Па старонках лістападаўскага нумара «Ave Maria»

З першых старонак лістападаўскага нумара часопіса «Ave Maria» чытач зможа акунуцца ў атмасферу працы 14-га Звычайнага Сінода Біскупаў, які адбыўся ў Рыме 4–25 кастрычніка і быў прысвечаны тэме «Пакліканне і місія сям’і ў сучасным свеце». Удзельнік Сінода, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, распавядае пра тое, якія пытанні дамінавалі на пасяджэннях, і дае адказ на многія супярэчлівыя меркаванні, што прагучалі ў сувязі з тэматыкай Сінода ў ліберальных сродках масавай інфармацыі. Асабліва гэта датычыць дапушчэння да Камуніі разведзеных і тых, хто зноў уступіў у грамадзянскі саюз, а таксама прызнання Касцёлам аднаполых саюзаў.

Разам з айцом місіянерам Станіславам Аўгустынам, рэдэмптарыстам, чытачы змогуць адправіцца ў «віртуальнае» падарожжа па Балівіі — краіне, пра якую распавядаецца ў артыкуле «Місіянерскі досвед». Айцец Станіслаў, правёўшы там ужо трыццаць пяць гадоў, дзеліцца з намі цікавымі ўспамінамі пра самыя яркія моманты свайго служэння.

«Сімвал перамогі над смерцю» — у артыкуле пад такою назваю Ірына Жарнасек распавядае пра незвычайнае свята, якое адбылося ў Росіцы на пачатку кастрычніка, — свята кветак. Чытаючы пра ўражанні нашай аўтаркі, нясцерпна хочацца на свае вочы ўбачыць гэтыя плантацыі вяргіняў вакол росіцкага касцёла і шчодрую квецень вакол маленькіх вадаёмаў, створаных клапатлівымі рукамі айца Часлава Курэчкі. Кажуць, у кожнага чалавека павінна быць справа душы… А вынікі «кветкавай» справы айца Часлава прамаўляюць да сэрца кожнага мінака, заклікаюць задумацца пра вечнае і імгненнае, пра жыццё і паміранне…

Акрамя гэтых матэрыялаў, чытачоў чакаюць цікавыя публікацыі ў рубрыках «Школа малітвы», «Старонка псіхолага», «Год кансэкраванага жыцця», «Інтэрв’ю» і «Сведчанне». А малітоўную капілку вернікаў папоўняць малітвы да святой Кацярыны Александрыйскай, змешчаныя на апошніх старонках лістападаўскага нумара часопіса.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней