12 лістапада ў галоўнай віцебскай святыні — катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага — адбылася  супольная літургія вернікаў і душпастыраў парафій грэка-каталіцкага і каталіцкага абрадаў, прымеркаваная да ўрачыстасці святога Язафата.  Службу паводле ўсходняй традыцыі ў гонар Язафата Кунцэвіча, які з’яўляецца нябесным Апекуном Віцебскай дыяцэзіі, цэлебравалі кіраўнік грэка-каталіцкай парафіі Уваскрасення Хрыстова а. Зміцер Грышан, а. Аляксандр Шыбека і а. Аляксандр Шаўцоў, дыякан Аляксей Варанко. Прыгожая літургія на ўспамін колішняга біскупа Віцебскага, а пазней — арцыбіскупа Полацкага, абраз якога ад нядаўняга часу ўпрыгожвае будынак катэдры, сталася сведчаннем і адзінства касцёла, і яднання вернікаў. 

Пра важнасць перажывання еднасці вернікаў розных абрадаў як  сведчання мацавання Касцёла нагадваў у сваім казанні падчас літургіі пастыр Віцебскай дыяцэзіі — біскуп Алег Буткевіч. Адзначаючы заслугі святога Язафата ў справе змагання за еднасць і паяднанне людзей у веры, біскуп звярнуў асаблівую ўвагу на хрысціянскую еднасць як адзін са спосабаў збаўлення. Што павінен рабіць кожны з нас, каб справа яднання набірала моц, перамагала? Як дасягнуць сапраўднага яднання? Гэтыя і іншыя пытанні гучалі падчас казання, змушалі задумацца, будзілі свядомасць, поўнілі сэрцы і душы жаданнем знайсці адказ.

Напрыканцы літургіі, пасля спеву «Магутны Божа», адбылося ўшанаванне рэліквій святога Язафата Кунцэвіча. Апошнім акордам свята сталі словы падзякі а. Зміцера Грышана біскупу Алегу Буткевічу, пробашчу парафіі Езуса Міласэрнага кс. Адама Дынаку, усім вернікам абодвух абрадаў, якія, не зважаючы на тое, што дзень быў будзённы, працоўны, удзельнічалі ў супольнай малітве. 

 {gallery}2015-11{/gallery}

Францішак Дубраўскі.

Фота Алеся Ужгародскага.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней