысутнасць Езуса Хрыста ў эўхарыстычных постацях з’яўляецца адной з самых істотных каталіцкіх праўдаў. Яна, як і праўда аб Найсвяцейшай Тройцы, перавышае чалавечае разуменне і таму не толькі для слухачоў Езуса, узгаданых св. Янам, але і для вызнаўцаў некаторых хрысціянскіх канфесій цяжкая для прыняцця. Як і дзве тысячы гадоў назад, і сёння ёсць нямала тых, хто горшыцца ад думкі, што ў св. Камуніі сапраўды спажываем Цела і Кроў Езуса Хрыста. Таму, напэўна, з добрымі намерамі, каб не разахвоціць патэнцыйных вернікаў, многія з тых, хто павінен абвяшчаць каталіцкія праўды ва ўсёй іх поўні і нязменнасці імкнуцца не падкрэсліваць, якія могуць узнікнуць цяжкасці для сучасных людзей, у тым ліку і эўхарыстычныя праўды. Адсюль і размяшчэнне табэрнакулюма ў перыферыйных месцах храма, і прыняцце св. Камуніі без належнай пашаны, і ператварэнне самой св. Імшы ў аматарскае шоў...

Хтосьці скажа: гэта ж толькі знешнія формы, пакліканыя наблізіць людзей да Бога. Але на самай справе яны моцна ўплываюць на ўнутраныя адносіны да святых постацяў, аслабляючы пабожнасць. Падобныя імкненні прыцягнуць як мага большую колькасць новых вернікаў прычыняюцца да таго, што многія з перакананых католікаў, для якіх рэальная прысутнасць Уцелаўлёнага Бога ў кансэкраванай Гостыі не выклікае сумненняў, горшацца неадпаведнымі адносінамі да Стварыцеля і Збаўцы, укрытага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце...

Што важней: масавасць, якасць або глыбіня веры?

Варта зазначыць, што многія з католікаў-канвертытаў з пратэстантаў прыйшлі ў Паўсюдны Касцёл якраз з-за таго, што ў іх канфесіі ім не хапала веры ў рэальную прысутнасць...

Сам Пан Езус не вагаецца шчыра гаварыць пра гэтую праўду народу, нават  не баіцца ставіць перад выбарам найбліжэйшых вучняў: «Ці не хочаце і вы адысці?». Ён ведае, што той, хто шукае сапраўднага Збаўцу, не разахвоціцца тымі ці іншымі павевамі ці чыста чалавечымі памкненнямі і памылковымі тэндэнцыямі, а разам з Пятром вызнае: «Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага». Жыцця, утоенага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, які дае моц вызнавання, поўні веры, дадзенай для захавання і перадачы Каталіцкаму Касцёлу... Таму і Яго слугі не павінны баяцца, што застануцца ў пустым Касцёле. Касцёлы пусцеюць менавіта там, дзе слабеюць сапраўдная каталіцкая вера і здаровыя рэлігійныя практыкі, на якія яна абапіраецца і ўзрастае.

Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней