Святар, паэт, прапаведнік

У 2015 г. (1 чэрвеня) спаўняецца 100 год з дня нараджэння кс. Яна Твардоўскага, польскага каталіцкага святара, знакамітага і папулярнага паэта, якога ведаюць далёка па-за межамі яго роднай Польшчы.

Нашай краіне ён таксама стаў вельмі блізкім дзякуючы яго багатай літаратурнай спадчыны, частка якой перакладзена на беларускую мову. Яго кнігі з удзячнасцю чытаюць дарослыя і дзеці, кампазітары пішуць музыку да вершаў вялікага святара-паэта…

Святар, паэт, прапаведнік

Ян Твардоўскі (1915–2006) — каталіцкі святар, паэт, прапаведнік. Яго літаратурны дэбют адбыўся ў 1932 годзе ў школьным часопісе «Кузьня Млодых» («Kuźnia Mło­dych»), адным з рэдактараў якога ён з’яўляўся (1933–1935). Першую кнігу вершаў Powrót Andersena ён выдаў у 1937 годзе. У 90-я гады мінулага стагоддзя Ян Твардоўскі стаў адным з найбольш чытаных польскіх паэтаў. Яго разнастайныя па жанры кнігі прозы (разважанні, нататкі, фельетоны, афарызмы, апавяданні для дзяцей) раскрываюць перад намі асобу таленавітага мысляра, філосафа, духоўнага настаўніка і выдатнага прапаведніка. Яго паэтычную спадчыну залічваюць да францішканскага кірунку. 

Як чалавек, святар і паэт ксёндз Ян Твардоўскі вызначаўся простасцю, здольнасцю здзіўляцца перад абліччам таямніц, якія розум не можа растлумачыць. Ён заўжды прабываў у стане Божага дзяцінства, якое перажываў  як давер Богу Айцу. Сам кс. Твардоўскі ў святарскім жыцці вызначыў для сябе галоўныя мэты: абуджаць надзею, паказваць «адваротны бок роспачы», вучыць глядзець на цярпенне як на досвед і выпрабаванне вернасці Пану Богу, на смерць — як на сустрэчу з Богам, усведамляць сэнс жыцця праз прызму веры. Найбольш значнымі крыніцамі натхнення ў творчасці ён лічыў Евангелле, літаратуру барока, жыццё (сустрэчы і здарэнні), навакольны свет прыроды. 

У 1935 годзе Ян Твардоўскі распачаў вучобу на факультэце паланістыкі ў Варшаўскім універсітэце, якая перапынілася ў 1939 годзе, калі выбухнула вайна. Падчас Варшаўскага паўстання (1944) у шэрагах Арміі Краёвай ён займаўся падпольнай дзейнасцю, быў двойчы паранены. У 1945 годзе Ян Твардоўскі распачаў вучобу ў Варшаўскай духоўнай семінарыі, адначасова ён надалей вывучаў паланістыку і скончыў універсітэт у 1948 годзе. У тым жа годзе ён атрымаў святарскае пасвячэнне. У першыя гады святарскага служэння на кс. Яна Твардоўскага моцна па­ўплы­вала атмасфера вясковай парафіі пад Варшаваю і катэхетычная праца сярод дзяцей з затрымкаю разумовага развіцця. Пасля трох гадоў працы (1948–1951) у Жбікуве (сёння гэта раён Прушкова) кс. Ян Твардоўскі вярнуўся ў Варшаву на пастаянную працу, дзе быў вікарыем у розных парафіях: у 1951–1957 гг. — у парафіі св. Станіслава Косткі, у 1957–1958 гг. — у парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі; у 1958–1959 гг. ён быў прэфектам-рэзідэнтам у парафіі Усіх Святых, у 1959–2004 — рэктарам касцёла св. Юзафа Абранніка Беззаганнай Багародзіцы Марыі пры кляштары Кангрэгацыі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Варшаве.

Творы кс. Яна Твардоўскага вызначаюцца простасцю, арыгінальнасцю, ён ясна сведчыць аб праўдзе, ставіць пытанні разам з чалавекам, які знаходзіцца ў пошуку, робіць гэта з гумарам. Усё гэта прываблівала шматлікіх прыхільнікаў творчасці Яна Твардоўскага ўсіх узростаў і паставіла яго ў шэраг найлепшых польскіх пісьменнікаў. З цягам часу ён рабіўся ўсё больш прызнаным аўтарытэтам у галіне маралі, а яго кнігі пачалі выдавацца шматтысячнымі тыражамі. Творы Яна Твардоўскага, асабліва яго паэзія, сталі папулярнымі па-за межамі Польшчы дзякуючы перакладам вершаў на замежныя мовы, сярод якіх нямецкая, славацкая, фламандская, балгарская, французская, украінская, македонская, англійская, чэшская, венгерская, іспанская, руская, італьянская. Асобныя вершы Яна Твардоўскага друкаваліся ў часопісах і анталогіях у перакладах на габрэйскую, фінскую, японскую, нарвежскую мовы. Усё больш кампазітараў звяртаюцца да яго паэзіі, у выніку чаго з’яўляюцца музычныя спектаклі, араторыі; песні на словы Яна Твардоўскага выконваюць музычныя гурты і салісты, іх запісы выходзяць на CD-дысках. З 1993 года ў школьным асяродку стала распаўсюджвацца ідэя называць навучальныя ўстановы ў гонар ксяндза Яна Твардоўскага. У 2006 годзе такіх школаў і бібліятэк было трыццаць, цяпер іх ужо больш за дзвесце. Вучні і выхавацелі шука­юць натхнення ў яго захапленні навакольным светам, пачуцці нацыянальнай годнасці, еднасці з польскай гісторыяй, культурай, прыродай, у сведчанні сталай і адданай веры, якая ўплывае на фармаванне характару і маралі. 

Сярод іншых ксёндз Ян Твардоўскі выпусціў наступныя зборнікі твораў: Nie przyszedłem pana nawracać. Wiersze 1945–2006 (12-е выд., дап., 2011); Zaufałem drodze. Wiersze zebrane 1932–2006 (2007); Elementarz księdza Twardowskiego dla najmłodszego, średniaka i starszego (2000; 3-е выд., 2011); Wszędy pełno Ciebie (1991; 7-е выд., са змен., 2011); Kościół Cię nie ogarnie (2000; 2-е выд., са змен., 2011); Życie jak Różaniec. Rozważania (2010); Taka jest moja wiara. Rozważania (2011); Nowe patyki i patyczki (апавяданні і вершы для дзяцей; 2008); Stale być blisko. Pamięć o ludziach (2004; 2-е выд., 2011), а таксама шматтомныя серыі Kilka myśli...; Z Biblioteki Plebana; Aforyzmy i nie tylko. У яго кнізе Budzić nadzieję. Abecadło dziewięćdziesięciolatka (2005) пададзена квін­т­эсенцыя чалавека, які глядзіць на сваё жыццё вачыма веры. Вобраз святара і паэта дапаўняе двухтомнік Autobiografia. Myśli nie tylko o sobie (2006–2007). 

Ксёндз Ян Твардоўскі атрымаў шмат узнагародаў: прэмію імя брата Альберта (1978), польскага ПЭН-клуба імя Роберта Грэйвса (1980), фонда Альфрэда Южыкоўскага (Нью-Ёрк, 1985), прэмію імя Уладзіслава і Нэлі Тужаньскіх (Таронта, 1995), прэмію міністра культуры і мастацтва Польшчы (1997), сталічнага горада Варшавы (1999), каталіцкіх выдаўцоў «Фенікс» (1999), «Ікар» (2000), «Tотус» (2001), прэмію Варшаўскай гарадской рады (2005), маршалка Мазавецкага ваяводства (2005); ён таксама быў уганараваны тытуламі кавалера ордэна Усмешкі (1996), доктара honoris causa Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта (1999), ганаровага прэлата Яго Святасці (2003), узнагаро­джаны медалём імя Януша Корчака (1980), ордэнам Polonia Mater Nostra Est (1999), медалём Сенату Рэспублікі Польшча (2000) і Камандорскім крыжам ордэну Адраджэння Польшчы (2006, пасмяротна). 

Аляксандра Іваноўская

 

Прапануем некалькі вершаў з кнігі “Разам з Табою” –
зборніка выбраных вершаў, пададзеных у арыгінале і ў перакладзе на беларускую мову.

Пра веру 

Як часта трэба згубіць веру
афіцыйную
надзьмутую
з задраным носам
падстрахаваную
абвешчаную адсюль і датуль
каб знайсці тую адзіную
як вугалёк зялёны
тую якая проста
ёсць спатканнем упоцемку
калі няпэўнасць становіцца пэўнасцю
такую сапраўдную веру што цяжка паверыць

 

Баюся Тваёй любові 

Не баюся духавога аркестра напрыканцы свету
біблійнай тупаніны
баюся Тваёй любові
бо любіш зусім іначай
такі блізкі і іншы
як мурашка перад мядзведзем
крыжы ставіш як завысокіх жаўнераў
не глядзіш маімі вачыма
можа бачыш як пчала
для якой белыя лілеі здаюцца зялёна-блакітнымі
таго хто пытае мінаеш як вожыка на сцежцы
абвяшчаеш што чыстасць гэта самаадданасць
людзей да людзей набліжаеш
і пастаянна вучыш адыходзіць  
занадта часта да жывых прамаўляеш
памерлыя гэта растлумачаць

баюся Тваёй любові
такой сапраўднай ды іншай

 

Рахунак сумлення 

Ці не перакрыкваў я Цябе
ці не прыходзіў заўсёды ўчарашні
ці не зашываўся ў цёмны плач з сэрцам сваім як з пятаю клёпкаю
ці не краў Твайго часу
ці не аблізваў занадта расчулена лапы свайго сумлення
ці не блытаўся я ў пачуццях
ці не ўзносіў я зорак якіх даўно няма
ці не вёў падрабязнага дзённіка сваіх  крыўдаў
ці не залазіў у цёплы кут баронячы сваю ўражлівасць як гусіную скурку
ці не фальшывіў добра пастаўленым голасам
ці не быў я мяккім дэспатам
ці не перарабляў Евангелля ў салодкі аповед
ці не заглушалі арганы мне звыклага віску шчаняці
ці не даказваў я відавочнага
ці не хацеў я часам молячыся да Анёла Ахоўніка — быць анёлам а не ахоўнікам

ці кленчыў я калі Ты пераходзіў на шэпт

 

Нагадаем таксама, што на беларускай мове ў выдавецтве “Про Хрысто” выдадзены кнігі ксяндза Яна Твардоўскага для дзяцей – «Першая Камунія з белым бантам» і «Ад вуха да вуха. Пра ўсмешку і радасць».

 

Чытайце таксама:

Часопіс «Наша вера» № 1(35)/2006 г.
Таццяна МАСУНОВА
ДВА АЎТОГРАФЫ КСЯНДЗА ЯНА ТВАРДОЎСКАГА

Часопіс «Наша вера» № 1(35)/2006 г.
Кс. Ян ТВАРДОЎСКІ
ВЕРШЫ 

Радыё Свабода / студзеня 07, 2013
Міхась Скобла
Паэт усьмешлівага Хрыста

Беларуская грэка-каталіцкая газета «Царква» / 17.08.2012
Творчая спадчына кс. Яна Твардоўскага цяпер – па-беларуску 

Сайт www.polski.pro / 2012.Жнівень.27
Прайшла прэзентацыя зборніка паэзіі “Разам з Табою” Яна Твардоўскага

Сайт выдавецтва «Pro Christo»
Паэт, які ведае зямлю і ведае неба  (audio/foto)

Часопіс «Наша вера» № 4(62)/2012 г.
Міхась Скобла
Кавалер Ордэну ўсмешкі

Часопіс «Дзеяслоў» / 12/24/2013
Леанід Галубовіч
Бяссільны шчэбет веры 
Рэцэнзія на кнігу Яна Твардоўскага “Разам з табою”

Сайт часопіса «Ave Maria» / 2013 май
Аляксандра Іваноўская
Сябар дзяцей

Сайт часопіса «Ave Maria» / 06.12.2014
Ганна Шаўчэнка
Прынесці дадому кавалак неба

Сайт часопіса «Ave Maria» / 2015 студзень-люты
Кс. Ян Твардоўскі
У той час і цяпер
Разважанні Крыжовага шляху

Сайт часопіса «Ave Maria» / 2015 сакавік-красавік
Кс. Ян Твардоўскі
Бачыць прыяцеля
Разважанні Крыжовага шляху

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней