Трыццатая звычайная нядзеля, год В (25.10.2015)
«І прыйшлі яны ў Ерыхон. І калі Езус выходзіў з Ерыхона са сваімі вучнямі і з вялікім натоўпам, Бартымэй, сын Тымэя, сляпы жабрак, сядзеў каля дарогі. Пачуўшы, што гэта Езус Назаранін, ён пачаў крычаць: „Сыне Давіда, Езусе, змілуйся нада мною!“ Многія загадвалі яму змоўкнуць, але ён яшчэ мацней крычаў: „Сыне Давіда, змілуйся нада мною!“ Езус спыніўся і сказаў: „Паклічце яго“. І паклікалі сляпога, кажучы яму: „Смялей, уставай, Ён кліча цябе“. Ён жа, скінуўшы вопратку сваю, устаў і падышоў да Езуса. І адказваючы яму, Езус сказаў: „Што хочаш, каб Я зрабіў табе?“ Сляпы сказаў Яму: „Настаўнік, каб я зноў бачыў“. І Езус сказаў яму: „Ідзі, вера твая ўратавала цябе“. І той адразу стаў бачыць, і пайшоў за Езусам па дарозе».
Пане, змілуйся…
Kirie, еlejson… Пане, змілуйся… Гэтым малітоўным заклікам пачынаюцца не толькі шматлікія літаніі, большасць з якіх прызначана для прыватнага набажэнства. Гэтыя словы гучаць і ва ўступнай частцы галоўнай літургічнай падзеі Касцёла — святой Імшы, паказваючы, што першае і асноўнае, аб чым павінен прасіць у Бога вернік — і асабіста, і ў супольнасці — гэта Божая міласэрнасць. Калі знявечаная і аслабленая грахом нашая натура не будзе пераменена Божаю любоўю — а менавіта гэта з’яўляецца сутнасцю просьбы «Пане, змілуйся», — усе нашыя пачынанні, уключна з малітвамі падзякі і праслаўлення, якія многія лічаць больш дасканалымі, чым малітвы просьбы і перапрашэння, не будуць шчырымі і сапраўднымі. На самай справе, каб узнікла ўдзячнасць, патрэбна ўсведамленне, што без таго, за што дзякуем, нам цяжка абысціся, што яно нам неабходна. А хто можа пахваліцца, што ён — самадастатковы і ні ад кога, у тым ліку і ад Пана Бога, нічога яму не патрэбна? Хіба толькі заслеплены пыхай ганарлівец, які ўспрымае просьбу аб Божай міласці як прыніжэнне ўласнай годнасці, няправільна разумеючы яе сэнс: маўляў, аб злітаванні можа прасіць толькі злачынец, якому пагражае кара, а такім сябе ганарлівец не лічыць. Але ці не з’яўляецца найгоршай карай быць назаўсёды пазбаўленым магчымасці бачыць аблічча Бога — крыніцы ўсялякай дабрыні, прыгажосці і ўвогуле шчасця? Карай за нежаданне ісці Божым шляхам, нежаданне нават бачыць, куды ідзеш… Вось так многія ідуць за сляпымі правадырамі ў бездань, пазбаўленыя Божага святла ў зямным жыцці, рызыкуючы апынуцца ў вечнай цемры. Але ўсведамленне гэтай небяспекі натхняе на просьбу: «Пане, змілуйся».
Евангельскі жабрак, ведаючы, як дрэнна быць сляпым, настойліва просіць перш за ўсё аб Божым змілаванні, ведаючы, што толькі Езус — Месія — можа яму дапамагчы. І ў гэтым сэнсе можна сказаць, што духоўна ён аказаўся больш відушчым, чым многія людзі са здаровымі вачыма, якія няправільна выкарыстоўваюць дар зроку. Ці трэба прыводзіць шматлікія прыклады, калі бяздумнае імкненне аглядаць і чытаць рэчы, якія зусім не наводзяць на думкі аб вечнасці, але, узбуджаючы спакусы і грэшныя жаданні, пагружаюць у пякельную цемру?
«Пане, змілуйся!» Гэтым заклікам мы выказваем сваю няздольнасць самастойна супрацьстаяць усяму, што засляпляе наш розум і волю. Гэтымі словамі мы таксама выказваем упэўненасць, што толькі Божая любоў адкрые нам вочы на сапраўдны стан нашай душы і дапаможа заўсёды ісці за Езусам у кірунку вечнага Святла.
Айцец Міхал Ермашкевіч OP