Большы няхай будзе слугою

Дваццаць дзевятая звычайная нядзеля, год В (18.10.2015)

«Падышлі да Езуса Якуб і Ян, сыны Зэбэдэя, і сказалі Яму: “Настаўнік, мы хочам, каб Ты зрабіў нам тое, пра што Цябе папросім”. Ён жа адказаў ім: “Што хочаце, каб Я зрабіў вам?” Яны сказалі Яму: “Дай нам сесці аднаму праваруч, а другому леваруч Цябе ў славе Тваёй”. Але Езус сказаў ім: “Не ведаеце, аб чым просіце. Ці можаце піць келіх, які Я п’ю, і прыняць хрост, якім Я ахрышчаны?” Яны адказалі Яму: “Можам”. А Езус сказаў ім: “Келіх, які Я п’ю, піць будзеце, і хростам, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны, але даць сесці праваруч ці леваруч Мяне не ад Мяне залежыць, а каму падрыхтавана”.

І, пачуўшы, дзесяць вучняў пачалі абурацца на Якуба і Яна. А Езус, паклікаўшы іх, сказаў ім: “Вы ведаеце, што тыя, хто лічыцца кіраўнікамі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іх валадараць над імі. Але не так няхай будзе сярод вас: хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою; і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх. Бо і Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх”». (Мк 10, 35–45).


Большы няхай будзе слугою

Як гэта першы мае быць апошнім? Чаму першы мае служыць іншым? Ці можа Пан Езус нешта параблытаў, альбо памыліліся перакладчыкі? Ідучы за Божым словам, якое мы чуем у гэтую нядзелю, неабходна зразумець, што для таго, каб быць некім значным, трэба з усіх сілаў служыць іншым. Не толькі для таго, каб ім спадабацца і здабыць іх прыхільнасць, але таму, што толькі так можна выканаць Божы наказ. Пан Езус не кажа: «Можаце здабыць першынство альбо сілай, у барацьбе, альбо праз служэнне іншым». Ён кажа: «не так няхай будзе сярод вас». Не так, як чыніць чалавек, які хоча захапіць уладу, падпарадкоўваючы сабе іншых. Можна стаць першым толькі калі падпарадкуешся сам. Можа, гэтыя словы могуць не вытрываць выпрабавання ў сучасным свеце? Сам Пан Езус стаў тым, хто прыйшоў, каб служыць. Многія святыя, пачуўшы заклік Хрыста, прысвяцілі сваё жыццё служэнню Богу і бліжняму і праз гэта сталі найбольшымі, хоць і імкнуліся заняць апошняе месца. Бог іх узвысіў. Бог, які «скінуў магутных з трону і ўзвысіў пакорных» (Лк 1, 52). 

Айцец Павел Мажэйка OP

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней