Трыццаць трэцяя звычайная нядзеля, год В (15.11.2015)
«Але ў тыя дні пасля тугі такой зацьміцца сонца, і месяц не дасць святла свайго. І зоркі будуць падаць з неба, і сілы нябесныя пахіснуцца. Тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці на аблоках з вялікай сілай і ў славе. Ён пашле тады анёлаў і збярэ выбраных сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба. Вучыцеся на прыкладзе смакоўніцы: калі галінка яе становіцца ўжо мяккай і пускае лісце, ведаеце, што блізка лета. Так і вы, калі ўбачыце, што адбываецца гэта, ведайце, што блізка той час, пры дзвярах. Сапраўды кажу вам: не міне пакаленне гэтае, як усё гэта адбудзецца. Неба і зямля мінуць, а словы Мае не мінуць. А пра дзень той або гадзіну ні анёлы ў небе, ні Сын, ніхто не ведае, а толькі Айцец» (Мк 13, 24–32).
«Неба і зямля мінуць»
Мы жывем паміж развітаннем і сустрэчай. Развітаннем і сустрэчай з Панам. Словы Евангелля, ў якіх гаворыцца аб выпрабаваннях і катастрофах, гаворыць Езус, які ўзышоў на неба. Варта, слухаючы словы Езуса, кожнаму з нас задаць сабе пытанне: «Ці асабіста я імкнуся да гэтай сустрэчы, ці прагну яе? Або наадварот, іду ў супрацлеглы бок, пазбягаючы Бога, які мяне шукае?» Мы не можам апраўдацца тым, што не ведаем куды ісці. Той, Хто назваў сябе Дарогай (гл. Ян 14, 6), вельмі выразна паказаў, як за Ім ісці. У гэты час паміж развітаннем і сустрэчай мы павінны навучыцца цярпліва чакаць, дзякуючы надзеі, знаходзіць знакі будучай сустрэчы у кожны момант жыцця, дзякуючы веры і адкрыць, што чаканне мае сэнс, дзякуючы любові. Жыццё «паміж» — гэта не уцёкі ад рэчаіснасці: «бо ўсё калісьці і так скончыцца», гэта жыццё, якое трэба пражыць адказна, каб, калі Езус прыйдзе, адказаць на Яго магчымае пытанне: «Чакаў?» — «Чакаў, Пане, яшчэ як!», «Прыйдзі, Пане Езу!» (Ап 22, 20).
Айцец Павел Мажэйка OP