Трыццаць другая звычайная нядзеля, год В (08.11.2015)
«Сеўшы насупраць скарбонкі, Ён назіраў, як людзі кідалі грошы ў скарбонку. Многія багатыя кідалі памногу. І прыйшла адна бедная ўдава, і ўкінула дзве лепты, што складае чвэрць аса. Паклікаўшы вучняў сваіх, Езус сказаў ім: “Сапраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава ўкінула больш за ўсіх, хто кідаў у скарбонку. Бо ўсе кідалі, маючы лішак, а яна, будучы ў нястачы сваёй, укінула ўсё, што мела, увесь пражытак свой”» (Мк 12, 41–44).
Апошні грош
Прыпавесць пра бедную ўдаву, якая кідае ў скарбонку апошні грош, нараджае адзін з самых пазнавальных вобразаў у нашай культуры. Але часта мы затрымліваемся толькі на відавочным сцвярджэнні, што нават маленькі дар убогай асобы можа быць вялікім, дзякуючы яе адданасці. Калі ж разгледзець прыпавесць глыбей, становіцца зразумела, што ўдаве не столькі трэба паспачуваць, колькі ў добрым значэнні слова пазайздросціць.
Уявім яшчэ раз гэтую сцэну. Людзі кідаюць грошы ў скарбонку ў святыні. Зразумела, што гэта сведчанне агульнай адказнасці за святыню, за Божы культ. Але гэта яшчэ не ўсё. Ахвяра мае нашмат глыбейшае значэнне: у пэўным сэнсе маё «я» распаўсюджваецца на маю ўласнасць, і, даючы гэтую ўласнасць у ахвяру, я сімвалічна аддаю самога сябе, навязваю адносіны з Богам. І калі большасць людзей у гэтым жэсце казала Богу і сабе самім, што гэтыя адносіны не маюць для іх вялікага значэння, бедная ўдава цалкам даверылася Божай ласцы.
Адсюль вынікае важнае пытанне: здольнасць да поўнай адданасці. Зразумела, большасць справаў у нашым жыцці не патрабуе, каб мы цалкам прысвячалі сябе ім, наадварот, падобная адданасць сведчыла б пра глупоту або фанатызм. Але ёсць такія справы і такія адносіны, якія будуць паўнавартаснымі і паспяховымі, толькі калі мы рызыкнем аддаць усё. Я маю на ўвазе сужэнскія адносіны і адносіны з Богам. Можа здавацца, што чалавек, які не да канца адданы свайму сужэнству або адносінам з Богам, толькі выйграе, бо пакідае нешта і для сябе самога. Але ўсё наадварот — аддаючы шмат, ён не атрымлівае нічога і страчвае здольнасць жыць паўнатою жыцця. Парадаксальна, але без поўнай адданасці паўнаты жыцця не бывае. Часам трэба рызыкнуць, і аддаць сябе да канца, каб выйграць уласнае жыццё.
Цяпер нам бачная веліч беднай удавы. Яна ўмела быць адданаю да канца і мела мудрасць, дар Духа Святога, каб ведаць, што сапраўды важна, што сапраўды варта яе адданасці.
Бедная евангельская ўдава, выпрасі для нас мудрасць і мужнасць, каб мы выйгралі ўласнае жыццё.
Айцец Крыштаф Коц’ян OP