Дваццаць другая звычайная нядзеля, год В (30.08.2015)

«Сышліся да Яго фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, якія прыйшлі з Ерузалема. І ўбачылі, як некаторыя вучні Яго елі хлеб нячыстымі, гэта значыць неабмытымі рукамі. Фарысеі ж і ўсе юдэі, трымаючыся традыцыі старэйшых, не ядуць, пакуль старанна не памыюць рук. І вярнуўшыся з рынку, не ядуць, пакуль не абмыюцца. Ёсць і яшчэ шмат таго, чаго прынята трымацца: абмыцця чашаў, і збаноў, і медных начынняў, і лаваў. Таму запыталіся ў Яго фарысеі і кніжнікі: Чаму вучні Твае не трымаюцца традыцыі старэйшых, а ядуць хлеб нячыстымі рукамі? Ён адказаў ім: Добра прарочыў Ісая наконт вас, крывадушных, як напісана:  “Гэты народ шануе Мяне вуснамі,  а сэрца іх далёка ад Мяне.  Але дарэмна ўшаноўваюць Мяне,  навучаючы людскім запаведзям”.  Бо вы пакінулі запаведзь Божую, а трымаецеся чалавечай традыцыі. І сказаў ім: Прыгожа вы абыходзіце Божую запаведзь, каб захаваць сваю традыцыю. Бо Майсей сказаў: “Шануй бацьку свайго і маці сваю” і: “Хто зласловіць на бацьку ці маці, няхай будзе пакараны смерцю”. А вы кажаце: “Калі чалавек скажа бацьку ці маці: тое, чым бы я мог табе дапамагчы — корбан (што значыць дар для Бога)”, то ўжо не дазваляеце яму зрабіць штосьці для бацькі ці маці. Вы парушаеце Божае слова вашай традыцыяй, якую перадалі. І робіце шмат чаго падобнага да гэтага. І паклікаўшы зноў людзей, сказаў ім: Паслухайце Мяне ўсе і зразумейце. Няма нічога, што магло б, уваходзячы звонку ў чалавека, зрабіць яго нячыстым, але тое робіць чалавека нячыстым, што выходзіць з яго. І калі Езус увайшоў у дом, пакінуўшы натоўп, вучні Ягоныя спыталіся ў Яго наконт прыпавесці. І Ён сказаў ім: Няўжо і вы такія някемлівыя? Ці не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць звонку ў чалавека, не можа зрабіць яго нячыстым, бо не ў сэрца ягонае ўваходзіць, а ў страўнік, і выходзіць вонкі. Так Ён прызнаў усялякую ежу чыстай. Далей сказаў: Тое, што выходзіць з чалавека, робіць яго нячыстым. Бо знутры, з чалавечага сэрца, выходзяць благія думкі, распуста, крадзеж, забойствы, чужаложства, сквапнасць, зласлівасць, падступнасць, бессаромнасць, зайздрасць, блюзнерства, пыха, глупства. Усё гэтае зло выходзіць знутры і робіць чалавека нячыстым» (Мк 7, 1–23).

Не бойся

У сённяшнім Евангеллі мы чытаем пра фарысеяў, якія прад’яўляюць вучням Езуса прэтэнзіі ў тым, што тыя не мыюць рук перад ежаю. Аднак, гаворка ідзе не пра гігіену, а пра рытуальную нячыстасць. Фарысеі лічылі, што трэба абмыцца, бо, магчыма, ты дакрануўся да нечага, што сапсавала твае адносіны з Богам. У кантэксце гэтай спрэчкі Езус кажа вельмі ясна: не знешнія рэчы і ўмовы робяць нас нячыстымі. Нашыя адносіны з Богам залежаць ад нашага сэрца, ад нашага выбару. Гэта прастора чалавечай свабоды, а не лёс або вызначанасць.

Нягледзячы ні на што, мысленне ў катэгорыях, якія нагадваюць логіку рытуальнай чыстасці, усё яшчэ часта характэрнае для нас. Гаворка не ідзе пра кампульсіўнасць паводзінаў, як, напрыклад, прымусовае мыццё рук. Справа ў тым, што ўзнікае спакуса зняць з сябе адказнасць за ўласныя ўчынкі, за свае адносіны з іншымі людзьмі і з Богам. Мы пачынаем тлумачыць іншым і перадусім самім сабе, што «гэта не мая віна, такія цяпер часы», бо «усе так робяць», бо такія ўмовы, у якіх мы вымушаныя жыць, бо гэта абумоўлена гістарычна або біялагічна, і на ўсе гэтыя адгаворкі Пан Езус кажа нам сёння, што гэта няпраўда. Не свет чыніць нас бруднымі, нашая нячыстасць — выбар нашых сэрцаў.

Езус кажа гэтак не для таго, каб нас знішчыць. Гэты дыягназ — пачатак нашага аздараўлення. Так, маё зло вынікае з маёй волі, але яна слабая і хворая. Часта я выбіраю зло таму, што не маю сілы выбраць дабро, якога так прагну. Парадаксальна, але Езус заклікае нас прызнасць сваю адказнасць і адначасова сваю слабасць. Ён — Збаўца, і таму мы не павінны ўпадаць у роспач. Ён сёння кажа мне: не бойся ўзяць на сябе адказнасць за ўласнае жыццё, бо Я буду з табою ў тваёй слабасці, і дзякуючы Мне ты будзеш выбіраць дабро і пазбягаць зла.

Айцец Крыштаф Коц’ян OP

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней