Дваццаць восьмая звычайная нядзеля, год В (11.10.2015)

«І калі Езус выходзіў у дарогу, вось падбег да Яго адзін чалавек, упаў перад Ім на калені і спытаўся ў Яго: “Настаўнік добры, што мне рабіць, каб наследаваць жыццё вечнае?” Езус сказаў яму: “Чаму называеш Мяне добрым? Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог. Ведаеш запаведзі: не забівай, не чужалож, не крадзі, не сведчы фальшыва, не ашуквай, шануй бацьку свайго і маці”.

А той адказаў Яму: “Настаўнік, усё гэта я захоўваў з юнацтва майго”. Езус паглядзеў на яго з любоўю і сказаў: “Табе не хапае аднаго: ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе. Потым прыходзь і ідзі за Мною”. А ён засмуціўся ад гэтых слоў і адышоў маркотны, бо меў вялікую маёмасць.

Езус паглядзеў навокал і сказаў сваім вучням: “Як цяжка тым, хто мае багацце, увайсці ў Валадарства Божае”. Вучні дзівіліся з Ягоных слоў. Але Езус зноў сказаў ім у адказ: “Дзеці, як цяжка тым, хто спадзяецца на багацце, увайсці ў Валадарства Божае. Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае”. А яны яшчэ больш здзіўляліся і казалі адзін аднаму: “Хто ж можа збавіцца?” Езус, зірнуўшы на іх, сказаў: “У людзей гэта немагчыма, але не ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма”» (Мк 10, 17–27).

 

«Што мне рабіць?»

Няўжо юнак, які прыйшоў да Езуса, каб запытаць Яго пра вечнае жыццё, хацеў толькі пахваліцца? Так можна падумаць з самага пачатку, калі мы чуем, як хутка, з радасцю і гонарам ён кажа Хрысту, што з маладосці захоўвае запаведзі. Але, напэўна, ўсё ж гэта не ўся праўда пра юнака, здаецца, ён сапраўды жадаў нечага большага. Ён быў чалавекам, які, па людскіх мерках, меў усё, але ён ведаў, што нечага не хапае, адчуваў у сабе пустэчу і хацеў яе запоўніць. Я лічу, што ён сапраўды гатовы быў шмат заплаціць за гэта. Але ўцёк, калі Езус сказаў, што хоча ўсё.

На першы погляд, Езус назваў завысокую, шалёную цану. Толькі гаворка ішла не пра маёмасць, а пра самога чалавека і Божае Валадарства. Па-першае, Божага Валадарства нельга набыць за плату, можна толькі атрымаць яго. Пакуль чалавек думае, што можа зарабіць яго, заслужыць, ён ніколі Божага Валадарства не дасягне. Яго можна толькі атрымаць у дар. Езус кажа юнаку, каб той стаў убогім, які нічога не можа набыць, і тады Валадарства, якога ён прагне, будзе яму належаць: «Калі не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае». 

Але гэта не ўсё. Юнак адышоў маркотны, таму што меў вялікую маёмасць. Парадокс у тым, што не ён меў маёмасць, а маёмасць валодала ім. Ён быў звязаны сваім багаццем, і замест таго, каб жыць так, як прагнуў у глыбіні сэрца, ён прысвяціў сваё жыццё маёмасці, усведмляючы, што ў гэтым няма сэнсу... Пан Езус не быў да яго жорсткім, Пан Езус не жадаў забраць яго грошы, нават не казаў, што маёмасць — гэта зло. Пан Езус проста хацеў яго вызваліць. 

Гэта вельмі цяжка: як дзіця прыняць Божае Валадарства і жыць у сапраўднай вольнасці. Нават больш, чым цяжка, таму што «у людзей гэта немагчыма, але не ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма». І ў гэтым крыніца нашай надзеі. 

Пане,
Вельмі-вельмі даўно
Я сустрэў цябе па дарозе ў Ерузалем.
Была ранняя вясна.
Квітнелі міндальныя дрэвы.
Я памятаю хвіліну, калі падыйшоў да Цябе
І спытаў, што мне зрабіць,
Каб быць дасканалым.
Ты адказаў, што трэба прадаць
Усю маю маюмасць,
Грошы раздаць бедным
І ісці за Табою.
Агарнуў мяне смутак.
Я спужаўся.
Вярнуўся дадому.
А цяпер я ўжо стары,
Маю вялікую сям’ю.
Маёмасць мая памножылася ўдвая.
Людзі лічаць мяне шчасліўцам.
Я ж адчуваю ў сабе балючую пустэчу,
Голад
І безнадзейнасць,
Якія нават самым блізкім
Паказаць баюся.
Напэўна яны б мяне абсмяялі.
Мінулі гады,
А я ўсё ніяк не магу забыць
Той вясны,
Майго пытання
І міндальных дрэваў у квецені. 

                            (Раман Брандштэттэр)

Айцец Крыштаф Коц’ян OP

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней