кастрычніцкі нумар часопіса «Ave Maria»
Ружанец… Малітва даўно мінулых часоў ці актуальная форма звароту да Бога? Аднастайная і доўгая? Ці глыбокая і дзейсная? Наколькі яна адпавядае рытму і ладу жыцця сучаснага пакалення? Пра гэта разважалі Пантыфікі на працягу апошніх стагоддзяў і пра гэта разважаюць чытачы нашага часопіса ў кастрычніцкім нумары «Ave Maria». Адпаведныя публікацыі — «Ружанец у вучэнні Пантыфікаў», «Вялікі дар для нас», «Марыя вядзе ў дом Айца Нябеснага» (сведчанне сястры Тадэі Юзэфы Аўгустын OP) — дапамогуць чытачам па-новаму зірнуць на малітву, якая традыцыйна гучыць ва ўсіх касцёлах свету ў гэтым восеньскім месяцы.
Артыкул Галіны Калевіч «Няпросты шлях паклікання» працягвае цыкл публікацый, прысвечаных Году кансэкраванага жыцця. На гэты раз героем публікацыі стала сястра Марынэса з манаскай супольнасці кармэлітак Дзіцяткі Езуса. Страта маці, цяжкое духоўнае мучэнне ў маладосці, шлях да Касцёла і ўступленне ў кангрэгацыю… Сястра шчыра дзеліцца з чытачамі сваімі перажываннямі і ўспамінамі.
Настаяцельніца сясцёр эўхарыстак у Друі Наталля Арлянковіч ў гутарцы з Ірынай Жарнасек пад назваю «Не бойцеся дзяцей» закранула вельмі балючую для нашага грамадства праблему сіроцтва, у тым ліку пры жывых бацьках. Як дзеці трапляюць у Дзіцячы дом? Як можна дапамагчы дзіцяці пераадолець дэпрэсіўны стан? Што такое патранатныя сем’і і на якія моманты трэба звярнуць увагу, калі сям’я жадае ўсынавіць дзіця? На гэтыя няпростыя пытанні сястра Наталля адказвае, абапіраючыся на багаты досвед працы з дзецьмі.
Акрамя таго, чытачы знойдуць у кастрычніцкім нумары часопіса шмат іншых цікавых матэрыялаў у рубрыках «Святар адказвае на пытанне», «Старонка псіхолага», «Школа малітвы», «На кніжнай паліцы».